Адно, што турбуе — гэта перспектыва знішчэння таго, за што мы любім Палессе: яго аўтэнтыкі і архаікі. Што ні кажы, але вялікай шкоды можа нарабіць уварванне натоўпаў турыстаў, з аднаго боку, у і без таго аслабленую ўрбанізацыяй ды меліярацыяй экасістэму Палесся, а з іншага — у моцна пашкоджаны тэхнічным прагрэсам і меркантыльнымі каштоўнасцямі духоўны свет палескіх вёсак.
Калі яшчэ гадоў трыццаць-сорак таму менавіта Палессе (найперш — Заходняе) было арэалам найлепш захаванай традыцыйнай культуры, то сёння гэта ўжо не так. Палешукі адаптаваліся да новага жыцця. Не буду казаць пра Кобрынскі раён, даволі блізкі да Брэста і таму ад яго даволі моцна залежны. Але нават такія аддаленыя ад “цывілізацыі” ды абласных цэнтраў Столінскі і Лунінецкі раёны дзякуючы развіццю прадпрымальніцтва (дзе “ягаднага”, дзе “агурковага”, дзе “морквавага” — арыентаванага на экспарт ці яшчэ якога), тэхнічнаму развіццю, пашырэнню пратэстанцтва і іншым фактарам непазнавальна змяняюцца. Сёння ў гэтым краі, нават на глухіх Альманскіх балотах, нашмат больш складана знайсці архаічныя драўляныя пабудовы, якія так вабілі і здзіўлялі жыхароў мегаполіса.
Натоўпы турыстаў могуць данішчыць тое, што яшчэ засталося.
Таму параходы і турыстычныя катары павінны разглядацца не як мэта і дасягненне, а як сродак і ў комплексе з цэлым шэрагам іншых мер. Найперш ці не адначасова з імі павінна быць уведзена ў эксплуатацыю экалагічна бяспечная інфраструктура гатэляў, шляхоў камунікацыі, адпаведнае інфармацыйнае забеспячэнне, сістэма ўзнаўлення пашкоджаных водных і лясных багаццяў, меры па захаванні і развіцці традыцыйнай народнай культуры рэгіёна... Вось калі мясцовыя ўлады будуць падыходзіць да праблемы комплексна, то чарговая добрая ініцыятыва не стане дарогай у нікуды…
Фота Юрыя ІВАНОВА