На адным з наведаных аўтарам ранішнікаў.
Ніколі не задумвалася над тым, што касцюмы малых на навагодні ранішнік могуць быць такімі гаваркімі. І адлюстроўваць агульнаграмадскія тэндэнцыі, густ, захапленні, узровень інтэлектуальнага развіцця, тыя ці іншыя ідэі…
Дзіцячыя святочныя касцюмы ў Беларусі ХХІ стагоддзя зараз вельмі лёгка класіфікуюцца. На проста прыгожыя: сукенкі, кашулі, чаравічкі, банты, маскі і гэтак далей. На гістарычна нам звыклыя (з дасавецкіх і савецкіх часоў): вавёрачкі, сняжынкі, зайчыкі, снягуркі, анёлы і мальвіны. На сусветную класіку ўсіх часоў і народаў: піраты, эльфы, каўбоі, мушкецёры, іншапланецяне. Ну і на новыя павевы, калі казаць менавіта пра беларусаў: спайдэрмэны, бэтманы, сонікі ікс, зора, дыснэеўскія прынцэсы...
Адчувалася, што тыя маскарады арганізаваны не толькі, каб парадаваць дзяцей. Гэта і бацькоўскія спаборніцтвы ў справе вынаходніцтва і арыгінальнасці. І нічога дрэннага ў тым не бачу, хутчэй — канстатую факт. Нашы парасткі маюць магчымасць і Дартам Вэйдарам адчуць сябе, і Халкам, і Рапунцэль, і Чабурашкам. З дапамогай старэйшых, канешне.
Зразумела, ніякіх айчынных персанажаў я на шэрагу гэтых ранішнікаў не сустрэла. Чаму “зразумела”? Мо таму, што няма ў нас такіх культавых прывабных герояў з кніжак, мультфільмаў, коміксаў ці проста выцягнутых з масавай культуры (хіба хакейны зубр з апошніх гадоў). І сапраўды, ну не ў Міколку ж Паравоза апранацца дзецям? Хаця можна звярнуцца да той жа міфалогіі. Наш фальклор багаты на незвычайных і адметных істот кшталту русалак ці дамавікоў, перуноў ці зюзяў. Можна, урэшце, “пагуляць” з адаптацыяй вобразаў гістарычных асоб — кагосьці з тых жа Радзівілаў ці Агінскіх, Вітаўта ці Рагнеды. Ды мой каменьчык не ў гарод бацькоў паляцеў. Грамада, за рэдкім выключэннем, спажывае тое, што культывуецца наўкола.
Асобнай увагі заслугоўваюць сцэнарыі для ранішнікаў. З вышыні маіх гадоў (ха-ха-ха, насамрэч я сама нядаўна чытала вершы пад такой жа елкай) бачу, як моцна халтураць на гэтай справе. І становіцца крыўдна, бо дзеці зараз максімальна разумныя, кемлівыя, прагрэсіўныя, а прапаноўваюць ім нейкае “шыла”, як той казаў. “Дзіцячыя карпаратывы” сталі добрай нагодай зарабіць ці, наадварот, сэканоміць. Навошта напружвацца, калі можна “начыніць” сюжэт папсовымі Машай і Мядзведзем, фіксікамі, смяшарыкамі (зноў жа, беларуская анімацыя не ў трэндзе). Вышэйназваныя карціны нельга не адзначыць як якасныя (“Маша і Мядзведзь” увогуле зараз абсалютны хіт у Еўропе). Але ж тое, як жорстка і часцяком бесталанна эксплуатуюцца гэтыя мульцікі, можна лічыць злачынствам і ў адносінах да інтэлектуальнай маёмасці, і да дзяцей і іх псіхікі.
Новы час патрабуе новых лідараў, герояў. Для дзіцячага ўспрымання ў тым ліку. Мы хочам верыць у станоўчую, харызматычную, непрымітыўную асобу, хай сабе і кіношную. Гэта адчувальна нават па тым, што я бачыла на ранішніках, падрыхтаваных як прыватнымі, так і дзяржаўнымі калектывамі. Дзецям і дарослым не хапае больш увасабленняў дабра і справядлівасці. Можа, менавіта таму з’явіліся і Пітар Паркер, і Гары Потар. І калі нашы творцы такіх прыкладаў не даюць, то мы і надалей будзем пазычаць іх у замежжы. Інакш не атрымаецца? А можа, галоўнае, каб у нашых дзяцей увогуле былі героі і добрыя прыклады перад вачыма.