Па-першае, у адрозненне ад некаторых ранейшых, форум складаўся выключна з нашых пастановак — максімум з запрошанымі зорнымі салістамі. Па-другое, прымеркаваная да фестывалю прэм’ера “Самсона і Далілы” К. Сен-Санса ставілася амаль той жа пастаноўчай камандай, што і “Вілісы. Фатум”, таму добры вынік можна было так ці іначай прадбачыць. Па-трэцяе, запрошаныя зоркі таксама ўжо да нас прыязджалі, таму не ўяўляліся гэткімі “містарам-місіс Ікс” і не толькі цалкам спраўдзілі, але і пераўзышлі ўсе чаканні.
Афіша ахоплівала сем вечароў і складалася з чатырох спектакляў (“Самсон...” як цалкам прэм’ерны паказваўся двойчы) і дзвюх канцэртных праграм — сольніка сусветна знакамітай Кацярыны Семянчук і традыцыйна фінальнага гала-канцэрта. Да таго ж салістка з беларускімі каранямі (як па сваім паходжанні, так і паводле пачатковай вакальнай адукацыі) правяла грунтоўны майстар-клас для ўдзельнікаў стажорскай групы тэатра. Напярэдаднi ўрачыстага адкрыцця адбылася прэзентацыя дакументальнай стужкi "Святлана Данiлюк", прысвечанай памяцi нашай знакамiтай опернай прымадоны. Рэжысерам выступiў яе сын Максiм Федасееў.
Зорныя сола, таксама дуэты
Выступленні Кацярыны Семянчук сталіся сапраўдным калядным цудам нават для тых, хто з самага пачатку быў настроены на творчыя адкрыцці. У кожным нумары, нягледзячы на канцэртны фармат, яна прапаноўвала не асобныя арыі ці дуэты, а менавіта сцэны з опер. Прычым настолькі вобразна ды каларытна, што мы ўяўлялі і адпаведныя спектаклям касцюмы, і адсутную сцэнаграфію. А галоўнае — неадрыўна сачылі за імгненнымі псіхалагічнымі зменамі ў душы яе персанажаў. Яна ўсю сябе аддавала музыцы. Спявала з неверагоднай палкасцю і самазабыццём, дэманструючы ўсю палітру гучання — ад моцнага да настолькі ціхага і адначасова палётнага, што было чутна, як трапятліва дыхае паветра. Яе Даліла скарала чароўна салодкім спакушэннем, літаральна купалася ў прыгажосці музыкі і сама выпраменьвала боскую прыгажосць. Сантуца даходзіла да магічнай апантанасці. Эбалі — да эмацыйнага выбуху. Ізабэла з расініеўскай “Італьянкі ў Алжыры” гулліва, быццам “проста так” сыпала фіярытурамі-афарызмамі. А Кармэн заварожвала бясконцай разнастайнасцю адценняў-пераўтварэнняў. Спевы “на біс” увогуле ператварыліся ў паўнавартаснае трэцяе аддзяленне канцэрта, што закранула нават аперэту.
І сам канцэрт, і далейшы майстар-клас К. Семянчук сведчылі, наколькі важна для спявачкі разуменне сутнасці не толькі кожнага спектакля, асобнага нумара з яго, але і кожнай фразы, што часцяком утойвае “сакрэтны” музычны код, выводзіць на паверхню падсвядомасць герояў. Уменне “дакапацца” да самай глыбіні душы перадавалася прысутным, вымушала не толькі насалоджвацца спевамі, але і задумвацца над лёсам персанажаў, прымерваць на сябе іх характары, паводзіны, тыя ці іншыя жыццёвыя сітуацыі.
Не саступаў у артыстычнасці Магерам Гусейнаў (Азербайджан), бас-барытон якога станавіўся то зусім віяланчэльным, выводзячы стрыманую адухоўленасць Вальфрама, то камічна кантрабасавым, малюючы ласага на жанчын Мустафу, то бліскуча “донжуаністым” у шалёнай празе задавальнення ад жыцця.
Прыемна здзівіў і наш аркестр, якім у той вечар кіраваў Эйюб Куліеў з Азербайджана, і абраныя сімфанічныя нумары. Урачысты марш Элгара пачынаўся ўзрушана жвава, весела, чапляў крыху лірыкі, даходзіў да ўрачыстасці, каб зноў з хітраватай усмешкай перайсці ледзь не ў галоп. Вядомая ўверцюра да “Вяселля Фігара”, нягледзячы на куды большыя, чым звычайна, унутраныя кантрасты, праляцела на адным дыханні — можа, яшчэ і дзякуючы доўгай, амаль “бясконцай” фразіроўцы, што надавала музыцы асаблівую моцартаўскую грацыю. Зачаравала Інтэрмеца з “Сельскага гонару”, драматургія якога была адбудавана такім чынам, быццам на нашых вачах з маленькага бутона распускалася цудоўная кветка, а сцішаныя апошнія такты станавіліся яе водарам. Уверцюра да “Вільгельма Тэля”, якая часцяком бывае дзёрзка “хуліганістай”, паўстала нечакана сур’ёзнай карцінай затоенай народнай навальніцы.
Гала-канцэрты форуму ў мінулыя гады, здаралася, былі зацягнутымі, уключалі частку сумнеўных для міжнароднага ўзроўню гасцявых выступленняў. Сёлетні фінал калядных оперных святкаванняў пазбавіўся тых недахопаў, запрошаныя зоркі папраўдзе зіхацелі. Іх выступленні станавіліся дадатковым майстар-класам для нашых вакалістаў. А дуэты, асабліва Уладзіслава Сулімскага з Гадэрзі Джанелідзэ і, падкрэслю, Кацярыны Семянчук з нашым маладым Дзмітрыем Шабецем, ператварыліся ў магутныя па ўражаннях кульмінацыі. Дарэчы, пераканацца ў гэтым могуць нават тыя, хто не патрапіў у тэатр: 7 і 8 студзеня БТ-3 дэманструе трансляцыйны запіс абодвух аддзяленняў канцэрта.
Сон пра “Самсона...”
Традыцыйны для Каляднага форума “хіт-парад” свежых пастановак нашага Вялікага (а на цяперашнім фестывалі дэманстраваліся “Фауст”, “Вілісы. Фатум” і “Дзікае паляванне караля Стаха”) быў дапоўнены прэм’ерай оперы К. Сен-Санса “Самсон і Даліла”, якая раней у нас ніколі не ставілася. Таму для многіх гэта было адкрыццё не толькі новага спектакля, але і новага рэпертуару.
З першай ноты ў палон бярэ прыгажосць, завоблачна павышаная эстэтычнасць музыкі французскага класіка ХІХ стагоддзя (дырыжор — Алег Лясун). Сусветна вядомая прыма нашага тэатра Аксана Волкава, упершыню паставіўшы вялікую оперу (дагэтуль яна ўвасабляла больш камерных “Вілісаў”), стварыла максімальна спрыяльныя ўмовы для вакалу. Выкшталцонае сцэнаграфічнае збудаванне ўтрымлівае ў сабе размаіты шэраг мастацка-філасофскіх асацыяцый — ад Вавілонскай вежы і егіпецкіх пірамід да сучаснай урбаністыкі з яе хмарачосамі і жудаснага постапакаліптычнага грамадства. І адначасова той шчыльны каркас набліжае артыстаў да публікі, не дазваляе ім “схавацца” ў глыбіні сцэны, скіроўвае гук у залу, а не распускае яго па кулісах. Да таго ж, дзякуючы шматузроўневасці, героі часта знаходзяцца на другім-трэцім паверхах (гэта добра дапамагае палётнасці голасу, асабліва ў ансамблева-харавых фрагментах) і спускаюцца долу звычайна тады, калі нішто не пагражае ім быць недачутымі.
Работа расійскай мастачкі Этэль Іёшпы вабіць прыдумкамі, гарманічнасцю, неабходнасцю і сімволікай кожнай дробязі. У розных сцэнах канструкцыя паварочваецца ўсімі чатырма гранямі, тым самым штораз ператвараючыся ў нейкае новае збудаванне — на мяжы біблейскай прыпавесці і сучаснай інсталяцыі, замешанай на архітэктурных пошуках. Гэтаму вельмі дапамагае праца мастака па святле і відэакантэнце (Стас Свістуновіч з Расіі), што выводзіць дадатковыя пераўтварэнні — ажно да цікавых аптычных эфектаў, падманаў зроку, узрастання плоскасных выяў у аб’ёмныя.
Асабліва ўражвае асацыятыўная сувязь сувояў торы з доўгімі валасамі Самсона, у якіх крыецца ягоная сіла. Гэтая дэталь літаральна візуалізуе галоўную думку спектакля: сіла — у веры.
Балетмайстар Сяргей Мікель удала працягвае зашыфраванасць сімволікі спектакля, уключаючы ў яго відовішчныя сцэны з гімнастычнымі стужкамі ў руках артыстак.
Выдатна гучыць хор (хормайстар — Ніна Ламановіч). Сярод сталых салістаў вылучаецца Алег Мельнікаў у партыі Старога габрэя. Сярод творчай моладзі адкрыццём стала Настасся Малевіч, больш вядомая пад ранейшым прозвішчам Вахомчык. Менавіта ёй Аксана Волкава аддала першую прэм’еру, сама ж паўстала Далілай на другі дзень.
Два паказы запар гэтага спектакля аказаліся вельмі рознымі, але, на мой погляд, ніводны з іх не дасягнуў канчатковай дасканаласці. Так і хацелася знайсці іх нейкі сінтэз, узгадаўшы пакуты нявесты з гогалеўскай “Жаніцьбы”. Часам у артыстаў кульгала дакладнасць інтанацыі, адчуваўся некаторы бар’ер у спасціжэнні біблейскай тэмы. Асабліва складана пакуль выбудоўваецца па драматургіі сцэна спакушэння Самсона, дзе і сапраўды вельмі цяжка вылучыць усе перапады настрою і пры гэтым захаваць адзінства лініі, што вядзе да трагедыі.
Але ўсе гэтыя прыдзіркі цьмянелі перад адной вакальнай знаходкай. У трэцяй дзеі, дзе палонны Самсон трапляе ў турму, у голасе Дзмітрыя Шабеці з’явіліся элементы, уласцівыя старадаўнім яўрэйскім песняспевам. Яны не толькі ўзбагацілі акадэмічную стылістыку, але і падказалі тыя ўнутраныя змены, што адбыліся ў душы героя: ён адчуў сваю магутную сувязь з духоўнай спадчынай нацыі.
Фінал спектакля нечаканы і адрозніваецца ад звыклага пераказу біблейскай гісторыі: змены ў душы перажывае і Даліла. Якія? Прыходзьце і паглядзіце. Бо гэта той спектакль, які з кожным чарговым паказам будзе адкрываць вам усё новыя сэнсавыя глыбіні, годныя абмеркавання не толькі на Калядным форуме, але і на форумах Сеціва.
Фота Таццяны Матусевіч