Ці застаўся б вядомым нашчадкам бурмістр Якуб Бабіч, калі б не займаўся мецэнацтвам, а апекаваўся адно толькі справамі свайго магістрата? Што ж, цалкам магчыма. Але… Вядомасць гэтая, як мне здаецца, наўрад ці перасягнула б межы і сцены ягонага роднага горада…
Гэта я да таго, што багатыры як у Старажытным Рыме часоў Гая Мецэната, так і ў старадаўняй Беларусі (згадаю хоць бы Хадкевічаў, Радзівілаў, Сапегаў) заўсёды ведалі: калі хочаш, каб пра цябе памяталі як сучаснікі, так і будучыя пакаленні, дык не толькі зарабляй грошы, а і ашчаджай іх на выданне кніг, тэатральныя пастаноўкі, будаўніцтва храмаў ці набыццё твораў мастацтва… Карацей, укладай у культуру. І тады павага ды пашана людзей да цябе захаваецца і праз стагоддзі…
Не варта і казаць, што аксіёма гэтая не траціць сваёй актуальнасці і ў нашыя дні. Таму сёння прыкладамі спонсарства ці мецэнацтва ў сферы культуры ў розных краінах свету здзівіць наўрад ці магчыма. У тым ліку і ў Беларусі. Айчынныя “нашчадкі” Гая Мецэната ды Якуба Бабіча актыўна падтрымліваюць такія знакавыя культурныя акцыі, як Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, Міжнародны тэатральны форум “ТЭАРТ”, фестывалі Юрыя Башмета і Уладзіміра Співакова, акцыю “Ноч музеяў” і многія іншыя. А яшчэ дапамагаюць набываць нашым музейным установам унікальныя ды старадаўнія рэчы, звязаныя з гісторыяй краіны. Згадаю хоць бы пра экзэмпляр Статута ВКЛ, які не так даўно атрымаў Музей гісторыі Магілёва, або пра карту “Літва” з атласа старадаўняга фламандскага картографа Герхарда Меркатора, перададзеную мецэнатам Нацыянальнаму гістарычнаму музею Беларусі.
Іншая справа, што ў многіх краінах свету пад увесь гэты мецэнацкі рух падведзена адпаведная заканадаўчая і нарматыўная база. Напрыклад, у Францыі тая асоба, якая займаецца дабрачыннасцю, мае права на зніжэнне падаткаў, а ўласнік будынка, што з’яўляецца гістарычным помнікам, можа не плаціць зямельны падатак увогуле. Шмат ільгот існуе для такіх людзей у Германіі, Іспаніі, Італіі, не кажучы ўжо пра іншыя краіны Еўропы. А калі весці гаворку пра ЗША, дык там сродкі, выдаткаваныя на мецэнацкую дзейнасць, пры пэўных умовах могуць увогуле вызваляцца ад падаткаабкладання.
У Беларусі да падобных заканадаўчых рашэнняў час пакуль яшчэ не прыйшоў. Хаця нарматыўная база ў сферы спонсарства ды мецэнацтва паступова ствараецца. Прыкладам, ужо некалькі гадоў дзейнічаюць прэзідэнцкія ўказы аб ільготным падаткаабкладанні ў сферах культуры і інфармацыі, аб дзяржаўнай падтрымцы і стымуляванні развіцця кінематаграфіі ды некаторыя іншыя законы...
Далейшы шлях на гэтым накірунку, пэўна, адзіны: працягваць працу над стварэннем неабходных заканадаўчых актаў, указаў ды дэкрэтаў... Улічваючы пры гэтым, натуральна, вопыт іншых дзяржаў, у якіх сістэма грантаў і мецэнацтва, ільготнага падаткаабкладання і заахвочвання ахвярадаўцаў адладжана здаўна ды спраўна працуе на карысць грамадства... Не сумняюся, што тады з цягам часу новых Якубаў Бабічаў у Беларусі значна паболее. Бо як ні круці, а мецэнатам быць усё-ткі лепей, чым звычайным бурмістрам. Хай сабе нават і віленскім…
Фота Юрыя ІВАНОВА