Гэтыя тэзы пасуюць шмат якім жыццёвым сітуацыям. Спрацоўваюць яны і ў гісторыі народаў і дзяржаў. Вялікую Айчынную вайну нельга папросту забыць, як страшны сон. Балючая памяць пра яе — цяжар, ад якога нельга адмовіцца ці перакласці яго на іншыя плечы, перасунуць у чужую свядомасць. Вайна і перамога ў ёй застаюцца падмуркам нашай нацыянальнай тоеснасці. Гэта досвед, які наканавана зноў і зноў асэнсоўваць кожнаму пакаленню беларусаў, каб заставацца самімі сабой. І мастацтва ў гэтым працэсе адыгрывае надзвычай важную, можа нават выключную ролю.
Калі казаць канкрэтна пра мастацтва выяўленчае, дык многія шэдэўры нашых жывапісу, графікі і скульптуры ў ХХ стагоддзі тэматычна звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. “Мінск. 3 ліпеня 1944 года” Валянціна Волкава, “Партызанская мадона” Міхаіла Савіцкага, скульптура Хатынскага мемарыяла аўтарства Сяргея Селіханава, Партызанскі цыкл Арлена Кашкурэвіча, ягоныя ж ілюстрацыі да твораў Васіля Быкава і Алеся Адамовіча, творы Гаўрыіла Вашчанкі, Аляксандра Кішчанкі, Уладзіміра Тоўсціка, Георгія Паплаўскага, Льва Гумілеўскага…
Я не ведаю, якімі словамі, якой выяўленчай мовай трэба сёння звяртацца да людзей, распавядаючы пра падзеі 75-гадовай даўніны. Хутчэй за ўсё, дакладна не ведае ніхто. У наяўнасці праблема і спантанны пошук яе вырашэння. Прынамсі, з ёй сутыкнулася кіраўніцтва Беларускага саюза мастакоў, калі давялося ладзіць гэтую выставу. Рэч у тым, што тэма Вялікай Айчыннай вайны ў нашым сённяшнім выяўленчым мастацтве не культывуецца. Наколькі ведаю, апошні раз дзяржзаказ на мастацкія творы, прысвечаныя тым лёсавызначальным для краіны падзеям, быў досыць даўно — падчас стварэння экспазіцыі новага будынка музея гісторыі вайны на праспекце Пераможцаў. А рабіць нешта грунтоўнае, энерга- і рэсурсаёмістае, ведаючы, што на твор зыходна няма пакупніка, для мастака часта недазваляльная раскоша. Нават калі тэма яго хвалюе і натхняе. Вось і няма новых унёскаў у скарбонку памяці, якія б адпавядалі класу згаданых вышэй твораў, ды і не прадбачыцца ў бліжэйшы час. Тлумачыцца, нібыта, проста — грошай няма. Дагэтуль, да прыкладу, не набыты ў дзяржаўныя фонды нават цудоўны дыптых Андрэя Дубініна “Выратуй і захавай”, які створаны яшчэ ў 2009 годзе і з моманту з’яўлення на публіцы лічыцца неад’емнай часткай нашай мастацкай анталогіі Вялікай Айчыннай. Але адсутнасць грошай — толькі адзін чыннік. А вось ці мае грамадскасць мэту трымацца балючай памяці? І як суадносіцца гэта памяць з нацыянальнай ідэяй?
Пры адсутнасці новых адпаведнага класу твораў экспазіцыю да свята Перамогі давялося будаваць на аснове класікі. Зыходзячы з таго, што лепшыя творы нашых мэтраў пра Вялікую Айчынную захоўваюцца не ў падпарадкаваным Саюзу Мастацкім фондзе, а ў Нацыянальным мастацкім музеі. І спадар Пракапцоў, хоць і робіць са спадаром Отчыкам агульную патрэбную грамадзе справу, наўрад ці падзяліўся б сваім скарбам.
Як на маю думку, кіраўніцтва Саюза мастакоў няпростую сітуацыю разруліла вельмі ўдала. На выставе прадстаўлена не столькі памяць вайны (хоць ёсць і гэта), як вобразнае адлюстраванне сямідзесяці пяці мірных гадоў. Гэта не хроніка адбудовы, не летапіс дасягненняў, не жыццяпіс знакавых асоб, а шматпланавая ментальная карціна часу. Паказ таго, што хвалявала, што цікавіла людзей па меры загойвання ваенных ран.
Ды імены аўтараў гавораць самі за сябе — гэта Уладзімір Кожух, Мікалай Селяшчук, Іван Стасевіч, Уладзімір Стальмашонак, Віталь Цвірка, Ізраіль Басаў, Мікалай Залозны, шэраг творцаў з ліку мэтраў, прыгаданых вышэй. Атрымалася вельмі годная рэтраспектыва. Людзям, да мастацтва неабыякавым, будзе цікава.
Зноў нагадаю: для творчай моладзі тэма Вялікай Айчыннай не настолькі актуальная, як для папярэдніх пакаленняў. Яно і лагічна — мы ж не мазахісты, каб пастаянна жыць у палоне трагічных успамінаў. Але вось што атрымліваецца… Сыходзяць ветэраны і сведкі, новыя актуаліі адсоўваюць Вялікую вайну на перыферыю свядомасці, а тым часам гісторыю вайны дзе паціху, а дзе і нахабна перапісваюць, ды так, што нас там ужо і няма. А калі ёсць, дык не ў статусе ратавальнікаў цывілізацыі і вызваліцеляў Еўропы ад нацызму. А гэта ўжо наезд на нашу нацыянальную годнасць і абраза нашай памяці, фальсіфікацыя гісторыі, на якія трэба рэагаваць усімі магчымымі сродкамі.
Тое, што апошняе слова ў асэнсаванні Вялікай вайны будзе за нашчадкамі пераможцаў, сумнева не падлягае. Але дзеля гэтага трэба парупіцца дзяржаве, грамадству ўвогуле, і канкрэтна людзям культуры і мастацтва.
Калі я вучыўся ў мастацкай школе — а было гэта ў 60-я гады, і ваенная тэма ў выяўленчым мастацтве была дамінуючай, адзін наш выкладчык, сам ветэран вайны, гаварыў нам, малым, што аднойчы цікаўнасць да яе мусіць пайсці на спад. Гэта адбудзецца, калі з’явіцца шэдэўр, які падсумуе гэту гістарычную эпапею. Для прыкладу: Леў Мікалаевіч Талстой праз сто гадоў пасля Айчыннай вайны 1812 года “закрыў” тэму, напісаўшы геніяльны раман “Вайна і мір”. Хто б сёння не ставіў пад сумнеў тую перамогу Расіі над сіламі аб’яднанай Еўропы, усіх адсылаюць згаданую кнігу прачытаць.
Забываць нельга. Трэба асэнсоўваць далей і пераадольваць балявы бар’ер памяці, пакінуўшы ў ёй вобраз мужнасці, гераізму і нашай бясконцай удзячнасці пакаленню Перамогі. І тады боль стане сілай. Лічацца толькі з моцнымі.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ