На ёй прадстаўлены творы мастакоў, якія пайшлі з жыцця адносна нядаўна, пакінуўшы па сабе яшчэ не асэнсаваную намі творчую спадчыну. Пры жыцці яны займалі розныя прыступкі сацыяльнай лесвіцы, мелі розную ступень вядомасці, папулярнасці, славы. Хтосьці з іх быў ушанаваны высокімі званнямі і прэміямі, натуральна глядзеўся ў прэзідыумах і на прэзентацыях. А хтосьці ніколі не з’яўляўся на авансцэне, сціпла пражыў жыццё ў шчыльным коле сяброў і сваякоў. І каб не прыналежнасць да Саюза мастакоў, дык, мабыць, ніхто, акрамя блізкіх, не заўважыў ягонага сыходу. Але па той бок мяжы — перад Богам — усе роўныя. Таму я проста нагадаю імёны мастакоў, чые творы былі прадстаўленыя ў гэтай экспазіцыі, і хто ўжо ніколі не возьме ў рукі пэндзаль ці аловак.
Гэта Анатоль Бараноўскі, Антон Бархаткоў, Гаўрыла Вашчанка, Рыгор Данчанка, Іван Дмухайла, Арлен Кашкурэвіч, Аляксандр Кішчанка, Тодар Копша, Яўген Кулік, Яўгенія Ліс, Віктар Маркавец, Леанід Марчанка, Алег Маціевіч, Аляксей Пятрухна, Міхась Рагалевіч, Вольга Раманоўская, Леанід Раманоўскі, Мікалай Рыжыкаў, Валерый Свістуноў, Георгій Скрыпнічэнка, Уладзімір Стальмашонак, Віктар Сташчанюк, Уладзімір Сулкоўскі, Анатоль Сухан, Кастусь Харашэвіч, Сяргей Цімохаў, Генрых Ціхановіч, Ян Ціхановіч, Яўген Ціхановіч, Алесь Чартовіч, Пётр Шарыпа, Віктар Шматаў, іншыя.
Пры жыцці гэтыя творцы не былі аднадумцамі на ідэйнай глебе ці паводле эстэтычных прыярытэтаў. Такую выставу немагчыма спланаваць: фаталізм быцця ў спалучэнні з непрадказальнай жыццёвай выпадковасцю стварыў гэты мастацкі кантэкст. Паколькі мастакі вельмі розныя, на выставе атрымалася праўдзівая панарама беларускага мастацтва другой паловы ХХ стагоддзя. Мастацтва, дзе быў звыклы ў сваёй побытавасці рэалізм, нацыянальны рамантызм, спробы адаптацыі да сусветных трэндаў і глыбокае шанаванне ўласных каранёў. Наведванне гэтай выставы — гэта як падарожжа ў блізкае мінулае дзеля асэнсавання дня сённяшняга і разумення дня заўтрашняга.
На выставе не было пафасных твораў. Хіба што ілюстрацыі “ранняга” Яўгена Куліка да “Слова пра паход Ігараў”. Але яны вельмі цікавыя як дакумент культурнай гісторыі. Бо дакладна перадаюць час, калі ідэйная беларушчына, яшчэ не маючы грунтоўна распрацаванай уласнай міфалогіі, шукала апірышча ў існуючых культурных рэаліях. Ці то куратар Таццяна Гаранская палічыла, што пафас не пасуе канцэпцыі выставы, ці ягоная адсутнасць вынікае з таго, што творы на выставу збольшага прадаставілі са сваіх прыватных збораў сваякі памерлых мастакоў. А дома людзі перад вачыма наўрад ці будуць трымаць выяву бітвы пад Оршай. Хутчэй нешта цёплае, душэўнае — нацюрморты, партрэты блізкіх. Краявіды мясцін, што запалі ў сэрца і памяць. Цеплыня — гэта тое слова, якое найбольш дакладна характарызуе выставу.
Кажуць, паглядзі на цагліну — і зразумееш, колькі прастаіць дом. Калі творчасць прадстаўленых на выставе мастакоў —- гэта цаглінкі светабудовы, дык наш беларускі дом трывалы і надзейны. Гэтых мастакоў пры рознасці стылістык і тэматык яднае сумленнае стаўленне да сваёй працы і шанаванне адвечных каштоўнасцяў, сярод якіх на першым месцы —- Радзіма. Кожны з іх адлюстраваў у сваёй творчасці, кіруючыся сваім досведам і інтуіцыяй, тыя ці іншыя рысы нашай зямлі. Гэта атрымліваецца нібыта само сабою; маляваў, думаючы пра сваё, асабістае, а ў выніку атрымалася — пра Беларусь.
Некаторых з гэтых творцаў я ведаў даволі блізка. Віктар Шматаў, Віктар Маркавец, Пётр Шарыпа, Віктар Сташчанюк… Мабыць, не адзін я прыйшоў на гэту выставу, каб пабачыцца з сябрамі, якіх ужо няма. На выставе думалася не так пра мастацтва, як пра жыццё. Пра добрыя словы, якія не паспеў ім сказаць, пра не напісаныя ім лісты, пра сустрэчы, якія не адбыліся, бо ў жыццёвай завядзёнцы не заўжды знаходзіцца час на сяброў. А цяпер вось яны пішуць мне і нам лісты. З неба…