Народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар Васіль Пятровіч Шаранговіч увайшоў у мастацтва ХХ стагоддзя як выдатны майстар станковай і кніжнай графікі са сваім унікальным бачаннем. У яго працах выразна выявілася яго асаблівае мастацкае мысленне, пачуццё формы і лініі. Васіль Шаранговіч унёс свой значны ўклад у развіццё школы беларускай графікі.
Нарадзіўся мастак у вёсцы Качаны Мядзельскага раёна 14 студзеня 1939 года. Скончыў аддзяленне жывапісу Мінскага мастацкага вучылішча. У час вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) абраў графіку. Дыпломнай працай Васіля Шаранговіча сталі ілюстрацыі да паэмы Янкі Купалы (серыя лінагравюра паводле паэм «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»). Гэтыя творы з’яўляюцца класікай беларускай графікі і былі адзначаны дыпломам Акадэміі мастацтваў СССР.
Васіль Шаранговіч выкладаў і ўзначальваў кафедру графікі, быў прарэктарам, восем гадоў — рэктарам. Стварыў першы ў Беларусі Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, дзе больш за дзесяць гадоў быў дырэктарам.
Мастак праілюстраваў больш за 70 выданняў, сярод іх паэмы Янкі Купалы, лірыка М. Багдановіча, “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча, “Новая зямля” Якуба Коласа, творы многіх беларускіх паэтаў і празаікаў.
У працах мастака пазнаюцца краявіды яго дзяцінства — велічныя ўзгоркі, роўнядзь мядзельскіх азёр, глыбіня неба з аб’ёмнымі аблокамі і зорнае начное неба.
Серыя літаграфій “Памяць вогненных вёсак”, над якой мастак працаваў з 1979-га па 1985 год, — пра жыццё беларуса на акупаванай зямлі. У 2003 годзе мастак пачаў працаваць над працягам цыкла пад назвай “Блакадны рэквіем”. Дзве серыі расказваюць пра мужную барацьбу і стойкасць беларускага народа ў гады вайны.
Творы Васіля Шаранговіча знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, музеях Янкі Купалы і Якуба Коласа, Міністэрстве культуры Расіі, прадстаўлены ў Беларускім саюзе мастакоў і Саюзе мастакоў Расіі, мемарыяльным комплексе “Хатынь”, у прыватных калекцыях Італіі, ЗША, Германіі, Тайваня. Выставы твораў мастака праходзілі ў Польшчы, Італіі, Францыі, Грэцыі, Балгарыі, Чэхаславакіі, Даніі, Канадзе, Фінляндыі, Індыі, Сірыі, Бельгіі, Германіі, Кітаі і іншых краінах.
Памёр Васіль Пятровіч Шаранговіч 31 снежня 2021 года на 82 годзе жыцця.
А.М. Маркевіч, І.Я. Міско,
У.А. Тоўсцік, У.І. Слабодчыкаў, Ю.І. Хілько, М.Г. Баразна, Г.А. Отчык.
Памяці народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесара Васіля Пятровіча Шаранговіча
Кіраўніцтва і калектыў установы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў” выказваюць шчырае спачуванне родным і блізкім Васіля Пятровіча Шаранговіча, які пайшоў з жыцця 31 снежня 2021 года.
Васіль Пятровіч Шаранговіч — знакаміты беларускі мастак-графік, народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар.
Васіль Пятровіч нарадзіўся 14 студзеня 1939 года ў вёсцы Качаны Мінскай вобласці. У 1960 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча. Член грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” з 1970 года.
Шмат год свайго жыццёвага і творчага шляху мастак прысвяціў Акадэміі мастацтваў. У 1966 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (сёння — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Выкладаў у інстытуце з 1967 года. У перыяд з 1989 па 1997 гады з’яўляўся рэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.
Васіль Шаранговіч — майстар выключнага дару, працаваў у кніжнай і станковай графіцы, вядомы ілюстрацыямі да кніг беларускіх класікаў, сярод якіх творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Змітрака Бядулі. Станковыя творы і кніжная графіка аўтара прадстаўляюць мастацтва высокага айчыннага і сусветнага ўзроўню.
Светлая памяць аб асобе Васіля Пятровіча Шаранговіча захаваецца ў нашых сэрцах, у гісторыі мастацтва Радзімы.