Традыцыя свята паэзіі ў Вязынцы была закладзена ў 1972-м, і ёсць нямала яго сталых гасцей з тых самых часоў. Дый сёлета сотні людзей сем’ямі ды кампаніямі сабраліся на свята, якое Дзяржаўны літаратурны музей класіка зладзіў сумесна з Маладзечанскім райвыканкамам і Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Сёлета з’явіліся і новыя партнёры: “Альфа-банк”, а таксама Асацыяцыя “Прафесіяналы фларыстыкі і кветкавага бізнесу", што выступіла адным з удзельнікаў святкавання. Менавіта члены апошняй падрыхтавалі кветкавы этнафестываль, у час якога з дапамогай майстроў-фларыстаў кожны ахвотны мог далучыцца да традыцыі, ствараючы купальскі вянок.
Ля музея ў Вязынцы гасцей вітала кампазіцыя з кветак і траў. У надпісе “Купалле”, што размяцілася над рачным схілам паблізу свірна, літара “А” складалася з адмыслова падабраных белых хрызантэм. У купальскіх вянках ды букетах валошка і рамонак гарманічна спалучаліся з вытанчанымі аранжарэйнымі кветкамі. Кожны ж госць свята ў Вязынцы, які прыйшоў у нацыянальным строі, атрымаў вяночак у падарунак.
Аб 11-й быў дадзены старт пляценню самага вялікага купальскага вянка ў Беларусі з удзелам не толькі прафесіяналаў, але і ўсіх ахвотных. Ну а майстар-класы па пляценні купальскіх вянкоў былі арганізаваны для самых маленькіх гасцей свята. Дзіцячыя работы ацанілі на конкурсе “Красачка Купалля”, а дарослыя — пад час конкурсу-дэфіле “Краса Купалля”.
Для гасцей свята была падрыхтавана насычаная канцэртная праграма. Святочны канцэрт распачалі Андрэй Скарынкін і колішняя салістка “Песняроў” Людміла Ісупава, у чыім выкананні прагучалі песні на словы Янкі Купалы “Над калыскай” і “Спадчына”. Затым выступалі ўдзельнікі вакальнага ансамбля “Асалода” Раёўскага дома культуры, народны фальклорны ансамбль “Маркаўчанка” Маркаўскага дома культуры, народны ансамбль музыкі і танца “Вязанка”. Запомнілася і выступленне даўніх сяброў нашага музея — фальклорнага калектыву Музея-запаведніка Аляксандра Пушкіна “Міхайлаўскае”, які пазнаёміў з купальскімі традыцыямі, абрадамі і песнямі Пскоўшчыны. Прыемным сюрпрызам для дзетак стаў лялечны спектакль паводле пушкінскай “Казкі пра рыбака і рыбку”, падрыхтаваны супрацоўнікамі “Міхайлаўскага”.
І, безумоўна, гучалі вершы. Радкі Купалавых вершаў чаргаваліся з вершамі сучасных беларускіх паэтаў. А напрыканцы канцэрта прагучаў фрагмент рок-оперы “Гусляр” паводле паэмы Янкі Купалы “Курган” — маналог Гусляра ў выкананні Андрэя Скарынкіна, аўтара і кіраўніка праекта па аднаўленні рок-оперы “Курган”, упершыню ўвасобленай славутымі “Песнярамі”. Завяршыла канцэрт велічная і кранальная “Малітва” Янкі Купалы на музыку Алега Молчана.
У гэты дзень на тэрыторыі запаведніка разгарнуўся і вясёлы кірмаш вырабаў ад народных майстроў Міншчыны. А кульмінацыяй свята стаў момант, калі грандыёзны купальскі вянок дыяметрам пяць метраў быў адпушчаны ў свой шлях па хвалях ракі Вязынкі…
Галіна ВАРОНАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы
Фота Ягора ГАРАЯ і Марыі БАРТКОВАЙ