На гэтым тыдні чарговая выстава графікі адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы. І, як многія культурніцкія акцыі бягучага года, яна прысвечана юбілею Вялікай Перамогі і прымеркавана да Дня Незалежнасці — святаў, знітаваных самой гісторыяй. Назва “Полымя ваенных дзён” гаворыць сама за сябе.
Творы на выставу прадастаўлены Беларускім саюзам мастакоў. Іх аўтары, кожны па свойму, спазналі на сваім лёсе гэта полымя. Гэта Яўген Зайцаў, Іван Ціханаў, Сяргей Каткоў, Віктар Сахненка, Віктар Ждан, Мікалай Абрыньба, Роза Дубар, Сяргей Раманаў, Міхаіл Сеўрук. Гэта збольшага замалёўкі з натуры, маляваныя дзённікі падзей, сведкамі якіх давялося быць згаданым аўтарам.
Што ж датычыць прадстаўленых тут жа аркушаў народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча, дык значная частка іх мае літаратурную аснову. Зыходна гэта ілюстрацыі да кніг Васіля Быкава і Алеся Адамовіча. Потым яны развіліся ў самастойныя мастацкія творы, але ў іх захаваўся вобразны лад, драматызм і экспрэсія першакрыніц.
Шэраг прадстаўленых на выставе работ экспануецца ўпершыню.