— Што натхніла вясковага школьніка некалі стаць акцёрам?
— Я хадзіў у Дашкавіцкую сярэднюю школу, якая была пабудавана сто гадоў таму. Усе аднавяскоўцы заўсёды казалі, што гэта самая лепшая школа на свеце, бо там было цудоўнае навучанне і мудрыя настаўнікі. Калі вучыўся, прымаў удзел у розных школьных мерапрыемствах, тэатральных пастаноўках, канцэртах. Хацеў паступаць у Маскву ў тэатральны інстытут, потым — у цыркавое вучылішча ў Кіеў. Адзінае, што мяне палохала тады — адлегласць да маёй роднай Свіслачы. Таму выбраў самы блізкі горад — Гродна, куды пасля школы і паступіў у культасветвучылішча. А пасля яго заканчэння мяне запрасілі ў Слонімскі беларускі драмтэатр, зусім тады малады.
— І як сустрэў вас Слонім?
— Мастацкі кіраўнік і стваральнік тэатра Мікалай Варвашэвіч сустрэў мяне прыязна. Але… замест сцэны я трапіў у бальніцу. Праз пэўны час мне патэлефанаваў Мікалай Фёдаравіч і сказаў: “Хопіць ляжаць, зараз табе прывязуць п’есу “Папялушка”, вучы ролю блазна і хутчэй выпісвайся”. Гэта была мая першая роля на прафесійнай сцэне.
У тэатры Слоніма, які толькі пачынаў сваё жыццё, я працаваў і артыстам, і адміністратарам. Ездзіў у Маладзечна, Асіповічы, Вілейку, дзе арганізоўваў спектаклі, прадаваў білеты, збіраў грошы, а пасля ў касцюме свайго героя бег на сцэну выконваць ролі.
— Значыць, рэжысёр Мікалай Варвашэвіч стаў для вас настаўнікам?
— У мяне было шмат добрых педагогаў, але сваім галоўным сцэнічным настаўнікам лічу менавіта Мікалая Фёдаравіча. На вялікі жаль, яго ўжо няма з намі.
— На сцэне Слонімскага драмтэатра вы сыгралі дзясяткі разнастайных роляў, як у спектаклях для дзяцей, так і для дарослых. Ці ёсць у вас улюбёныя героі, якія запомніліся і якіх хочацца іграць і іграць?
— Вядома, ёсць. Пісар у спектаклі “Лекі ад кахання” Уладзіслава Галубка, сяржант Дзюба ў “Сабаку з залатым зубам” Уладзіміра Сауліча, Бальзамінаў у “Жаніцьбе Бальзамінава” па п’есе Аляксандра Астроўскага. Вельмі люблю Цярэшку Калабка з “Трыбунала” Андрэя Макаёнка, які паставіў у нас рэжысёр Віктар Небальсін.
— Адна з апошніх сур’ёзных вашых роляў — гэта вобраз Тараса ў спектаклі “Тарас на Парнасе” па п’есе Сяргея Кавалёва ў пастаноўцы рэжысёра Васіля Сяўца. Тэатральныя крытыкі на фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску летась станоўча яе ацанілі.
— Тарас — гэта добры, спагадлівы чалавек, які на Парнасе становіцца мудрым кіраўніком, ласкавым бацькам сямейства Зеўса. Роля даволі цікавая, смелая, адкрытая, у ёй можна шмат імправізаваць, ствараць. І я яе іграю даволі проста і шчыра.
— Ці лёгка сёння быць артыстам у такім горадзе як Слонім?
— Сёння ўсюды артыстам працаваць даволі цяжка. Заробак вельмі сціплы, пражыць на яго немагчыма. Таму і я, і мае калегі, і тыя ж мінскія артысты працуюць на некалькіх работах. А я не гультай. У першыя гады свайго жыцця ў Слоніме нават трымаў парсючка! Люблю нешта майстраваць, люблю прафесію будаўніка. Для мяне не з’яўляецца цяжкасцю, напрыклад, насіць цэмент, класці цэглу — карацей, фізічная праца. Хаця, вядома, лепш было б, каб я працаваў толькі ў тэатры і атрымліваў добры заробак, якога мне хапала б на жыццё.
— Чаго, на вашу думку, не хапае сёння прафесійным тэатрам у невялікіх гарадах?
— Лічу, трэба часцей наладжваць абменныя гастролі: нам бываць у тых жа Маладзечне, Пінску, Мазыры, Бабруйску, а таксама ў Мінску і ў абласных гарадах. Шмат дзе мы за 28 гадоў ніводнага разу не выступалі са спектаклямі. Нам трэба воля, прастора для творчасці. Але пакуль не вылазім з садкоў і школ Гродзеншчыны і Брэстчыны, бо трэба выконваць планы. Якое пры такіх абставінах можа быць сцэнічнае мастацтва, якая можа быць вядомасць наша хаця б у межах краіны?
— З якім настроем акцёр Уладзімір Навумік сустракаў 50-годдзе?
— Настрой розны. Але я яшчэ малады, таму ёсць жаданне працаваць, а таксама кахаць, тварыць, рабіць адкрыцці і ў жыцці, і на сцэне. Стомы ў мяне няма.
Сяргей ЧЫГРЫН