Побач з работамі бразільцаў — творы, роспісы беларускіх аўтараў, што не саступаюць калегам у задуме і ўвасабленні. Дворык галерэі “У нескладовае”. На сцяне будынка мяне сустракае “аптэчная” шыльда са змяёй, што віецца вакол кубка. У інтэрпрэтацыі Уладзіміра Грамовіча знаёмы сімвал пераўтвараецца ў самастойны арт-аб’ект, поўны “лінчэўскай” тагасветнасці. Іду трошачкі далей. Alexei Antony з Магілёва і яго праца на Мінскім станкабудаўнічым заводзе, так званым “МЗОРЫ”. Мастак зрабіў свой мурал “Гармонія” на сутыку двух будынкаў, злучыўшы два пачаткі інь і ян. Яго твор можна назваць адначасова нахабным і ювелірным — “Гармонія” суседнічае з іншымі мураламі, і ўмудраецца іх “не пасварыць”.
Шпацыр у бок рэчкі прыводзіць мяне да самага нечаканага аб’екта — будынка МЗОРу, які рапісвае Захар Кудзін. “Ледзяны палёт. Гарачы космас” — так называецца яго работа, і гэта, сапраўды, тое, чаго мы яшчэ не бачылі.
— Я ставіў за мэту трансфармацыю архітэктуры, прасторы праз жывапіс, — ахвотна раскрывае “мэсэдж” свайго муралу мастак. — Я нават не называў бы работу стрыт-артам, гэта больш дакладна манументальны жывапіс.
На маіх вачах шэры і непрывабны заводскі цэх пераўтвараецца ў белы простакутнік, нават палатно з чорнымі лініямі, зігзагамі на ім. Злева бела-чорны “ледзяны палёт” ураўнаважвае ружовая паласа.
— Можна сказаць, што метафарычна і сэнсава я выбудоўваю мост паміж першабытным мастацтвам, пячорным жывапісам і мастацтвам ХХІ стагоддзя, — працягвае расповед аўтар. — Чорны і белы — гэта колеры фундаментальныя, спалучаныя з вечнасцю: мы ўспрымаем свет на кантрасце. А ружовы — гэта колер ХХ і ХХІ стагоддзя: тут і тэхнічныя моманты, і сімвалічныя дасягенні апошніх вякоў. Можна сказаць так, што ружовы сёння — гэта новы чырвоны, — смяецца Захар, выдаючы афарызм. — Менавіта гэты колер дае нам пэўны зрэз часу, у якім мы жывём.
Некалькі слоў пра аўтара. Захар вядомы сваімі падарожжамі па свеце. У прыватнасці, ён вывучаў мастацтва ў Нью-Ёрку, з’яўляецца прыхільнікам абстрактнага экспрэсіянізму, аднак далучае сябе да прадстаўнікоў нейрамастацтва, дзе колер мае вялікае значэнне — эмацыйнае і сэнсавае. Удзел у такім праекце як Vulica Brasil, прызнаецца ён, для яго і пэўны выклік, і — вялікае задавальненне.
— Я размаўляў з бразільскімі мастакамі пра іх традыцыю вулічных выказванняў, роспісаў, — дзеліцца мастак. — Бразілія з’яўлялася калоніяй Партугаліі ажно да ХІХ стагоддзя. Каланізатарам належала музейная прастора з іх “высокім” мастацтвам, а мясцоваму люду былі даступныя толькі сцены іх дамоў. Таму яны вымушаны былі выносіць свой боль і пакуты на вуліцу. Адтуль усё і пайшло.
Для беларускага мастака яго мурал — гэта магчымасць выказвання на многіх узроўнях, у тым ліку, і задзел на будучыню. Тут і праца з прасторай — сыход ад плоскасці ў аб’ём, рашэнне архітэктурных задач. Таксама Захар улічвае стомленасць гараджаніна ад візуальнага шуму, яго застрэсаванасць. Белы завод — гэта і своеасаблівы адпачынак для вачэй, рэлаксацыя. Ды яшчэ росчыркі чорнага па белым могуць нагадаць камусьці кантрастнасць прыродных з’яваў — прысутнічае і нечаканы лірычны матыў.
— Вярнуўшыся дадому пасля падарожжаў, я стаў чэрпаць натхненне ў наваколлі, у беларускай прыродзе, — прызнаецца Захар Кудзін. — Такіх аблокаў, як у Беларусі, я нідзе не бачыў. Сваё натхненне я пераўтварыў у пэўны культурны код. Мой вобраз, можна сказаць, закадзіраваны, але ён абсалютна не перашкаджае гледачу ствараць свае асацыяцыі.
Мастак падкрэсліў, што Vulica Brasil — гэта не толькі выдатная пляцоўка для ўзаемадзеяння з іншымі мастакамі, рэалізацыі сваіх ідэй, а прыклад для пераймання культурнай дыпламатыі.
— На жаль, беларускія творцы такога праекта не маюць. А, пагадзіцеся, гэта была б выдатная магчымасць прасоўваць нашу культуру ў такім эфектным фармаце, — падсумоўвае ён.
“Ледзяны палёт. Гарачы космас” быў завершаны літаральна на гэтым тыдні. Пабачыць мурал можна па адрасе: вул. Кастрычніцкая, 16, к.3. Найлепшы выгляд адкрываецца з боку рэчкі.
Фота Юліі САВІЧ і Захара КУДЗІНА