Галоўным сімвалам памяці аб сынах Беларусі, якія загінулі ў войнах на чужой зямлі, стаў Востраў Мужнасці і Смутку ў сталіцы. Яго каардынаты ведаюць, здаецца, усе: штучная выспа на Свіслачы побач з Траецкім прадмесцем. Мемарыял адкрыты ў жніўні 1996 года, але ідэя ўзвядзення такога помніка ўзнікла, калі афганская вайна тых часоў яшчэ не скончылася. З ініцыятывай выступілі члены мінскага клуба воінаў запасу «Памяць» і Рэспубліканскай асацыяцыі сямей вайскоўцаў, загінулых у Афганістане, «Памяць і доўг». Дзяржава падтрымала задуму і ўзяла на сябе вялікую частку выдаткаў. Таксама на будаўніцтва пайшлі ахвяраванні беларусаў і грамадзян былых саюзных рэспублік.
Аснова комплексу — капліца, пры стварэнні якой творчая група на чале з Юрыем Паўлавым натхнялася старадаўняй царкоўнай архітэктурай нашай зямлі. У вежападобным будынку счытваюцца рысы першапачатковага выгляду полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы. Алтары капліцы з прозвішчамі загінулых вайскоўцаў утвораны скульптурнымі групамі жанчын у жалобе — беларускіх матуль, якія не дачакаліся сыноў з далёкага краю. Дапаўняюць афармленне абразы «Маці святая Беларусь», «Ефрасіння Полацкая — заступніца беларускага народа», «Малітва 14 святых за Беларусь» з бронзавым тэкстам малітвы і выявай святых праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Такім чынам, мемарыял увасабляе не толькі смутак па суайчынніках, але і надзею на непарушнасць міру, веру ў ахоўную ласку заступнікаў беларускай зямлі.
Яшчэ адно сакральнае месца ў сталіцы — Храм-помнік у гонар Усіх святых і ў памяць пра ахвяр, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі. Крыпта святыні змяшчае зямлю з пахаванняў беларусаў, загінулых у далечыні ад радзімы. У 2015 годзе там закладзены капсулы зямлі з пяці правінцый Афганістана, дзе ваявалі нашы суайчыннікі.
ГОРАД НАД ДЗВІНОЙ ПАМЯТАЕ
Асаблівае стаўленне да захавання памяці пра воінаў-інтэрнацыяналістаў у Віцебску. Там дыслацыравалася гвардзейская 103 паветрана-дэсантная дывізія, якая адной з першых увайшла на тэрыторыю Афганістана і пазней удзельнічала амаль ва ўсіх маштабных аперацыях таго часу. Падчас ваенных дзеянняў фарміраванне страціла 907 афіцэраў і салдат — ураджэнцаў розных куткоў былога Савецкага Саюза. Натуральна, ветэраны не маглі дазволіць, каб гэтыя старонкі гісторыі не засталіся ў агульнай памяці. З іх ініцыятывы ў абласным цэнтры з’явіўся першы на постсавецкай прасторы дзяржаўны музей, прысвечаны Афганскай вайне. Установа адкрылася ў лютым 1996 года ў звычайным жылым доме і заняла дзве сумешчаныя кватэры. На такой невялікай плошчы намаганнямі неабыякавых людзей атрымалася стварыць грунтоўную экспазіцыю. Першая зала праз прадметы побыту, нацыянальнае адзенне і іншыя артэфакты расказвае пра культуру афганскага народа і палітычнае становішча ў краіне напярэдадні ўводу савецкіх войск. У другой зале дэманструюцца экспанаты, прысвечаныя фарміраванням з Віцебска і вобласці, якія выконвалі вайсковыя задачы ў Афганістане. Трэцяя зала — мемарыяльная. У ёй паказаны фотаздымкі, асабістыя рэчы, дакументы і лісты загінулых, памерлых ад ран і захворванняў землякоў.
Асновай для стварэння экспазіцыі паслужылі матэрыялы, сабраныя клубам «Чырвоны клівер» сярэдняй школы №19 і пошукавай групай сярэдняй школы №25. Вучні разам з настаўнікамі звярталіся ў ваенкаматы і да сямей загінулых салдат. У адказ атрымлівалі фотаздымкі і біяграфіі. У перапісцы са школьнікамі быў і падпалкоўнік Валерый Чкалаў, які служыў у Афганістане. Пазней ён стварыў навуковую канцэпцыю музея. Аўтарства мастацкага праекта экспазіцыі належыць Юрыю Чарняку. Творца меў вопыт працы над ваеннымі экспазіцыямі і ад пачатку афганскай кампаніі разумеў: грамадству будзе патрэбны музей на гэту тэму. Мастак рупна збіраў выразкі з газет і іншыя матэрыялы для будучай экспазіцыі. Папаўняюцца фонды і ў нашы дні. Сярод апошніх паступленняў — набор медыцынскіх інструментаў, якія перадаў былы ваенурач, удзельнік вайны ў Афганістане.
Каб ахапіць шырокую аўдыторыю, Віцебскі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў актыўна працуе ў Інтэрнэце. На афіцыйнай старонцы «ВКонтакте» даступныя алічбаваныя фрагменты з кнігі водгукаў і відэаролікі пра мемарыялы. Таксама ўстанова разам з абласной бібліятэкай распрацавала электронны рэсурс «Афганістан. Без права на забыццё» — агульнадаступную базу даных са спісам удзельнікаў баявых дзеянняў, фотаздымкамі і іншымі каштоўнымі матэрыяламі.
Недалёка ад музея, на скрыжаванні вуліц Воінаў-інтэрнацыяналістаў і Чкалава, у жніўні 1997 года адкрылі помнік «Боль». Ён адразу прыцягнуў увагу свежым мастацкім рашэннем, бо вылучаўся на фоне традыцыйнага для вайсковых мемарыялаў вобраза салдата са зброяй у руках. Перад вачыма гледача паўстае абагульненая постаць маці, якая прыпала да нябожчыка сына. Зноў, як у маленстве, хлопец ля матчыных грудзей. Спавіты. Толькі не пялюшкамі — бінтамі, што закрываюць смяротную рану. Ідэя прый-
шла да аўтара Івана Казака, калі ў Афганістане яшчэ ішлі баі. Упершыню скульптар паказаў кампазіцыю на персанальнай выставе ў Германіі і атрымаў высокую ацэнку. Пазней віцебскія воіны-інтэрнацыяналісты прапанавалі зрабіць гэты твор асновай мемарыяльнага комплексу. Па абодва бакі помніка стаяць гранітныя пліты з прозвішчамі загінулых землякоў.
БОЛЬ ГРОДЗЕНСКАЙ ЗЯМЛІ
Каля 3,5 тысяч ураджэнцаў Гродзеншчыны атрымалі баявы вопыт у Афганістане. З іх 71 чалавек не вярнуўся дадому. Імёны загінулых увекавечаны ў кнізе «Памяць», на мемарыяльных плітах, у экспазіцыі гісторыка-археалагічнага музея абласнога цэнтра. У Гродне ўсталяваны адзін з першых помнікаў удзельнікам Афганскай вайны на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Ён размешчаны ў скверы Воінаў-інтэрнацыяналістаў на скрыжаванні вуліц Курчатава і Горкага. На гранітным пастаменце — пліты з імёнамі герояў, пахаваных на тэрыторыі вобласці, і скульптурныя партрэты двух салдат-сяброў ля расколатай на дзве часткі каменнай глыбы. Кожную гадавіну вываду савецкіх войск з Афганістана каля манумента збіраюцца ветэраны, сваякі загінулых, прадстаўнікі ўлады і грамадскіх арганізацый.
МАСТАК І ВАЙНА
Больш за дзясятак работ Уладзіміра Жбанава ўпрыгожваюць мінскія вуліцы. Майстар, як кажуць, зняў скульптуру з пастамента. Яго “Незнаёмка”, “Дама з сабачкам”, “Паштальён” узбагацілі аблічча нашай сталіцы. Менавіта жанравыя гарадскія скульптуры прынеслі вядомасць аўтару, але ў яго партфоліа ёсць і мемарыяльныя творы.
Адразу пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута Уладзімір Жбанаў атрымаў павестку і трапіў у віцебскую паветрана-дэсантную дывізію, якую пазней перакінулі ў Афганістан. Гэты перыяд біяграфіі адлюстраваўся ў серыі манументаў воінам-інтэрнацыяналістам. Першым стаў помнік Герою Савецкага Саюза Аляксандру Міраненку, які служыў у адной дывізіі са скульптарам. Старшы сяржант удзельнічаў у рэйдзе па знішчэнні буйнога атрада маджахедаў. У ходзе бою яго група засталася адрэзанай ад асноўных сіл. Цяжка паранены, ён, калі закончыліся патроны, дастаў апошнюю гранату і падарваў сябе разам з праціўнікамі. Помнік саслужыўцу Уладзімір Жбанаў зрабіў, як праз год службы вярнуўся ў Віцебск — месца пастаяннай дыслакацыі дывізіі.
У 1994 годзе скульптар стварыў помнік воінам-інтэрнацыяналістам у Светлагорску. На плошчы Пераможцаў паўсталі фігуры двух салдат, у якіх увасобілася баявое братэрства, і кампазіцыя з камянёў — сімвал афганскіх гор. Апошняя афганская работа Уладзіміра Жбанава ўсталявана ў Глыбокім у 2000 годзе: юнак са зброяй у абкружэнні скал. Двухметровая фігура салдата асацыюецца з няпростым шляхам выпрабаванняў, а стылізаваная кветка эдэльвейсу сярод камення сімвалізуе вечную прыгажосць жыцця…