Не будзе перабольшваннем сказаць, што міжнародны поспех беларускага балета распачаўся менавіта з Лідзіі Ражанавай. Разам са сваім партнёрам Валерыем Міронавым яна была першай з нашых артыстаў, каму ўдалося калі не прарваць жалезную заслону, дык, прынамсі, праз яе прасачыцца. Іх нумар “Вясна” на музыку Эдварда Грыга, паказаны ў далёкім 1949 годзе падчас Міжнароднага фестывалю моладзі і студэнтаў у Будапешце, выклікаў сапраўдны фурор. Пасля гэтага пара атрымала рэдкі для савецкіх артыстаў статус “выязных”.
Лідзія Ражанава |
Яшчэ адзін яркі эпізод яе кар’еры — удзел у знакамітай Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве, што прайшла ў 1955 годзе. Лідзія Станіславаўна выйшла на сцэну Вялікага тэатра ў балеце “Палымяныя сэрцы”, які ставіў запрошаны ў Мінск балетмайстар-карыфей, народны артыст СССР Аляксей Ермалаеў.
— Ён прыехаў у Мінск і стаў выбіраць выканаўцу галоўнай ролі, — згадвае балерына. — Прагледзеў усіх, і… ніякай рэакцыі мы ад яго не дачакаліся! Доўга марудзіў ён з выбарам, прымушаючы нас моцна перажываць. І раптам даведваюся: абралі мяне! Я ажно затрымцела ад хвалявання. Усе жыццёвыя турботы ў адзін момант адышлі на другі план — хаця акурат тады іх не бракавала. Працаваць давялося вельмі напружана. Памятаю, у самы складаны момант, калі ўжо ледзьве не апускаліся рукі, Аляксей Мікалаевіч, які заўсёды вылучаўся сваёй строгасцю, прамовіў: “Не будзьце дурніцай, усё павінна атрымацца”.Час засведчыў, што ён меў рацыю.
Пасля дэкады Лідзія Ражанава атрымала званне народнай артысткі БССР. Але кар’ера балерыны нядоўгая. Пакінуўшы сцэну ў 1968 годзе, Лідзія Станіславаўна не пакінула тэатр, які за дваццаць гадоў працы стаў для яе родным, вырашыўшы стварыць там музей. Стала збіраць дакументы, старыя фотаздымкі і афішы, творы мастакоў-сцэнографаў.
Тым, як ідуць справы ў музеі,цікавіцца яна і дагэтуль, хаця самой дабрацца да опернага тэатра для яе ўжо надта складана.
Ды навіны пра яго рэстаўрацыю, што з’яўляюцца ў СМІ, яна ніколі не пакідае па-за ўвагай. Хвалюецца, трохі перажывае, бо хоча, каб усё атрымалася як найлепш. І згадвае пра сваё першае ўражанне ад велічнага гмаху, калі яна толькі прыехала з Масквы ў 1947 годзе. Тады юная балерына напісала маме: “Гэты тэатр здаецца нават большым за Вялікі”.
На пытанне пра сваю самую любімую ролю артыстка адказвае:
— Ведаеце, я ўсе іх любіла, бы родных. Маё амплуа — лірычнае, гульнёвае. Даводзілася неяк паўдзельнічаць у “Дон Кіхоце”, але хутка зразумела, што гэта не маё. Мне пашчасціла танчыць у выдатных балетах, і кожны пакінуў па сабе самыя лепшыя ўспаміны: і “Лебядзінае возера”, і “Баядэрка”, і “Спячая прыгажуня”, і “Шчаўкунок”, і “Князь-возера”, і “Салавей”… Кожная роля нялёгка мне давалася, часам сумнявалася, перажывала, хвалявалася, ды ў выніку ўсё атрымлівалася. У маім жыцці было мноства яркіх, незабыўных момантаў...
На сцяне пакойчыка Лідзіі Ражанавай — яе партрэт, падораны зачараваным ёю невядомым мастаком з Яраслаўля. Кранальны, рамантычны, папраўдзе “лебядзіны” вобраз, у які лёгка закахацца. Напэўна, ёй вельмі хочацца помніць сябе і заставацца менавіта такой — прынамсі, паводле светаадчування.
“Малая Клава” ператварылася ў палкую іспанку
Пачатак сваёй прафесійнай кар’еры Клаўдзія Дзі Машыё-Савіцкая ўспамінае ахвотна і дэталёва. “Зорачку” самадзейнай сцэны чыгуначнага клуба Жлобіна вырашылі адправіць у сталіцу паступаць у музычны тэхнікум. Чатырнаццацігадовая дзяўчынка паехала туды зусім адна.
Быў 1934 год.
— Апранулі мяне, абулі, далі тры рублі, набылі квіток, сказалі: “Як выйдзеш — сядай на трамвай № 1, і толькі на яго”, — з усмешкай распавядае артыстка. — Я так і зрабіла, і неўзабаве дабралася да Дома Урада. Заходжу туды са сваёй вялікай круглай валізкай, а на вахце мяне міліцыянер спыняе: “Дзяўчынка, ты куды гэта?” Адказваю: “Да Рыгора Паўлавіча (загадчыка аддзела культуры, ці, па-сучаснаму кажучы, міністра)”. “А навошта ён табе патрэбны?” Не разгубілася і адказала: “Я буду спяваць!” Ён усміхнуўся і прапусціў мяне.
Я тады ўпершыню ліфт пабачыла. Бегма з яго выскачыла — і ў кабінет да Рыгора Паўлавіча. Ён убачыў мяне і ўсклікнуў: “Вой, малая Клава прыехала!” На нейкім канцэрце яму ўжо даводзілася мяне чуць, таму і памятаў. “Есці хочаш?”— пытаецца. “Ды не, — адказваю. — У мяне з сабой акраец хлеба і брусок сала прызапашаны”. Ніколі гэтага не забуду!Клаўдзія Дзі Машыё-Савіцкая. |
Потым селі на яго машыну і паехалі ў тэхнікум. Выявілася, што ўсе месцы там ужо былі заняты. Але Рыгор Паўлавіч настаяў, каб мяне ўсё ж паслухалі, і нават сам сеў за раяль. Я заспявала “Салаўя” Аляб’ева, і тады прафесар Новікаў пагадзіўся са мною займацца.
Ужо праз тры гады, у трыццаць сёмым, маладая спявачка ўвайшла ў склад трупы толькі што арганізаванага тэатра музкамедыі. Вайна заспела яе на гастролях; паводле нейкага шчаслівага збегу абставін, спектакль, у якім яна брала ўдзел, быў тэрмінова “перакінуты” з Заходняй Беларусі ў Смаленск. Ліхія гады артыстка правяла ў Маскве — і таксама на сцэне.
А па заканчэнні вайны яна ўвайшла ў склад ансамбля 3-яй ударнай арміі маршала Жукава і пражыла тры гады ў Германіі ў доме па суседстве з Арловай і Русланавай. Часам тром спявачкам даводзілася суседнічаць і ў адной канцэртнай праграме.
Вярнуўшыся на радзіму, Клаўдзія Маркаўна абрала для сябе ніву эстрады, ды аб’ездзіла з канцэртамі, не раўнуючы, увесь Савецкі Саюз. І можа цяпер распавесці, як аднойчы падчас рызыкоўных (з прычыны надвор’я) гастролей на Поўначы слухачы аддзячылі артыстам поўнымі валізкамі грошай: маўляў, бярыце, бо нам яны тут усё адно не патрэбны.
У яе рэпертуары былі самыя розныя рэчы — у тым ліку і нумар з кастаньетамі. Сапраўды, і знешнасцю, і асабліва тэмпераментам яна нічым не саступае іспанскім прыгажуням. А вось у дзіўным яе прозвішчы асаблівай інтрыгі няма: проста муж спявачкі меў далёкія італьянскія карані.
Імпэту ў яе не бракуе і цяпер. Яна актыўна ўдзельнічае ў хоры інтэрната, зусім не бянтэжачыся з той прычыны, што да ўзроўню вялікай сцэны гэты калектыў не дацягвае, з’яўляецца старастам праваслаўнай суполкі. Нават на пошце дапамагаць хапае ў яе сілы — бо на месцы сядзець не прызвычаеная. А калі папросяць, можа зрабіць педыкюр — жанчыны застаюцца жанчынамі незалежна ад свайго веку.
Ну і, вядома,не абыходзіцца без яе ўдзелу ніводзін вечар адпачынку. Каб іх разнастаіць, на дапамогу прыходзяць усё тыя ж кастаньеты. Разам з артыстычным уменнем. Вось і цяпер усе нецярпліва чакаюць 8 сакавіка.
— Танцы ў нас весела ладзяцца, — апавядае загадчык клуба Ала Сідарава. — Людзі адкладваюць убок свае кавенькі і нават часам на іх забываюцца.
Жыхары інтэрната, хто да танцаў не схільны, маюць нямала спосабаў творчага баўлення часу. Тут працуе і студыя выяўленчага мастацтва, і гурткі вязання, вышыўкі, саломкапляцення — балазе, сама Ала Сідарава майстрыха на ўсе рукі. У шыкоўных інтэр’ерах будынка раз-пораз чуваць старыя нягучныя песні, а Чэслаў Высоцкі акампаніруе ім на
мандаліне. Раней людзі іх спявалі толькі ўлетку, на вуліцы. Але цяпер гэтая ініцыятыва “знізу” аформлена ў гурток, і надвор’е ўжо на яе не ўплывае.
... На пытанне, як яна ацэньвае ўзровень сучаснай поп-музыкі, Клаўдзія Маркаўна адказала канкрэтна і лаканічна: ніяк.
— Хіба можна выходзіць на сцэну напаўголымі? — паціскае яна плячыма. — Ды і ўвогуле, большасць таго, што я бачу па тэлевізары, зусім не радуе — прафесійнымі артыстамі многіх нашых спевакоў пакуль не назавеш. Хаця ёсць, вядома, і добрыя выканаўцы. Прыкладам, мне вельмі імпануе Георгій Калдун. Ён умее паводзіць сябе на сцэне густоўна — а гэта вельмі істотна. Бо многія не адчуваюць спецыфікі песні і не разумеюць, што зухаватыя танцы не заўсёды дарэчы. Як можна танчыць, калі песня з трагічнымі ноткамі?
Пра канцэрты пад фанаграму
Клаўдзія Савіцкая даведалася праз той самы тэлевізар. У яе “зорныя” часы такое магло падацца адно пачварнай фантазіяй. Ды і мікрафон яна ўпершыню пабачыла ў студыі гуказапісу, падчас стварэння пласцінкі.
— Мяне і без калонак было добра чуваць, — смяецца яна. — Выступаць даводзілася і ў полі, з кузава грузавіка падчас шэфскіх канцэртаў. Якая ўжо тут фанаграма?
У Інтэрнат ветэранаў вайны і працы Клаўдзія Маркаўна патрапіла выпадкова: завітала сюды з канцэртам ад Саюза тэатральных дзеячаў і… Тут ёй спадабалася. Тым болей, блізкія людзі — муж ды маці — на той час пакінулі ўжо гэты свет, а значыць, і яе. У захапленні яна ад гэтай установы і цяпер: шчыра дзякуе людзям, якія дбаюць пра яе камфорт, і ніколі не наракае на меню.
Мусіць, зоркам мінулага “зорная” хвароба не надта ўласціва…
Ілля СВІРЫН