Адзін нумар “Культуры” традыцыйна прыношу ў бібліятэку, што побач з маім домам. І там ёсць свае чытачы “Культуры”. Шкада толькі, што газету не прыносяць у бібліятэку па падпісцы. Магчыма, гэта жаданне “сэканоміць” грошы. Але ці ж можна на культуру шкадаваць?
З часам гэткая эканомія ўсім нам выходзіць бокам… Усё больш у нас сустракаецца людзей з нізкім узроўнем агульнай культуры, хаця і маюць яны машыны, планшэты, смартфоны, выходзяць у Інтэрнэт. Але і хамства навокал стае…
Мне ўжо 68 гадоў, з якіх амаль шэсцьдзесят карыстаюся адной і той жа мінскай бібліятэкай №3. Раней у ёй выступалі такія пісьменнікі як Іван Мележ, Уладзімір Карпаў, Іван Грамовіч, Міхась Скрыпка, Міхась Калачынскі… Ды і чытачоў было куды больш, чым сёння… Шчасце, што сама бібліятэка яшчэ захавалася. Яна хай сабе і сціпла, але робіць сваю добрую справу… Туды прыходзіць шмат людзей сталага веку, але ёсць і школьнікі — усе тыя, хто працягвае сябраваць з кнігай. Некалькі гадоў таму бібліятэку хацелі зусім зачыніць, але чытачы яе пакуль адстаялі.
Хачу выказаць вялікую падзяку бібліятэкару Тамары Лук’янчык, сапраўднаму прафесіяналу, якая дасканала ведае сваю справу, заўсёды ветлівая з чытачамі, гатовая прапанаваць ім новыя літаратурныя здабыткі.
Я перакананы: бібліятэкі павінны быць, каб не “абваліліся” нашы чалавечыя душы.