Ужо колькі гадоў запар Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў ладзіць вялікія выставы аўтарскіх лялек. Экспанатаў звычайна некалькі соцень. І выставы тыя маюць трывалы поспех у гледачоў. Выстава, што адбываецца ў НЦСМ (пляцоўка на праспекце Незалежнасці) зараз не такая маштабная, як згаданыя. Яна займае ўсяго толькі адну невялікую залу на другім паверсе.
Выстава называецца “Анёлы душы маёй” і ладзіцца ў памяць калекцыянера Ларысы Мяжэвіч яе мужам Уладзімірам. Створаны лялькі сямейным дуэтам Сафіі і Генры Заверушынскіх. Аўтары атрымалі мастацкую адукацыю ў Польшчы, а ўласны бізнес з выразным творчым чыннікам разгарнулі ў Злучаных Штатах. Лялек для дарослых Заверушынскія робяць ужо чвэрць стагоддзя.
Параўноўваючы гэту калекцыю з разнастайнасцю, рознастылёвасцю лялек, што мы бачылі ў Цэнтры сучасных мастацтваў раней, я б адзначыў свайго роду кананічнасць, нават класічнасць твораў Заверушынскіх. Збольшага іх лялькі адпавядаюць аднаму тыпажу, адной версіі жаночай прыгажосці, хоць і з пэўнымі нюансамі. Гэта, уласна кажучы, адна і тая ж жанчына, але з розным макіяжам, прычоскай і ў розных строях.
Магчыма, аўтары такім чынам адлюстравалі адну з галоўных якасцяў жаночай натуры — артыстызм і здольнасць да пераўтварэнняў. Жанчына на працягу дня (не кажучы ўжо пра цэлае жыццё) шмат разоў змяняе абліччы, сутнасна застаючыся нязменнай.
Сярод персанажаў выставы Папялушка і Беласнежка, Спячая прыгажуня і Прынцэса-лягушка, Чырвоны каптурык і Аліса — вандроўніца па Краіне цудаў. А прыгледзішся, дык гэта і тая дзяўчына ў розных абставінах.
А яшчэ па гэтых ляльках можна вывучаць сусветную гісторыю моды.