Фотаздымкі, адшуканыя ў Камянцы.
Фотаздымкі, адшуканыя ў Ваўкавыску.
Пра гісторыю стварэння альбома і пра сумесны праект распавядае адзін з каардынатараў з беларускага боку Эдуард Дмухоўскі:
— Летась разам з беластоцкім грамадскім аб’яднаннем “Відок” мы рэалізоўвалі збор матэрыялаў для праекта. Прыязджалі ў вызначаныя намі мястэчкі ды збіралі аповеды, успаміны і — самае важнае! — фотаздымкі з прыватных альбомаў. Карацей — гісторыю сем’яў за ХХ стагоддзе. Так з’явіўся фотаальбом з найцікавымі здымкамі, што апавядаюць гісторыю памежжа, людзей, якія ў выніку гістарычных падзей апынуліся па розныя бакі мяжы. Лёсы нашых герояў вельмі падобныя: рэвалюцыя, войны, бежанства, калектывізацыя, рэпрэсіі 1930-х...
Праца была вельмі цікавая, нават у нечым прыгодніцкая. Гэта, можна сказаць, фатаграфічная археалогія. Напрыклад, у мястэчку Кляшчэлі мы знайшлі на паддашшы цэлае сховішча негатываў у доме, дзе калісьці жыў мясцовы фатограф. Людзі нам казалі: “Не хадзіце туды, бо там нічога няма”. Мы гэтыя негатывы і здымкі выбіралі з кастрыцы стосамі, назбіраўшы іх там мо з чатыры або пяць мяхоў! А гэта фота тых людзей, якія жылі ў гэтых Кляшчэлях ды ваколіцах. Таксама знайшлі ў адным з мястэчак на Гродзеншчыне альбом здымкаў горада міжваеннага часу...
Па словах Эдуарда, сам альбом — гэта агромністая праца, і яе трэба працягваць:
— Мы збіраем здымкі і неверагодныя гісторыі — пакручастыя лёсы людзей, і гэтым альбомам пакладзены добры пачатак такой дзейнасці...
Андрэй МЯЛЕШКА
Гродна
Фота прадастаўлены ўкладальнікамі кнігі