Некалькі гадоў таму давялося пабываць на ўрачыстасцях да ўгодкаў бітвы на Беразіне 1812 года. Пабачыць рэканструкцыю баявых дзеянняў атрымалася дзякуючы здымачнай групе “Беларускага відэацэнтра”, які ў той час займаўся фіксацыяй сучаснай гісторыі, — у іх аўтамабілі аказалася вольнае месца. На свае вочы пабачыў, як фарміруецца (з улікам патрабаванняў да адзнятага матэрыялу) сучасная відэахроніка. Сёння ўжо няма такой арганізацыі як “Белвідэацэнтр”. Адпаведна, сучасная гісторыя фіксуецца спарадычна — дакументалістамі, мясцовымі і нацыянальнымі тэлеканаламі, грамадскімі арганізацыямі і ўладальнікамі відэакамер, у тым ліку ў смартфонах. Гэтыя відэаархівы належна не ўпарадкаваны і не прааналізаваны, пра што неаднаразова казалі супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, якія наракаюць, як ні дзіўна, на недахоп сучасных відэахронік.
Але праблема не толькі з фіксацыяй знакавых мерапрыемстваў. Шмат казалася на старонках “К” пра важнасць захавання на відэа абрадаў, многія з якіх знікаюць на нашых вачах разам з іх носьбітамі. І калі абрады апошнім часам сталі рэгулярна ўносіцца ў спіс нематэрыяльнай спадчыны, што садзейнічае іх фіксацыі, то тэхнікі народных майстроў могуць быць незваротна згубленымі. Неаднаразова ў раёнах чуў расповеды пра ўнікальных людзей, якія маглі б праславіць не толькі свой раён, але і краіну. Вось толькі мала дзе гатовы паказаць “відэакурс народнага майстра”. Дзесьці няма тэхнікі, дзесьці — распараджэння кіраўніцтва, а сям-там не задумваліся пра гэта...
Многія школьнікі не толькі не ўяўляюць жахі Вялікай Айчыннай вайны, ды і пра паваеннае жыццё ў Савецкім Саюзе маюць павярхоўныя веды — а гэта побыт іх бацькоў і дзядоў. Таму адзначу грамадскія ініцыятывы па фіксацыі нядаўняй гісторыі накшталт конкурсу відэаінтэрв’ю “Згадаць усё: вера за савецкім часам”, прысвечанага 70-годдзю пакутніцкага спачыну святога Серафіма Жыровіцкага. У савецкі перыяд за буйнымі падзеямі незаўважанымі засталіся лёсы людзей, якія захоўвалі свае перакананні насуперак абставінам. Таму гэты перыяд дае нам узоры мужных учынкаў, праведных жыццяў і духоўнага подзвігу вернікаў і духоўных асоб. Але гісторыя рэлігійнага жыцця ў Беларусі ў ХХ стагоддзі маладаследаваная. Аднак мы можам даведацца пра яе ад непасрэдных сведкаў часу. Яны маглі як на ўласным досведзе зазнаць пераслед за вызнанне веры, так і быць відавочцамі антырэлігійнай прапаганды, разбурэння храмаў. Для таго, каб прыняць удзел у гэтым конкурсе і падобных яму імпрэзах, неабходна зняць на відэа ўспаміны чалавека старэйшага пакалення. Словам, толькі ад нас залежыць, наколькі поўнай і праўдзівай дойдзе да нашчадкаў наша нядаўняя і сучасная гісторыя, наколькі багатымі застануцца веды пра традыцыі.
Фота Юрыя ІВАНОВА