Справа не ў колькасці сімфоній (а іх ажно 16, чым у ХХІ стагоддзі рэдка можа пахваліцца хтосьці з сусветных кампазітараў). Справа ў іх канцэпцыйнасці — філасофскай і ўласна музычнай. Сваімі творамі ён не “распавядаў гісторыі”, а прымушаў задумацца. Пры ўсёй іх мастацкай прывабнасці, структурнай адточанасці (нотка да ноткі — як цаглінка да цаглінкі, каменьчык да каменьчыка), архітэктурнай выверанасці (ад старадаўніх храмаў да фантазій Гаўдзі), галоўнай дзейнай асобай заставалася жывая чалавечая думка.
Ён заўсёды быў наперадзе. У 1960-я адным з першых пачаў актыўна звяртацца да заходняга авангарду, прыйшоўшы ў выніку да закладання асноў беларускага постмадэрну — з акцэнтам менавіта на яго беларускасці. У 1970-я пераасэнсаваў паэзію Янкі Купалы савецкага часу, выявіўшы ў музыцы сваёй араторыі “Паэт” яе сапраўдны, зусім не “аддана камуністычны” сэнс. Звярнуўся да беларускай даўніны, стварыўшы ў 1978-м першую рэдакцыю оперы “Сівая легенда” (яе другая рэдакцыя — у цяперашнім рэпертуары нашага Вялікага тэатра), а праз два гады — оперу “Францыск Скарына”, якая была ўвасоблена на тэлебачанні. У 1991-м зрабіў сучаснае музычнае прачытанне беларускай оперы ХVIII стагоддзя “Апалон-заканадаўца, ці Рэфармаваны Парнас” Рафаэла Вардоцкага.
Дзмітрый Смольскі першым у Беларусі з’яднаў з сімфанізмам рок, якім зацікавіўся яго сын Віктар, стаўшы сусветна вядомым гітарыстам. Спачатку напісаў некалькі рок-кампазіцый, якія выконваліся (неверагодна па тых часах!) у справаздачным канцэрце Саюза кампазітараў. Потым — дзве сімфоніі з электрагітарай, абсалютна розныя не толькі па задуме, але і па ролі саліруючага інструмента.
Выкладчыцкая дзейнасць кампазітара ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — асобная, вельмі значная частка яго жыцця. Выпускнікі класа Смольскага складаюць сёння ядро сучаснай беларускай музыкі. Усе яны вельмі розныя: Дзмітрый Браніслававіч ніколі не імкнуўся зрабіць з іх “маленькіх смальчанятаў”. Але кожны — з адметным канцэпцыйным мысленнем і добрым веданнем аркестравых сродкаў. Менавіта гэтыя якасці і развіваў у іх знаны майстра.
Юбілейная вечарына кампазітара (улетку яму споўнілася 80), запланаваная 17 кастрычніка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, пройдзе ўжо без яго. Але будуць гучаць яго творы. Так, музыка Дзмітрыя Смольскага павінна гучаць! І не толькі ў сувязі з пэўнымі датамі. Бо гэта не проста даніна памяці, а наша сучаснасць, убачаная і адлюстраваная вачыма вялікага мастака.
Рэдакцыя "К" смуткуе аб страце такой постаці ў беларускай музыцы і выказвае спачуванні сям'і, сябрам і калегам Дзмітрыя СМОЛЬСКАГА.