У нядаўняй танцавальнай вечарыне прынялі ўдзел носьбіты нашай спадчыны — бабулі, якія памятаюць, як танчылі калісьці на вечарынах ды вяселлях. Сярод прысутных хочацца згадаць Вольгу Кушнер, Зою Самец, Зінаіду Мезян, Марыю Бялову. Яны з лёгкасцю падымаліся са сваіх месцаў насустрач знаёмым з дзяцінства мелодыям. Танцавалі розныя танцы: польку, вальс, падэспань, кадрылю, “Лысага”, “Страданія”. Гулялі ў розныя гульні, напрыклад, у карагод “Юрачка”. Спачатку маладыя хлопцы і дзяўчаты зацікаўлена назіралі за танцамі, потым, з вялікім задавальненнем, і самі пачалі танчыць. Прымаў удзел у вечарыне і маладзёжны танцавальны калектыў Дзмітраўскага сельскага дома культуры “Кантрасты” (кіраўнік — Анжэла Барадзіна).
Выстаўка “Сялянская хата” створана рукамі кіраўніка народнага аматарскага аб’яднання “Праца. Творчасць. Ініцыятыва” Анатоля Коўрыка. Ён сабраў цудоўную калекцыю побытавых рэчаў. Удзельнікі танцавальнай вечарыны ўвесь час фатаграфаваліся з майстрам.
Працавала і выстаўка работ кіраўніка народнага аматарскага аб’яднання “Спадчына”, члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Валянціны Нікіцінай. Яна таксама працуе ў кірунку адраджэння нашай народнай спадчыны, збірае песні і абрады, працуе над традыцыйнай лялькай раёна Клічаўшчыны, займаецца рэканструкцыяй і ўзнаўленнем ручнікоў. На вечарыне таксама граў цудоўны гарманіст Дзмітрый Русецкі.
Работнікі раённага Дома культуры маюць намер зрабіць танцавальныя вечары з удзелам інструментальных ансамбляў традыцыйнымі.
Жанета АЧЫНОВІЧ, кіраўнік этнаграфічнага аматарскага аб’яднання “Карагод”