— Даволі часта даводзіцца чуць думку аб тым, што раённыя метадычныя цэнтры ў сённяшніх умовах не патрэбныя. Маўляў, у Інтэрнэце столькі метадычных распрацовак розных клубных мерапрыемстваў, што бяры, спампоўвай, а пасля і “ўкараняй” у сваёй установе культуры. Наколькі падобныя разважанні слушныя?
— У вашым пытанні прагучалі два словы — “метадычныя распрацоўкі”. Маўляў, РМЦ сёння займаюцца толькі тым, што распрацоўваюць сцэнарыі ды выдаюць метадычкі. Падобнае меркаванне вельмі распаўсюджана. Але гэта не зусім так. Напрыклад, у нашым абласным метадычным цэнтры на кожны жанр — адзін спецыяліст. Так, вядучы метадыст па вакальна-харавым жанры адказвае за акадэмічныя, народныя, эстрадныя калектывы і індывідуальных выканаўцаў, за адбор на конкурсы “Еўрабачанне”, “Зорка ўзышла над Беларуссю…” і гэтак далей…
— Ён, так бы мовіць, выступае ў ролі “найвышэйшага” эксперта і дарадцы для шматлікіх калектываў вобласці…
— Так. Каб тая праца, якую робяць раённыя метадычныя цэнтры, — адбор, стварэнне ці падтрымка розных калектываў, вылучэнне на прысваенне званняў і гэтак далей, — вялася на высокім, прафесійным узроўні… І ў раёнах, дзякуючы менавіта такім спецыялістам-знаўцам, ужо ведаюць, што нельга спяваць пра “два кавалкі кілбаскі” ці пад дрэнную фанаграму… Да таго ж гэты чалавек можа і падказаць, дзе зрабіць запіс добрай фанаграмы, прапанаваць цікавы рэпертуар, правесці семінар, арганізаваць фестываль, які, дарэчы, патрэбны кіраўнікам калектываў і іх удзельнікам, каб мець уяўленне аб сваім узроўні выканальніцкага майстэрства, каб ведаць, як працуюць іншыя, і годна прадстаўляць свой раён на абласным, рэспубліканскім ці нават міжнародным узроўнях…
— Адсюль — сустрэчнае пытанне: наколькі забяспечаны высокакваліфікаванымі кадрамі метадычныя цэнтры ў раёнах Гродзеншчыны? І нават абласны цэнтр?
— Не ва ўсіх РМЦ аднолькава — і па колькасным (ад 4 да 10 штатных адзінак), і па якасным складзе. Важна, каб спецыяліст, які туды прыязджае, знайшоў прымяненне сваім уменням і ведам… Бо калі чалавек захоплены сваёй працай, ён і спецыяльную літаратуру пачытае, і будзе збіраць разнастайныя матэрыялы па тэматыцы сваёй працы, і на курсы павышэння кваліфікацыі з’ездзіць, і прыме ўдзел са сваімі напрацоўкамі ў тым або іншым абласным ці рэспубліканскім мерапрыемстве… Важна таксама, каб было жыллё і годны заробак…
— Гэта, мабыць, агульная праблема не толькі для Гродзеншчыны, але і для ўсіх іншых абласцей Беларусі: не едуць “у глыбінку” названыя спецыялісты — і ўсё тут…
— Сапраўды, праблема падобная існуе. Нават не ва ўсіх раённых метадычных цэнтрах на сёння ёсць спецыялісты па харэаграфіі, рэжысуры, не кажучы ўжо пра сяло — іх сапраўды там не хапае… Некаторыя клубы ўзначальваюцца былымі работнікамі пошты, фельчарска-акушэрскіх пунктаў, устаноў адукацыі, якія не з’яўляюцца спецыялістамі нашай сферы. На мой погляд, адно з выйсцяў з гэтай сітуацыі — даваць накіраванні на вучобу клубным работнікам раёнаў, магчыма і аплачваць іхнюю адукацыю з абавязковым далейшым размеркаваннем і гарантыяй прадстаўлення жылля…
— А наколькі спрыяе вырашэнню агучанай праблемы вучоба на аддзяленні павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў работнікаў культуры — так званых абласных курсах, якія, дарэчы, ладзяцца ў будынку Гродзенскага АМЦНТ? Ці запатрабаваныя яны ў раёнах?
— Я лічу, што курсы — гэта выдатная школа для клубных работнікаў вобласці. Я гэта добра ведаю, таму што многія нашыя вядучыя метадысты чытаюць там свае лекцыі. Для слухачоў цягам тыдня ці двух ладзяцца майстар-класы, у тым ліку на базе вядучых аматарскіх калектываў Гродна, прапануюцца метадычныя выданні, дэманструюцца відэаматэрыялы па розных накірунках клубнай дзейнасці і многае іншае. І вяртаючыся да сябе ў раён, гэты чалавек ужо дакладна ведае, што ён будзе рабіць цягам пэўнага перыяду ў тым або іншым накірунку сваёй дзейнасці. Па водгуках слухачоў абласных курсаў, дзякуючы мясцоваму матэрыялу і працы з кожным канкрэтным спецыялістам, наша падчас дае раённым культработнікам больш, чым тое ж навучанне ў Мінску…
— Не магу не задаць пытанне пра аптымізацыю. Ці моцна яна вас закранула?
— Закранула і, дарэчы, ударыла па кадравым складзе. А скарачэнне сеткі клубных устаноў паставіла пад пагрозу выкананне Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады. Я пераканана: праз пэўны час мы зразумеем усю карысць ад таго, што адбываецца. Але цяпер, калі ідзе працэс станаўлення і рэарганізацыі, многія — у тым ліку не толькі супрацоўнікі раённых метадычных цэнраў, а і Дамоў рамёстваў ці сельскіх клубаў, — адчуваюць сябе досыць няўпэўнена, перажываюць. Таму часам і шукаюць новыя месцы працы. Але гэта, хутчэй за ўсё, праблемы пераходнага перыяду.
— На нядаўнім Міжнародным форуме ў Магілёве дырэктар Цэнтра народнай культуры Літвы Саўлюс Ліаўса казаў пра тыя захады, якія прымаюцца ў яго краіне, каб зацікавіць моладзь народнымі традыцыямі. Гэта і распрацоўка моднага аддзеня і абутку з нацыянальнай сімволікай, пастаноўкі вулічнымі тэатрамі свят і абрадаў ды многае іншае. Ці варта браць на ўзбраенне падобныя інавацыі беларусам?
— Адказ на пытанне варта пачаць з таго, што, на жаль, сёння маладых людзей на сяле вельмі мала — і дзяцей, і школьнікаў. І гэтая тэндэнцыя характэрна не толькі для Гродзенскай вобласці. Таму сёння прывабліваць моладзь народнымі спевамі ці танцамі ды іншымі відамі народнага мастацтва вельмі складана. Гэта факт. Таму я пераканана, што і сельскую моладзь, і гарадскую варта зацікаўліваць падобным чынам, ствараючы моду на нацыянальнае: на сімволіку, спевы на роднай мове, танцы, гульні… І гэта той вопыт, які ёсць і ў нас таксама. Напрыклад, фестываль “Танцуем па-даўнейшаму”, што ладзіцца на Лідчыне, раённыя тэатры моды з выкарыстаннем элементаў традыцыйнай культуры, некаторыя імпрэзы рэгіянальнага фестывалю абрадаў і рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны”… Іншая справа, што, на маю думку, цікавасць да традыцыйнай культуры не павінна прышчапляцца сілком, гвалтам. Трэба, каб зацікаўленасць народнай культурай у моладзі ўзнікала арганічна, як бы сама па сабе…
— І што для гэтага трэба рабіць метадычным цэнтрам?
— Мне падаецца, надышоў такі час, калі моладзь сама пачала цікавіцца нацыянальнымі традыцыямі. Гэта адбываецца і праз музыку, і праз майстар-класы ткачых ці ганчароў, і праз тэлебачанне і газеты, і праз увагу да беларускай мовы і культуры ў грамадстве і дзяржаве… І ўзнікае інтарэс, і нават мода на беларускія ручнікі, фенечкі, кашулі, бранзалеткі, торбы і гэтак далей. Таму і метадычным цэнтрам, і Дамам рамёстваў ці фальклору варта падтрымліваць гэтую тэндэнцыю. А час пакажа, ці стане яна мэйнстрымам у беларускім грамадстве або толькі модай для асобнай — магчыма, і даволі колькаснай — групы як маладых, так і сталых жыхароў Беларусі.
Фота аўтара