Супрэматычны трафік
— Мінск — гэта суплёт усіх нашых дарог, — тлумачыць Аляксандр Шаппо. — І так было спаконвеку — паводле адной з версій, этымалогія назвы “Менеск” паходзіць ад слова “мяняць”. Адпаведна, ён заўсёды быў на скрыжаваннях купецкіх шляхоў. Дрэва таксама мае мноства культурных кодаў, якія кожны прачытае па-свойму.
Скульптар ужо адзначыўся на вуліцах нашых гарадоў не адным узорам яркай фігуратыўнай пластыкі — ад аскетычнага дойліда Іаана ў Полацку і да легкадумнага марачка Ромы ў Наваполацку. Аднак гэтым разам Шаппо рушыць шляхам абстрагавання і абагульнення.
— “Дрэва дарог” — гэта не звыклы для нас зубр альбо бусел, якія ўжо пераўтварыліся ў клішэ праз сваё аднолькавае прачытанне, — падкрэслівае ён. — Тут быў абраны прынцыпова іншы падыход: пошук метафар і архетыпаў.
У плане сваіх выяўленчых сродкаў скульптура даволі лаканічная. Таму дзіўна было пачуць, што праца над ёю ідзе ўжо пяты год. Зрэшты, аўтар не бачыць тут супярэчнасці: маўляў, простую форму заўсёды складана рабіць, бо даводзіцца перабіраць мноства рашэнняў, пакуль не знойдзецца аптымальнае. І першапачатковы эскіз, зацверджаны манументальным саветам, спазнаў даволі вялікую эвалюцыю — якая, дарэчы, не скончаная пагэтуль.
Скульптуру, усталяваную непасрэдна на платформе, вянчае светлавое кола, падобнае да тых знакаў, якімі гарады пазначаюць на карце. На адным з рэндараў яно чырвонае, але архітэктары цяпер абмяркоўваць і такі варыянт падсветкі, каб колер мог мяняцца. Думаецца, ідэя неблагая — ужо хаця б таму, што такія змены ў звыклым атачэнні пазітыўна ўплываюць на псіхіку жыхароў мегаполіса.
Дызайн самой станцыі нагадвае пра яшчэ адзін наш недараскручаны пакуль культурны брэнд — УНОВИС. Яго канцэптуальныя напрацоўкі ўжо не ўпершыню эфектна ўвасабляюцца ў грамадскай прасторы — і самі супрэматысты такі ўтылітарны падыход толькі віталі ды самі ўкаранялі. Хаця Аляксандр Шаппо кажа, што дзве лініі святла выклікаюць у яго вельмі канкрэтныя асацыяцыі — хуткасную шашу, запоўненую аўтамабілямі.
Разумець слова “нельга”
Падыход да аздаблення станцый метро ў свеце розны. Дзесьці пра яго думаюць і спрачаюцца, а дзесьці — не надаюць ніякай увагі. Прыкладам, у міланскай падземцы мастацкае рашэнне, можа падацца, адсутнічае як такое: паўсюль аднатонныя сцены, аднолькавая падлога...
— Але ж там ты бачыш столькі ўсяго на вуліцах, што ў цябе ажно наступае перанасычанасць: колькі ж можна! — парыруе Аляксандр Шаппо. — Маўляў, хай хоць у метро людзі адпачнуць. А ў нас што можна ўбачыць, акунаючыся ў падземку на “Кавальскай слабадзе”? Адны шматпавярхоўкі. Да ўсяго, многія турысты будуць пачынаць знаёмства з Мінскам менавіта са станцыі “Вакзальная”. А раптам яна надасць ім імпульс болей зацікавіцца горадам?
У Мінску аздабленне станцый падземкі — гэта добрая традыцыя. Адметнае мастацкае аблічча маюць калі не ўсе, то большасць з 29 наяўных. Найстарэйшыя ўжо могуць успрымацца як помнік сваёй эпосе. Аднак градус “аўтарскасці” твораў на трэцяй лініі яўна вышэйшы, чым было ў часы савецкія.
— Думаю, прычынай таму — новае мысленне сярод архітэктараў, — лічыць Аляксандр Шаппо. — Сёння творчыя асобы вельмі мабільныя, яны і працуюць за мяжой, і проста падарожнічаюць багата. Таму сваімі вачыма могуць сачыць за сусветнымі тэндэнцыямі. І разумеюць, што паставіць на “Вакзальнай”, скажам, скульптуру чыгуначніка — яно, вядома, лагічна, але… гэта ўжо не той узровень ідэй, якога вымагае сам час. Іншая справа — магчымасць канцэптуальнага “прачытання“ інтэр’ера. Таму на конкурсе сярод скульптараў выбіралі менавіта ідэі.
Тым не меней, аўтарскія творы ў дадзеным выпадку прызначаныя для прасторы, якая функцыянуе далёка не па законах мастацтва. Зразумела, гэта выклікала для скульптараў мноства складнасцяў.
— З метро раней не сутыкаўся ні разу — хіба ў ім ездзіў, — прызнаецца скульптар. — Ды і архітэктары “Метрабуда” — гэта зусім іншая архітэктурная каста. У іх іншыя задачы, іншыя патрабаванні да тых жа матэрыялаў… Таму трэба разумець слова “нельга”. Нельга ставіць мастацкую работу — нават самую геніяльную — пасярод людской плыні. Але мы мелі паразуменне і ўвесь час працавалі поплеч. Скажам, рабілі гэткае пагружэнне ў метро — стварылі макет у натуральную велічыню ды прымерылі яго да прасторы, каб не памыліцца ў маштабах і прапорцыях.
Даўся ў знакі і трагічны форс-мажор. У снежні 2018-га раптоўна адышоў у лепшы свет галоўны архітэктар трэцяй лініі Уладзімір Целяпнёў. Аднак справу мэтра, які раней спраектаваў ажно 13 станцый мінскага метро, працягнула ягоная дачка Вольга Целяпнёва і калегі Сяргей Букато і Рыгор Васільеў.
— Не магу сказаць, што праца была лёгкай, але пры гэтым яна стала цікавай і плённай, — кажа скульптар. — На мой погляд, нам удалося дасягнуць галоўнай мэты — сінтэзу паміж архітэктурай і манументальным мастацтвам. Работа добра адпавядае дызайну, а месца для яе абранае бадай ідэальна.
Пра “народ”, які “не гатовы”
Тут немінуча ўзнікае пытанне: ці няма небяспекі, што паспаліты люд не будзе счытваць усе гэтыя коды — асабліва спяшаючыся на працу або на тую ж электрычку?
— Мне не надта імпануе падыход некаторых з тых, хто далучае сябе да эліты: маўляў, мы-та прасунутыя, а вось яны — не гатовыя… — кажа Аляксандр Шаппо. — Хаця чытаючы на інтэрнэт-форумах тыя абразы, якія пасыпаліся на Косцю Селіханава пасля з’яўлення яго “Дыялога” — твора дыхтоўнага, ідэальна ўпісанага ў прастору — я не хаваў абурэння. Але бачу, што прагрэс ідзе. Памятаю, якім быў парк Чалюскінцаў гадоў 35 таму: там ніводнага ліхтара не было цэлага. І калі б хтосьці надумаўся выстаўляць на яго паркане, скажам, рэпрадукцыі твораў Руслана Вашкевіча, іх не ўратавалі б нават самыя жорскія антывандальныя меры. Але ёсць такое паняцце, як эвалюцыя, і ніхто ўжо ў гэтым парку ліхтароў не б’е, а галерэя на паркане працуе без перашкодаў. Наогул, я неверагодна здзіўлены тым, наколькі пераўвасобіўся Мінск. Я мяркую, наша гарадская супольнасць ужо гатовая да новых формаў і пераасэнсаванняў. Людзі ж навучыліся выбіраць якасныя машыны або матэрыялы для рамонту. Думаю, і са скульптурай таксама разбяруцца.
Пачуўшы нашу гутарку, да яе далучаецца бацька скульптара — вядомы мастак Уладзімір Шаппо.
— Дык што, значыць, сто гадоў таму напаўпісьменны віцебскі пралетарыят быў гатовы ўспрыняць супрэматычную аздобу горада, якую рабілі Малевіч і яго хаўруснікі, цяпер ужо публіка не гатовая? Я вельмі з’едліва ды нервова рэагую на фразу “народ не зразумее”.
— Можа, чалавек, які спяшаецца на працу і па вушы занураны ў свае клопаты, і наогул не зверне ўвагу на твор у метро, — працягвае Аляксандр. — А вось ягоны малы, які з цікаўнасцю круціць галавой… Памятаю, у дзяцінстве ў Наваполацку я штодня хадзіў у школу і назад міма смальтавай мазаікі з вялізным рабочым. Яе сюжэт мяне не надта зацікавіў, а вось колеры, тэхніка выканання... Заўсёды спыняўся, падыходзіў бліжэй. Трапляючы ў мастацкае асяроддзе, ты мімаволі фарміруешся сам. У галаве пачынаюць роіцца нейкія пытанні, на якія паступова і адказы знаходзяцца.
Скульптар верыць, што насычэнне гарадскога асяроддзя “мастацкім складнікам” адным метро не абмяжуецца — гэты працэс паступова будзе набіраць абароты. Балазе, ідэяў на гэты конт у творчых колах удосталь:
— Даўно прапаноўваў зрабіць у Мінску парк скульптуры, здатны стаць турыстычнай адметнасцю, дзе можна было б ладзіць пленэры, — кажа ён. Была ідэя ўсталяваць да 950-годдзя Мінска на праспекце Пераможцаў вялікія аб’екты розных аўтараў, прысвечаныя розным гістарычным эпохам. На жаль, пакуль нешта “не зрастаецца”. Але хочацца Чалавеку важнае пачуццёвае прачытанне свайго горада — яно і прымушае яго любіць.