Фестывальныя работы на вуліцах Віцебска.
Прадэманстраваць жыхарам і гасцям горада народнае дэкаратыўнае маляванне як адзін з традыцыйных відаў народнай творчасці, спрыяць яго адраджэнню і развіццю — такую мэту паставілі перад сабой арганізатары — Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама і Абласны метадычны цэнтр народнай творчасці.
У фае Абласнога краязнаўчага музея можна было падзівіцца на работы Язэпа Драздовіча і Алены Кіш, якія прадставілі з фондаў Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”. Асаблівую цікавасць выклікалі распісныя падносы майстра Цубера з Давыд-Гарадка. Ад Віцебшчыны былі прадстаўлены маляванкі з раённых музеяў Глыбокага, Браслава, Міёраў. Удзельнікамі Міжнароднага свята-конкурсу сталі супрацоўнікі дамоў і цэнтраў рамёстваў, члены народных клубаў і мастакі-аматары з абласцей нашай рэспублікі ды замежжа, якія стваралі свае работы цягам двух дзён.
Па выніках свята-конкурсу “Фарбы нябёсаў” журы, якое ўзначаліў старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута, вызначыла пераможцаў. Гран-пры атрымала дырэктар Глыбоцкага дома рамёстваў Святлана Скавырка. Спецыяльнымі дыпломамі “Творчы дэбют” узнагароджана Дар’я Красінская з Шуміліна, “За адраджэнне і развіццё традыцыйнага мастацкага роспісу” — Ірына Церашкова з Ліёзна.
Званне лаўрэата І ступені па намінацыях атрымалі Наталля Шамякіна з Кіева (“Сучасны дэкаратыўны роспіс па тканіне (батык)”), Жанна Ільюшкіна з Ліёзна (“Роспіс па тканіне (маляванка)”), Вольга Ганчар з Лепеля (“Роспіс па дрэве”), Таццяна Разнічэнка з Салігорска (“Роспіс па шкле”), Уладзіслаў Сямёнаў з Пскова і Вольга Касцючэнка з Чарнігава (“Набіўка (крашаніна)”), Марыя Чарненка з Віцебска (“Лакавая мініяцюра”).
Яшчэ адным мерапрыемствам свята стала адкрытая абласная выстаўка маляванак, народнага дэкаратыўнага жывапісу, мастацтва букетаў і вянкоў са штучных і прыродных кветак “Краскі Паазер’я-2014” у Віцебскім АМЦНТ. Тут былі прадстаўлены музейныя калекцыі артэфактаў і фотадакументы народнага мастацтва: маляваныя дываны, столачкі, макаткі на тканіне і цыраце; набіўка (крашаніна), а таксама калекцыі сучаснага народнага дэкаратыўнага жывапісу са збораў раённых дамоў рамёстваў (маляваныя дываны, столачкі, батык, роспіс па дрэве, шкле, букеты са штучнага і прыроднага матэрыялу).
“У народнай культуры Віцебскага Паазер’я маляваныя дываны маюць характар адметнай мастацкай традыцыі з адмысловымі прыёмамі выканання, кампазіцыйнымі схемамі і высокім узроўнем стылізацыі раслінных форм. Традыцыі маляванага дывана і яго тэхналогія з’яўляецца каштоўнасным матэрыялам у справе мастацкай адукацыі моладзі, развіцця народнай творчасці, аздабленні прыватных і грамадскіх інтэр’ераў, дэкарацыі тэатральна-масавых відовішчаў”, — адзначыла па выніках імпрэзы вядучы метадыст АМЦНТ Людміла Вакар.
Была прадстаўлена і аўтарская калекцыя “Вяртанне да вытокаў” віцебскага дызайнера Ніны Бабровіч, якая была выканана ў рамках праекта “Букет для славянкі” з Паўлавапасадскай мануфактуры. Гэтую цудоўную работу прадэманстраваў Тэатр мод Віцебскага АМЦНТ (мастацкі кіраўнік — Марына Сіўцова).
Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці