Спачатку складана, а потым — не адарвацца.
— Самы першы набор аніматараў у Акадэмію быў яшчэ ў 1990-я — пад кіраўніцтвам Ігара Волчака і Уладзiміра Пяткевіча. З гэтага выпуску 1998 года выйшлі добра вядомыя сёння аўтары, так бы мовіць, сярэдняга пакалення: Наталля Хаткевіч, Марына Карпава, Вольга Рыбіна, сёстры Цітовы… А далей усё заснула ажно на дзесяць гадоў. Толькі ў 2008-м навучанне маладых аніматараў ініцыяваў колішні мастацкі кіраўнік анімацыйнай студыі “Беларусьфільма” Алег Белавусаў. Гэта той чалавек, які прывёў мяне ў анімацыю, таму, калі ад яго паступіла прапанова выкладаць, я не здолеў адмовіць. На жаль, Алег Паўлавіч літаральна праз год з пачатку навучання моцна захварэў і папрасіў мяне давесці яго курс разам з Аленай Пяткевіч, якая працавала на студыі. Місію сваю мы тады выканалі і выпусцілі, на мой погляд, таленавіты курс. Руслан Сінкевіч, Марыя Лук’янава, Раман Бурмакоў, Алег Торбік, Маша Матусевіч, Воля Вахоніна — амаль усе яны цяпер працуюць, калі не ў анімацыі, дык у індустрыі гульняў, дзе аніматары карыстаюцца попытам.
Па шчырасці, я тады збіраўся ўжо сыходзіць з Акадэміі. Але ў тым жа годзе здарылася новая аказія. Алена Турава разам з Валерыем Казловым запланавалі зрабіць новы набор па той самай спецыяльнасці. Аднак спадара Валерыя з нейкіх тэхнічных прычын у Акадэміі мастацтваў не зацвердзілі як выкладчыка — і зноў прыйшлося далучыцца, закрываць прагалы. На пачатку было складана: на шэсць месцаў тады падалося шэсць чалавек, і некаторыя з будучых рэжысёраў нават малявалі з цяжкасцю. А ў нашай прафесіі гэта — неабходны базіс. Мае чаканні, адпаведна, моцна знізіліся, але ў выніку дыпломныя работы, якія ўрэшце ўбачыў, аказаліся вельмі нядрэннымі. Асабліва магу вылучыць стужку Play for today Дар’і Дзядок — гэткую карціну-мрою, якая падалася мне і тэхнічна цікава зробленай, і па настроі вельмі кранальнай.
Хтосьці з мэтраў казаў пра нашу прафесію: “Увайсці ў яе складана, утрымацца — цяжка, а сысці — немагчыма”. Вось і з сёлетнімі выпускнікамі адбылося, падаецца, штосьці падобнае: спачатку было складана, а потым — не адарвацца. Спадзяюся, яны застануцца ў анімацыі — нягледзячы на тое, што вымушаны зараз самастойна шукаць месца працы. На студыю, на жаль, бяруць толькі аднаго чалавека.
База для мультытэхнічнасці
Зараз распачынаем новы набор разам з Аляксандрам Ленкіным. Плануецца ўзяць на бюджэт шэсць чалавек і чуў, што канкурэнцыя такі будзе. Ёсць спадзяванні на два чалавекі на месца — і гэта добры знак.
За часы працы я пераканаўся, што аднаму весці курс вельмі складана: практычна нераэльна. У нас і так не хапае спецыялістаў: па гісторыі мультыплікацыі, па сумежных дысцыплінах, і пытанне, якой мусіць быць сёння адукцыя для аніматараў, актуальнае як ніколі. Абмяркоўваюцца новыя стандарты навучання ў гэтым кірунку ў Расіі. У краінах Балтыі і Польшчы гэта таксама тэма для плённых дыскусій паміж экспертамі — выпрабоўваюцца розныя падыходы. Мяркую, і беларусам варта задумацца пра тое, як рыхтаваць такіх “штучных” спецыялістаў, што яны мусяць умець.
Я хацеў бы, каб нашы студэнты мелі магчымасць патрапіць на майстар-класы да слынных аніматараў — такіх майстроў, як, напрыклад, Міхаіл Алдашын, уладальнік “Оскара” ў анімацыі Аляксандр Пятроў. Гэта вельмі пашырае творчыя гарызонты. Прычым цалкам рэальна запрасіць іх у нашу Акадэмію даць некалькі ўрокаў.
Яшчэ адна праблема — сітуацыя з тэхнічна-матэрыяльнай базай. Сёння ў Акадэміі ёсць анімацыйны станок, і гэта вялікая дапамога ў навучанні. Але ў ідэале ў кожнага аніматара мусіць быць сваё рабочае месца. Анімацыя — надзвычай матэрыялаёмістая, рэсурсаёмістая галіна дзейнасці — на каленцы мала што можна зрабіць. Таму крывіць душой не буду — неабходна абсталяванне. Мы будзем толькі рады, калі ў студэнтаў з’явіцца магчымасць працаваць на сапраўдным рабочым месцы, а не ўмоўным.
Асабіста я сваёй задачай лічу даць студэнтам базу класічнай анімацыі — каб яны мелі ўяўленне пра самыя розныя тэхнікі. Тым больш, нашай традыцыі ўласцівая, так бы мовіць, мультытэхнічнасць. Таму перакладка, пясочная анімацыя, малюнак, лялька — усё гэта я даю абавязкова. Што да камп’ютарных сучасных праграм… дэфіцыт выкладчыкаў тут навідавоку. Усяму, чым сам валодаю, я навучу, а астатняе ўжо залежыць ад жадання маладых.
Увогуле, у нас вялікі недахоп спецыялістаў сярэдняга звяна — анiматараў, прарысоўшчыкаў, людзей, якія робяць кампазiтынг. Таму рэжысёрам даюцца амаль усе навыкі, каб яны маглі цалкам самастойна зрабіць фільм. З аднаго боку, гэта складана, з іншага — забяспечвае іх дадатковай страхоўкай у прафесіі і магчымасцю не залежыць ад іншых.
Што далей?
Што будзе заўтра ў анімацыі — не ведае ніхто. Напэўна, з’явяцца новыя камп’ютарныя праграмы, якія неабходна будзе засвойваць, каб выходзіць на вялікія рынкі. Аднак не ведаць спадчыну класічнай анімацыі, на маю думку, недахоп яшчэ горшы. З такім падыходам можна зноў вынайсці ровар, які ўжо даўно паехаў.
Я выпускнік Вышэйшых курсаў сцэнарыстаў i рэжысёраў. Дзякуй Богу, мне пашчасціла заспець вялікіх майстроў ды ў іх і павучыцца. І сваёй місіяй я бачу захаванне пераемнасці пакаленняў аніматараў.