У Наталлі Паваляевай некалькі творчых іпастасяў. Яна ілюструе кнігі, выкладае у БДУ англійскую мову, перакладае з яе, а яшчэ са шведскай, і стварае літаратурныя тэксты сама. Яе мастацкія працы захоўваюцца ў прыватных калекцыях Злучаных Штатаў Амерыкі, Францыі, Германіі, Нарвегіі, Італіі, Фінляндыі.
“Пажарная бяспека”.
Шведскую мову пачала вывучаць пасля таго, як у часе вандроўкі ў Стакгольм у агульных рысах азнаёмілася з побытам і культурай гэтай краіны. Тады ж зацікавілася яна і народным мастацтвам Швецыі, у прыватнасці - нацыянальнай арнаментыкай на аснове раслінных матываў. На шведскай мове гэта называецца курбітс. Такія кампазіцыі складаюцца з буйных кветак і лісця. Бывае, што мастацтва дадае людзям таго, чаго ім не стае ў рэчаіснасці. Магчыма, гэта менавіта той выпадак. Прырода Скандынавіі велічная і сціплая. Там па вызначэнні не можа быць расліннасці, як ў субтропіках. Але паколькі душа прагне незвычайнай прыгажосці, людзі расквечваюць свой побыт выявамі фантастычных дрэў і кветак.
“У гасцях добра, а дома лепш!”.
Шведскі курбітс вельмі нагадвае наш народны жывапіс. У прыватнасці, — роспісы куфараў. Наталля Паваляева як творчая асоба не магла не звярнуць ўвагі на гэтую акалічнасць. Яе творы — побытавыя замалёўкі, з якіх зразумела, што жыхары тае скандынаўскай краіны не надта адрозніваюцца ад беларусаў. І адначасова — гэта дэкаратыўныя пано, дзе раслінная аздоба адыгрывае ролю не меншую за тэму і сюжэт. Ды яшчэ па ўсім відаць, што мастачка плённа працуе з дзіцячай кнігай і здольная на незласлівую іронію і мяккі гумар.
Наталля Паваляева. “Люстэрка”.
Хто паспеў паглядзець выставу, лічы, пабываў у Швецыі.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ