Такім чынам і нарадзіліся гэтыя дарожныя нататкі. Імкнуўся пісаць не толькі пра тое, што бачыў, але яшчэ і пра тое, што пры гэтым думаў і адчуваў.
КРЭВА: ПАНЦЫР ДЛЯ ВАЯРА
Упершыню мы тут былі гадоў трыццаць таму. За гэты час мой хлопец стаў мужчынам і пераканаўся, што кожны беларус павінен раз-пораз наведваць святыя мясціны. Я цалкам згодны: каб любіць, трэба ведаць. Можна, дарэчы, і наадварот: каб ведаць, трэба любіць.
Сівое Крэва.
Пра тое, як захоўваюцца і аднаўляюцца замкі Беларусі, “К” пісала, піша і будзе пісаць, таму цяпер на гэтым спыняцца не буду. А вось пра турыстычную інфраструктуру, як падаецца, сказаць варта. Агаваруся: у сонечную суботу 16 кастрычніка на ўсіх этапах нашага замкавага маршруту турыстаў было вельмі шмат. Яны ішлі пешкі, каціліся на роварах, ехалі на аўтобусах і легкавіках з нумарамі ці не ўсіх абласцей краіны…
Дык вось, за трыццаць гадоў крэўскі пашанотны друз пакрысе пераўтавараецца ў замкавыя муры. Дый прылеглую прастору пачалі добраўпарадкоўваць. У выніку з’явіліся масток, лаўкі, ліхтары. На гэтым працэс спыніўся. Што тут яшчэ можна зрабіць? Да прыкладу, сталае месцейка для продажу сувеніраў. Майстар-рамеснік Сяргей Бандарэнка ў гэтым упэўнены. Памятаю, раней ён рэалізоўваў ім зроблены тавар непасрэдна ля замкавай сцяны. Улады чамусьці вырашылі, што больш цывільны варыянт — месцейка ля крамы, побач з лаўкамі і ліхтарамі. Не буду спрачацца з уладамі. Але “сувенірная” тэрыторыя ніяк для гэтага не прыстасаваная, нават паветкі не мае. Усё сваё рамеснік возіць з сабой. Ён мясцовы, з вёскі Чухны. Таму магніцікі, іншыя рэчы з гліны і дрэва ўтрымліваюць мясцовы каларыт, па ўсім бачна, што зроблены чалавекам, неабыякавым да роднай гісторыі. У кожнай рэчы — душа Крэва. З задавальненнем прыдбалі для асабістых калекцый па магніціку.
З Бандарэнкам бачымся не першы раз, але ў роднай яго вёсцы яшчэ не бывалі. А там ёсць на што паглядзець. За мізэрную плату кожны ахвотны можа паблукаць па лабірынце, ацаніць зменшаную копію Крэўскага замка пад адкрытым небам. А яшчэ гаспадар узводзіць помнік ваяру часін Вітаўта. Сцяпан, колішні сябар аднаго з мінскіх рыцарскіх клубаў, абяцае прывезці для скульптуры дэталі ўзбраення. Значыць, гэтая сустрэча — не апошняя.
ГАЛЬШАНЫ: ХІТРЫ САПЕГА
Тут пачаць варта з рэчаў празаічных, але вельмі важных для любога вандроўніка. У кавярні “Замак” паабедаць можна надзвычай смачна і танна. А ў замкавай зоне дзейнічае прыбіральня. Уваход — 50 капеек. Турысты пытаюцца: “А чаму не бясплатна?” Спрабую давесці, што любая капейчына, заробленая на колішняй зямлі Сапегаў, ідзе на ўзнаўленне замка і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Пытанняў з гэтага аўтобуса больш не ўзнікае.
Гальшаны.
Яшчэ раз прыходзім да высновы, што непаўторнасць сувеніраў павінна адпавядаць непаўторнасці замка.
Ля гальшанскіх муроў прыжыўся кот. Чорны з белымі плямінкамі, з хітрай і разумнай пыскай. Ад экскурсантаў не адыходзіць. Менавіта яны і прыдумалі яму мянушку Сапега. Жывы брэнд і жывая рэклама. Але магніцікаў з ягонай выявай пакуль няма. З кім паспрачацца, што будзе?!
Антаніна Рапецкая, кіраўнік філіяла Ашмянскага краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча “Гальшанскі замак”, распавядае, што з мая (іменна тады філіял пачаў прымаць гасцей) аб’ект наведала шэсць тысяч чалавек. А работы працягваюцца. У перспектыве — стварэнне прызамкавага возера. Сапега чакае карасёў.
ЛІДА: ЯПОНСКІ СЛЕД
Вандроўка па Лідзе ўразіла Грунвальдскай вуліцай. І не толькі. Я думаў, што горад, які выпускае цудоўныя канцэнтраты супоў ды кісялёў, парадуе і іншым.
Шкада, не атрымалася.
Лідскі сувенірны кірмаш.
Сцяпан адшукаў фірмовую краму, каб набыць адмысловае лідскае піва такой маркі, якой у Мінску не сустрэнеш. Аднак, нічога адметнага яму не прапанавалі. Сын доўга разважаў, якім гнуткім павінен быць сёння маркетынг і чаму ён такім не з’яўляецца. Тое ж самае і з сувенірамі, што рэалізоўваюцца пад сценамі мясцовага замка. Нічога непаўторнага ды адметнага.
Нават такое ўражанне склалася, што замак захапілі самураі з крыжакамі і яшчэ хтосьці з махноўскім поглядам на захаванне мясцовай традыцыі.
Мяркуйце самі, пад паветкамі прадаваліся драўляныя нунчакі, магніцікі з выявамі ваяроў, мяркуючы па шлемах — яўна тэўтонскага паходжання, і нейкія вязаныя коцікі пад бісернымі дрэўцамі… Не, у самім замку можна падабраць больш прыстойныя сувеніры, аднак і на вуліцы ў тую суботу ля муроў было завозна. Вось якое ўражанне складзецца ў тых турыстаў ад тых безаблічных сувеніраў?
НАВАГРУДАК: СКРЫПКА ГУЧЫЦЬ
Не хачу лішні раз хваліць маіх шматлікіх навагрудскіх сяброў, але давядзецца. Горад для мяне даўно займеў статус музея. Ці не кожная вуліца — асобная экспазіцыя. Галоўная — выхад да замкавай гары і сам замак. Вечар ужо, але галоўная бібліятэка раёна адкрыта, а дзверы яе адчынены. Маўляў, калі ёсць пытанне, заходзьце — абавязкова атрымаеце адказ. Далей — дзве сувенірныя крамы, дзе з цікавымі магніцікамі ўсё як мае быць. А з карціннай галерэі Кастуся Качана гучыць скрыпічная музыка. Вельмі пранізлівая ўверцюра да галоўнай замкавай сімфоніі.
Навагрудскія муры.
Словам, усё выглядае досыць гарманічна. Нават недабудаваная кавярня з невялічкім гатэлем. Вельмі спадзяюся, што прадбачлівы прадпрымальнік давядзе справу да канца і я даведаюся, што любіў на сняданак Адам Міцкевіч.
Выснова нашага шпацыру ля замкавых муроў вам даўно зразумелая: у кожнага замка — свая душа. І нельга рабіць магніцікі з аднолькавым афармленнем, мяняючы толькі замкавую выяву. Якасны сувенір — гэта непаўторны твор мастацтва, які павінен кранаць душу і нараджаць любоў да наскага. Так што на першы погляд дробязны магніцік з’яўляецца насамрэч вялікай цаглінкай да падмурка слаўнай беларускай гісторыі.
Фота аўтара
Мінск — Крэва — Гальшаны — Ліда — Навагрудак — Мінск