Інфармацыяй, якую паведамляюць пры размове відавочцы мінуўшчыны, займаецца такі накірунак, як вусная гісторыя. У шырокім сэнсе гэты метад вядомы з пракаветных вякоў — яшчэ ў часы Герадота гісторыкі скарыстоўвалі ў сваіх працах звесткі, атрыманыя з вусных паведамленняў сведкаў падзей. Але ў вузкім сэнсе, як строга акрэслены навуковы метад, вусная гісторыя сфарміравалася толькі ў ХХ стагоддзі, са з’яўленнем адмысловых тэхнічных інструментаў, якія дазваляюць дакладна зафіксаваць гаворку чалавека — аўдыё- і відэаапаратуры. Вусная гісторыя даследуе як само мінулае, так і асаблівасці памяці аб ім — шляхам запісу, захавання і аналізу інтэрв’ю са сведкамі ці ўдзельнікамі падзей. Важным складнікам прытым з’яўляецца і наступная інтэрпрэтацыя вуснай крыніцы.
Віртуальны, даступны для ўсіх
У Беларусі першыя інтэрв’ю з відавочцамі гістарычных падзей запісваліся ўжо ў паваенны час — дастаткова прыгадаць хаця б кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка “Я з вогненнай вёскі”, якая змяшчала запісы расповедаў сведкаў карных акцый нацыстаў у гады вайны. Дарэчы, у шэрагу выданняў кніга выходзіла разам з пласцінкамі, на якіх можна было праслухаць і галасы саміх відавочцаў. Гэтаксама часам запісваліся на стужку і ўспаміны ўдзельнікаў вайны, краязнаўчыя звесткі, фальклор... Аднак, так ці іначай, часам інфармацыя з гэтых запісаў падлягала рэдагаванню, страчваўся кантэкст.
Найбольшае развіццё ў Беларусі вусная гісторыя атрымала ўжо ў ХХІ стагоддзі. Сёння ў нашай краіне ў гэтым кірунку працуе дастаткова невялікае кола даследчыкаў, большасць з якіх аб’яднаныя вакол створанага ў 2011 годзе Беларускага архіва вуснай гісторыі. Гэтая грамадская арганізацыя займаецца запісам, захаваннем і папулярызацыяй успамінаў-інтэрв’ю жывых сведкаў часу. Перш гісторыкі вырашылі абагуліць тыя запісы, якія ўжо былі сабраныя на момант стварэння архіва, а таксама працягваць займацца мэтанакіраваным стварэннем новых гістарычных крыніц такога кшталту. Інтэрв’ю, сабраныя архівам, размяшчаюцца на ягоным сайце ў інтэрнэце па адрасе nashapamiac.org, дзе пасля рэгістрацыі да іх можа мець доступ кожны даследчык у любой кропцы зямнога шару.
Ірына Кашталян, якая каардынавала дзейнасць Беларускага архіва вуснай гісторыі ад яго стварэння да 2015 года, зазначае, што з вуснагістарычнымі дакументамі рэспандэнтаў, якія паходзілі з Беларусі, яна пачала сутыкацца яшчэ ў пачатку 2000-х, і тады зацікавілася гэтай тэмай. Напрыклад, нават у так званым Архіве Стывена Спілберга, створаным па ініцыятыве гэтага славутага кінарэжысёра, дзе захоўваюцца, між іншага, матэрыялы, якія ён выкарыстоўваў у час працы над сваім знакамітым фільмам “Спіс Шындлера”, сярод 50 тысяч інтэрв’ю са сведкамі Халакосту можна адшукаць больш за 600 запісаў з Беларусі.
Архівіст Вольга Іванова з 2000-х гадоў вывучала беларускія асабістыя архівы, часткі якіх у выніку тых ці іншых гістарычных падзей сёння раскіданыя па розных установах і краінах. Даследчыца заўжды цікавілася адлюстраваннем чалавека ў архіўным дакуменце. Таму цікаўнасць да вусных успамінаў як дакументаў, якія фіксуюць памяць, быў натуральным працягам яе вышукаў. Калі ствараўся Беларускі архіў вуснай гісторыі, Вользе Івановай прапанавалі, як дасведчанаму архівісту, упарадкаваць і сістэматызаваць зборы. Што ж яны змяшчаюць?
На сёння архіў утрымлівае інтэрв’ю, запісаныя амаль ад паўтара тысячы рэспандэнтаў — прычым саміх запісаў крыху больш, бо з некаторымі людзьмі адбывалася па некалькі гутарак. Агулам архіў налічвае амаль восем тысяч дакументаў — бо акрамя ўласна запісаў гутарак, даследчыкі збіраюць таксама электронныя копіі іншых відаў крыніц — фотаздымкаў, пасведчанняў і гэтак далей. Важнай формай працы з запісанымі ўспамінамі з’яўляецца іх транскрыбіраванне, апісанне, пазначэнне дат, імёнаў, геаграфічных назваў і тэм, якія згадваюцца ў інтэрв’ю. Усе гэтыя звесткі аблягчаюць даследчыкам пошук дакументаў на сайце.
Выслухаць і зафіксаваць
Беларускі архіў вуснай гісторыі займаецца не толькі захаваннем дакументаў, але і іх мэтанакіраваным зборам. Аб’яднаныя вакол архіва даследчыкі ў розныя гады ладзілі ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі экспедыцыі, прысвечаныя запісу інфармацыі аб такіх важных і трагічных падзеях гісторыі, як даваенны і паваенны голад на Палессі, калектывізацыя, далучэнне Заходняй Беларусі да СССР у 1939 годзе.
Даследчыкі адзначаюць, што выкарыстоўванне метаду вуснай гісторыі дае магчымасць для архівіста самому ўдзельнічаць у стварэнні дакумента, закласці накірункі і метады яго далейшага даследавання. Для паўнаты захавання звестак, атрыманых ад рэспандэнта, падчас інтэрв’ю адбываецца паралельная фіксацыя на аўдыё і відэа. Па-першае, гэта страхуе ад памылак тэхнікі, па-другое — дазваляе зафіксаваць каштоўную невербальную інфармацыю — рухі, жэстыкуляцыю, міміку суразмоўцы.
Каштоўнасць такіх інтэрв’ю, запісаных згодна з усімі правіламі, у тым, што яны дазваляюць найбольш дакладна і поўна зафіксаваць сведчанні аб мінулым, а пасля гэтак жа дакладна іх інтэрпрэтаваць. Гэта здымае праблему магчымай маніпуляцыі, вырывання з кантэксту. Хаця, вядома, любы вуснагістарычны дакумент мае патрэбу ў супастаўленні з іншымі відамі крыніц — бо нават сведкі падзей мінуўшчыны могуць не мець рацыі, наўмысна ці ненаўмысна скажаць звесткі.
Вусная гісторыя мае сваю методыку збору сведчанняў, і парады па запісе інтэрв’ю можна было б пералічваць доўга. Кожная гутарка патрабуе пэўнай падрыхтоўкі, складання апытальніка, выбару магчымых тэм. Але перадусім, бадай, важна проста ўважліва слухаць суразмоўцу і не перабіваць яго. Ёсць свая спецыфіка і ў выбары ды пошуку суразмоўцы: у пэўнай ступені, у вёсцы збіраць успаміны лягчэй — там патрэбнага чалавека можна сустрэць проста на вуліцы, ды й усе, збольшага, ведаюць адзін аднаго. Але і ў гарадскіх умовах збор успамінаў мае свае плюсы — тут можна, пры жаданні, запісаць успаміны людзей, якія пераехалі ў горад з розных куткоў рэгіёна ці нават цэлай краіны. Варта толькі адшукаць неабходнага суразмоўцу — і атрымаць ягоны давер.
Акрамя збору ды захавання вусных успамінаў, Беларускі архіў вуснай гісторыі надае вялікую ўвагу папулярызацыі самога гэтага накірунку. Доўгі час у навуковых колах захоўваўся пэўны скепсіс да вуснагістарычных крыніц, але прыхільнікі гэтага метаду прыкладаюць усе намаганні, каб змяніць сітуацыю да лепшага і ўмацаваць месца і ролю вуснай гісторыі ў акадэмічнай навуцы — вядома ж, пры ўмове супастаўлення такіх звестак з іншымі відамі дакументаў.
Як кажа сённяшні каардынатар архіва Андрэй Мастыка, цяпер задача асяродку палягае перадусім у папулярызацыі метаду вуснай гісторыі, распаўсюджанні ведаў аб яго прымяненні. Неабходны выхад у рэгіёны, стварэнне асяродкаў, якія займаліся б зборам інфармацыі ў розных кутках краіны, бо ахапіць усю Беларусь, як і ўсё багацце тэм, даволі цяжка. Тым часам, існуе таксама праблема імклівай страты рэспандэнтаў — сведкі мінулых гадоў няўмольна сыходзяць з жыцця, а разам з імі страчваецца і памяць аб мінулым, індывідуальная для кожнага.
Гісторыя вёскі ў памяці жыхароў
Вусныя ўспаміны сёння ўсё шырэй выкарыстоўваюцца ў навуковых і дыдактычных выданнях. Напрыклад, зусім нядаўна ўспаміны Беларускага архіва вуснай гісторыі былі выкарыстаныя ў дапаможніку “Незабытыя ахвяры вайны”, выпушчаным накладам 150 асобнікаў, які ўжо амаль цалкам разышоўся па навучальных установах краіны. На прыкладзеным да зборніка дыску можна пабачыць 104 фрагменты з 35 інтэрв’ю ахвяр нацызму.
Удзельнікі каманды архіва выкарыстоўваюць метады вуснай гісторыі і ў іншых сваіх даследаваннях. Так, напрыклад, Вольга Іванова ў 2018 годзе выдала кнігу “Прамоўленая гісторыя. ХХ стагоддзе ў памяці жыхароў беларускай вёскі”, у якой былі сабраныя ўспаміны рэспандэнтаў з розных куткоў Беларусі. А сёлета з’явілася і новая кніга даследчыцы — “Ліпляны. Біяграфія і штодзённасць беларускай вёскі”. Гэтае выданне прысвечанае ўжо канкрэтнай мясціне — аграгарадку ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці.
Кніга гэтая з’явілася сёлета па ініцыятыве бізнесмэна Ігара Жабароўскага, які нарадзіўся ў Ліплянах. Каб захаваць памяць пра гісторыю гэтай мясціны, ён вырашыў звярнуцца да адмыслоўцаў па вуснай гісторыі, якія запісалі б успаміны старажыхароў. Вольга Іванова адзначае, што ім было цікава ўзяцца за такую працу, бо Ліпляны знаходзяцца ў дужа прывабным для даследчыкаў рэгіёне — гэта так званае Убарцкае Палессе (назва — ад ракі Убарць). У сэнсе этнаграфіі і гісторыі гэта даволі архаічны, аўтэнтычны край, дзе захавалася многа слядоў мінуўшчыны. Да таго ж, існуе больш вуснагістарычных даследаванняў з захаду Палесся, чым з усходу — рэч у тым, што Заходняя Беларусь перажыла цягам ХХ стагоддзя больш змен і трансфармацый, таму, магчыма, і звяртае на сябе ўвагу гісторыкаў часцей. Тым больш цікава было цяпер паглыбіцца ў мінулае ўсходнепалескай вёскі.
Яшчэ адзін плюс у выбары Ліплян як аб’екта для збору вусных успамінаў — вёска даволі вялікая, каб можна было атрымаць рэпрэзентатыўную выбарку і скласці больш-менш праўдзівае ўяўленне аб тым, што тут адбывалася. Пятнаццаць рэспандэнтаў былі знойдзеныя ў саміх Ліплянах, а яшчэ сямёра нарадзіліся тут, але цяпер жывуць у гарадах. Дарэчы, жыхары вёскі носяць усяго чатыры прозвішчы: Казачэнка, Лось, Паўлечка і Сечка, прычым усе гэтыя роды вядомыя па дакументах яшчэ з XVIII стагоддзя. Кніга змяшчае таксама звесткі аб гісторыі Ліплян да ХХ стагоддзя, вядомыя з пісьмовых крыніц — але асноўную яе частку складаюць менавіта запісы вусных успамінаў жыхароў. На жаль, некаторыя з рэспандэнтаў за тры гады, якія прайшлі ў працы над кнігай, нават паспелі ўжо пакінуць гэты свет.
Вядома, у расповедах жыхароў, акрамя апісання штодзённасці вёскі, найчасцей згадваліся часы найбольшых узрушэнняў: голад, войны, змены ўлады. Напрыклад, адна з апавядальніц падчас інтэрв’ю раптам пачала спяваць песню на польскай мове. Гісторыкі былі здзіўленыя — Ліпляны ж былі ў міжваенны час па ўсходні бок Рыжскай мяжы. Аказалася, што маці рэспандэнткі памятала, як яшчэ падчас Савецка-польскай вайны ў 1920 годзе ў вёсцы спыняліся на пастой палякі, і салдаты спявалі песню, якую жанчына запомніла і нават перадала сваёй дачцэ. Немалое месца займаюць ва ўспамінах ліплянцаў, натуральна, і часы нацысцкай акупацыі, Халакост, аблавы, вываз людзей на працу ў Германію. Падчас Вялікай Айчыннай вайны вёска была спаленая, а яе жыхарам даводзілася хавацца сярод балот. Усе рэспандэнты безумоўна называюць гады акупацыі найцяжэйшым часам на сваёй памяці.
Дапамог пры стварэнні кнігі таксама летапіс вёскі, які вядуць яшчэ з 1970-х гадоў у тутэйшай школе. У выданне ўвайшлі і запісаныя яшчэ за савецкім часам успаміны франтавікоў, якіх даўно няма сярод жывых. Кніга таксама змяшчае звесткі аб мікратапаніміцы вёскі, музыцы і спевах, абрадах, тут можна знайсці ўзоры вясковай лірыкі, замоваў, мясцовы слоўнік. У дадатку змешчаныя спісы жыхароў, якія загінулі падчас войн ХХ стагоддзя або былі вывезеныя на працу ў Германію. Да кнігі прыкладаецца дыск, на якім можна прагледзець фільм аб вёсцы, пачуць жывую гаворку ліплянцаў, пабачыць карту гэтых мясцін 1866 года.
На жаль, з-за сённяшняй эпідэміялагічнай сітуацыі прэм’еру кнігі ў самой вёсцы давялося пакуль адкласці. Але тыя з ліплянцаў, хто ўжо меў магчымасць азнаёміцца з вынікам працы гісторыкаў, надта расчуліліся. Як ні дзіўна, з кнігі яны багата дазналіся адзін пра аднаго такога, чаго раней нават не ведалі. А значыць, задача даследчыкаў сапраўды выкананая, і метад вуснай гісторыі ў гэтым выпадку апраўдаў сябе, паказваючы, як працуе калектыўная памяць. Добра было б, каб некалі кожны склаў падобную кнігу ўспамінаў пра сваю вёску, раён ці вуліцу ў горадзе. Памяць аб нашай агульнай мінуўшчыне так і складаецца — з мноства згадак розных людзей аб малой радзіме, якая ў кожнага свая.