Ля самага Міжземнага мора
— Аказваецца, ты з’ехаў у Ізраіль, пакінуў радзіму.
— Алег, адкуль гэта — “з’ехаў”, “пакінуў”? Я заўсёды адносіўся да еўрапейцаў, якія папросту раз-пораз перабіраюцца з адной часткі свету ў іншую. І ў мяне з’явілася магчымасць паказаць дзецям іншыя краі. У Беларусі ў маім жыцці было шмат добрага, там (у нас? — А.К.) дапамаглі сыну, калі ён сур’ёзна захварэў: больш за два гады мы шукалі лячэнне па ўсім свеце, а знайшлі дома. І толькі за гэта я кожны раз, калі гляджу на сына, дзякую беларускім лекарам. А жывём мы на поўдні, каля мора, у Ашдодзе — горадзе з добрай інфраструктурай.
— І чым там цяпер займаешся?
— У першую чаргу мовай: як гаворыцца, хочаш адчуваць сябе паўнавартасна — вучы мову той краіны, дзе жывеш. Ізраіль наогул аказвае каласальную дапамогу “новенькім”, і мове навучае бясплатна. Гэта — краіна магчымасцяў: калі ёсць талент і ўменне ў нейкіх сферах, то тут лёгка знайсці тых, каму гэта спатрэбіцца. Адно з маіх уменняў — камп’ютарны дызайн. Ім ужо таксама пачынаю займацца.
— Музыку закінуў?
— Што ты! Я сур’ёзна абнавіў хатнюю студыю, каб можна было рабіць усё — ад запісу вакалу да мастэрынгу. І праца ідзе поўным ходам. Па прапанове расіян рыхтуюцца матэрыялы “Ди-Бронкса & Натали” да перавыдання, для чаго паднятыя зыходнікі дваццацігадовай даўніны. Пішу іншым артыстам, ды і сабе таксама. Але самае галоўнае — разам з Наташай Кудрынай, маёй партнёркай па гурце і блізкай сяброўкай, рыхтуем новы музычны праект. Гэта сур’ёзнае пачынанне, і Наташа нават прылятала да мяне, таму што для старту была неабходная яе непасрэдная прысутнасць.
— Чаму дуэту не ўдалося зачапіцца ў Расіі, куды ён так моцна рваўся? Альбом з актуальнай на 1990-я гады музыкай у яго меўся — “Зона сусветнай вечарынкі”. Пасля перапеўкі “Балалайкi” з рэпертуару Алы Пугачовай, кліп на якую закруцілі дашчэнту, дзверы ў постсавецкі шоу-бізнес для праекта расчыніліся шырока.
— Так, некалькі гадоў мы гастралявалі ад Брэста да Сібіры, жылі ў Маскве, удзельнічалі ў розных праектах, зараблялі і ўкладвалі ў творчасць. Ты назваў першы альбом, але другі — “Зямля Мары” — быў яшчэ
больш паспяховым, менавіта ён паўгода ўваходзіў у топ-5 самых прадаваных расійскімі “піратамі” рускамоўных альбомаў. Але адбылася звычайная для шоўбіза гісторыя: асабістыя інтарэсы кожнага незаўважна сталі важнейшымі за агульныя. Я з’ехаў жыць у Піцер, Наташа — спяваць за мяжу. А прадзюсара, які б сказаў: “Сябры, засуньце сваё асабістае куды глыбей”, у нас не было. Але ў выніку мы атрымалі велічэзны жыццёвы досвед.
— Меламанам са стажам памятны канфлікт, калі з “Ди-Бронкса...” сышла першая вакалістка Наталля Арцёмава. Яна па-ранейшаму цябе шарсціць за тое, што ты нейкі час выкарыстоўваў яе галасавую фанаграму, пад якую ў дуэце адкрывала рот іншая дзяўчына?
— Мы з Арцёмавай былі зусім розныя. Хоць бы ў тым, што яна з джаза, з выдатнай профільнай адукацыяй, а я — на 100% чалавек танцавальнай музыкі. У рэшце рэшт, я стаў завадатарам творчага разводу, пры гэтым кожны мог скарыстацца агульнымі напрацоўкамі. Замест гэтага яна абрала варожасць. А я прапанаваў іншай Наташы — Кудрынай, на той момант салістцы аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, супрацоўнічаць са мной. За чатыры дні мы запісалі і звялі восем песень, з якімі тут жа і пачалі працаваць. Уласна, з 1996 года Кудрына і з’яўляецца салісткай дуэта.
Але нядаўна здарылася нечаканае. Пры падрыхтоўцы перавыдання па прапанове яго ініцыятараў мы сталі зрэдку мець зносіны з Арцёмавай, абмяркоўваючы некаторыя дэталі праекта. Так што час сапраўды лечыць усё!
— Паспеў ужо зразумець, што за мелодыі папулярныя ў Ізраілі?
— У краіне жывуць выхадцы літаральна з усяго свету, таму і музычная культура пярэстая. У адным канцэрце можа быць усё — ад лацінаамерыканскіх танцаў да модных рытмаў. Ёсць фольк, ёсць гламурныя зоркі сённяшняга дня. Вядома, джаз! Вялікае ўздзеянне амерыканскага шоубіза, але… на каго ён не аказвае ўплыву?
— На Беларусь. Скажы што-небудзь пра яе сённяшнюю поп-музыку.
— У яе прыйшла новая хваля артыстаў і аўтараў, але пры гэтым яны не адціскаюць “старых”, таму што, уласна, дзяліць няма чаго — адсутнічае рынак. Так, запісваюцца песні і альбомы, здымаюцца кліпы, але гэтых песень, альбомаў і кліпаў я не чую і не бачу “ў масах”. Бяда 90% беларускіх артыстаў у тым, што яны ўвогуле не ўкладаюць грошы ў прасоўванне свайго матэрыялу. Запісаў нехта песню, аддаў на радыё, дзе ёсць знаёмыя, і чакае, калі яна сама сябе “раскруціць” і зробіць яго багатым і знакамітым. А ўкласціся ў сацсеткі, у спецыяльныя рассылкі, не кажучы ўжо пра тое, каб нейкімі “фішкамі” прыцягнуць цікавасць да сябе і новай песні — няма ні ўмення, ні жадання. Ні грошай — бо адкуль жа ім узяцца, калі нічога не рабіць? Вось і хваляць адзін аднаго тыя, чые імёны нічога шырокай публіцы не гавораць. Гэтую “ўнікальнасць”, дарэчы, адзначаюць усе мае замежныя калегі, якія хоць неяк разбіраюцца ў беларускім шоу-бізнесе.
Прыходзячы — сыходзь
— Ты доўгі час працаваў у Белтэлерадыёкампаніі дырэктарам музычна-забаўляльнага вяшчання. Памятаецца, з тваім удзелам адбывалася музычнае перафарматаванне каналаў.
— Калі ў 2000-х музыка ў маім жыцці “ўстала на паўзу”, у ім з’явілася тэлебачанне. Спачатку я прыйшоў на СТБ — у 2003-м, калі структураванага музычнага вяшчання там не было, толькі асобныя праграмы. Крок за крокам мы і сталі фармаваць усю музычна-забаўляльную частку канала. Пазней гісторыя паўтарылася: дзіўна, але музычная дырэкцыя на БТ да часу яго прыходу была расфармаваная. Мы яе зноў стварылі, сабралі моцную каманду, пачалі рабіць прыкметныя праекты, вярнулі жывы гук у амаль цалкам фанаграмнае музычнае тэлебачанне. Годзе ў 2010-м штотыднёвых тэлепраектаў у нас было больш за дзясятак, плюс святочныя шоу, фестывалі і конкурсы.
— Што сёння, па-твойму, адбываецца ў музычным сегменце БТ?
— Суб’ектыўна кажучы, не хапае прафесіяналаў — і ў музыцы, і на тэлебачанні. Паўтаруся, цяпер у Беларусі артыст не жадае (а часта і не можа) укладваць у сябе, плаціць за якасць. І паступова колькасць музычных праектаў зменшылася. Былі вышэй рэйтынгі, якія прыносілі больш рэкламы і грошай — былі сродкі на новыя ідэі. Сёння запусціць у Беларусі хоць бы сярэднебюджэтнае забаўляльнае тэлешоу — задача фактычна непад’ёмная. На тэлебачанні пакуль эканомяць на ўсім — дэкарацыях, святле, піратэхніцы. А потым глядач думае — чаму ў Расіі, Украіне могуць, а ў нас — “недашоу”? На самай справе і ў нас могуць, але... Хацелася б, каб ствараліся перадумовы для аднаўлення ў Беларусі шоу-бізнесу, часткай якога з’яўляецца і забаўляльнае ТБ.
— Пайшоў ты і з цэнтра “Спамаш”, прапрацаваўшы ў ім гады два. Так моцна яго прыма “дастала”?
— Справа не ў Ланской (Алёна бывае вельмі мілай, бывае звышпатрабавальнай, але гэта ўсё нармальна, яна такая і ў адносінах да сябе), а ў тым, што дырэктар прадзюсарскага цэнтра — гэта не ў крэсле сядзець і планы будаваць, а штодзённая адміністрацыйная работа. У той час, калі ў маім жыцці з’явіўся “Спамаш”, я зноў стаў шчыльна займацца музыкай. І немагчыма адной паловай мозгу якасна выконваць адміністрацыйныя функцыі, ездзіць з артыстамі па Беларусі, а другой — пісаць песні і аранжыроўкі. Вось і ўся прычына майго растання.
Лехаiм!
— Як увогуле адчуваеш сябе?
— Ведаеш, столькі ў жыцці падзей — новая краіна, усмешлівыя людзі, знаёмствы, сям’я і бацькі побач, што ўсё толькі стымулюе на творчасць! Жыву са стопрацэнтнай упэўненасцю, што нельга прачынацца з думкай “о, яшчэ адна паскудная раніца!” Жыццё, бывае, б’е адчувальна. Але адзін пачне скакаць на месцы, галосячы “ой, балюча, за што?!”, а другі пойдзе далей. Самае цікавае заўсёды наперадзе, трэба ісці!
Даведка
Дзяніс ШПІТАЛЬНІКАЎ, 41 год. Нарадзіўся ў Гомелі. У 1999 годзе скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “журналіст тэлебачання і радыё”. Заснавальнік і нязменны ўдзельнік дуэта “Ди-Бронкс & Натали”, аўтар песень, прадзюсар.