З года ў год дарослая і дзіцячая бібліятэкі Кобрына прымаюць актыўны ўдзел у святкаванні Дня горада. Летась на адкрытай пляцоўцы ля бібліятэк было праведзена Свята кнігі і чытання “Горад, які чытае”. Сёлета ж арганізавана акцыя пад адкрытым небам “Кнігі выйшлі пагуляць” на пешаходнай вуліцы Суворава.
Чаго мы хацелі дамагчыся дадзеным праектам? Усё проста: стварыць зоны абслугоўвання, дзе любы кобрынец можа стаць чытачом без правілаў ды ўмоўнасцей, прадставіць багацце і разнастайнасць кніжна-часопіснага фонду. Таксама хацелася змяніць стэрэатыпнае ўспрыманне бібліятэкі і, вядома ж, прыцягнуць новых чытачоў у яе сцены.
Кобрынцы і госці горада здзейснілі праменад па тэматычных стэндах, пазнаёміліся з выданнямі Цэнтральнай раённай бібліятэкі. Мінакі з цікавасцю разглядалі дзіцячыя кнігі і вырабы, створаныя рукамі юных чытачоў дзіцячай установы.
Гараджанам быў прапанаваны “Буккросінг па-кобрынску”: кнігі і часопісы, якія можна забіраць дадому. Гэта тыя выданні, што чытачы і супрацоўнікі бібліятэкі ў свой час перадавалі ў дар. Бібліятэкары ўклалі ў выданні рэкламныя ўлёткі. Спадзяёмся, такія кнігі ды прэсу пасля перададуць і іншым чытачам, распавёўшы і пра ўстанову. А выданні атрымалі такім чынам другое жыццё.
З задавальненнем удзельнічалі землякі ў экспрэс-апытанні “Любімыя кнігі кобрынцаў”, у хвілінах чытання, конкурсах і віктарынах… Маючы зносіны з гараджанамі, рэкламуючы бібліятэку ды яе паслугі, спецыялісты адкрылі для сябе новыя формы работы, якія будуць запатрабаваны жыхарамі. Гэта — паэтычныя марафоны, выстаўкі-прэзентацыі хатніх бібліятэк, святы чытацкіх прыхільнасцей, літаратурныя нядзелі…
А фотасесія “Вооk-дасуг” паспрыяла таму, што адразу на наступны дзень сайт Кобрынскай РЦБС наведалі 488 чалавек! Увогуле, акцыя ўдалася і будзе мець працяг.
Таццяна ГАЛАВЕЙКА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Кобрынскай РЦБС
Фота аўтара
Будзем на сувязі!
Паважаныя чытачы! Нам цікавае ваша меркаванне па тэмах нумара. Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77, альбо на электронную скрыню kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-286-07-97, абмяркоўвайце на www.facebook.com/kimpressby, www.vk.com/kimpressby, www.twitter.com/kultura_by!