Вандроўка ў часе
У бягучым годзе адбылася прэзентацыя турысцка-пазнавальных праграм “Культура і звычаі роднага краю” на базах устаноў культуры раёна з запрашэннем кіраўнікоў аграсядзіб, прадстаўнікоў турыстычнага бізнесу і экскурсаводаў.
Так, Багатырскі сельскі Дом культуры запрашае ўсіх жадаючых на этна-вандроўку “Сувязь часоў”, у рамках якой можна пачуць унікальную спеўную традыцыю выканання народным фальклорным ансамблем “Галасы спадчыны” купальскіх і жніўных песень “у перахлёст”. Традыцыя ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Багатырскі СДК запрашае пазнаёміцца з этнаграфічнай экспазіцыяй у гонар заснавальніцы фальклорнага калектыву Веры Пісюковай, якой, на жаль, ужо няма сярод нас. Можна паўдзельнічаць і ў народных абрадах гадавога і сямейна-абрадавага цыкла, майстар-класах па побытавых танцах і нават паласавацца ўнікальнымі мясцовымі стравамі “Цыбрыкі” і “Раўгеня”. Першая — піражкі з грыбамі, другая — адмысловы напой.
Прывіды запрашаюць
Прывабнай асаблівасцю для турыстаў у Сільніцкім СДК з’яўляецца перш за ўсё сам будынак, у якім размяшчаецца ўстанова культуры — колішняя сядзіба пана Лісоўскага. Таму пачынаецца падарожжа са знаёмства з цікавай гісторыяй мясцовага пана і яго сядзібы, пабудаванай у XVIII стагоддзі. “Сядзіба з’яўляецца месцам містычным, — распавядае Вольга Чобат, кіраўнік фальклорнага ансамбля “Блізнянка”. — Самі па сабе могуць адчыняцца дзверы ці нечакана зайграе музыка. Нават запрашалі спецыялістаў, якія пацвердзілі наяўнасць паранармальных з’яў”.
А яшчэ тут на базе бібліятэкі адчынены музей этнаграфіі, экспанаты для якога старанна збірала кіраўнік фальклорнага калектыву разам з мясцовымі жыхарамі. У залежнасці ад пажаданняў турыстаў фалькларысты ладзяць тэатралізаваную дзею “Гадавое кола” ў этнаграфічным кутку Сільніцкага СДК з дэманстрацыяй рэгіянальных абрадавых асаблівасцей, свят Каляды, Вялікдзень, Юр’е, Купалле, Зажынкі, Дажынкі, Радзіны… Мясцовыя стравы: рыбнае шчаўе і таўчонікі з макам заўсёды прыходзяцца даспадобы ўдзельнікам этнаграфічнага экскурсу “Тут кожны крок — гісторыі часціца”, а векавы вяз (па расказах месцічаў) дапамагае набрацца моцы.
Дзе жыў Хруцкі
А вось на базе Палатоўскага СДК у гэтым годзе адчынілася “Мядовая гасцёўня”. Падштурхнула тое, што мясцовае сельгаспрадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці мёду. Пачаць падарожжа ў Палату работнікі СДК прапануюць з наведвання памятнага знака, усталяванага каля вёсцы Захарнічы, дзе жыў знакаміты полацкі мастак Іван Хруцкі, а потым турыстычную групу запрашаюць да крыніцы Пана Казіміра ў в. Казімірова. Трэцяя лакацыя на шляху — пчаліная пасека сельгаспрадпрыемства “Палата”, дзе можна набыць салодкага мядку і скарыстацца паслугай “Сон на пчаліных вуллях”. Паслуга — унікальная. Чалавек кладзецца спаць у спецыяльным дамку, пад якім захоўваюцца вуллі. Кажуць, сон у такіх умовах (пад пчалінае “жу-жу”) вельмі аздараўленчы. Прыязджайце праверце.
Фінал маршруту — “Мядовыя вытокі Палатоўскага краю”. Такую назву мае забаўляльнае мерапрыемства. Работнікі ўстановы культуры праводзяць тэатралізаваную і гульнёвую праграмы ў памяшканні “Мядовай гасцёўні”, знакомяць прысутных з гісторыяй яе стварэння, расказваюць пра ўнікальныя экспанаты пчалярскай справы, прадстаўленыя ў рамках экспазіцыі, частуюць фітагарбатамі з розных траў (па жаданні), мёдам і іншымі салодкімі пачастункамі.“Мы працуем у тандэме з сельгаспрадпрыемствам, — кажа Ірына Ніколенка, загадчык Палатоўскага СДК. —Выгадна ўсім — сельгаспрадпрыемству, таму што мы прывозім турыстаў на пасеку, дзе большасць з іх абавязкова набывае мёд (некаторыя карыстаюцца і іншымі паслугамі), і Дому культуры — маршрут атрымліваецца больш прывабным, насычаным і інфарматыўным.
“Белая птушка” будзе побач
А вось раённы цэнтр культуры прапануе жыхарам і турыстам, якія наведваюць Полаччыну, анімацыйныя групы суправаджэння — мабільныя творчыя калектывы, здольныя выехаць у любую кропку горада і раёна з цікавай праграмай, рэквізітам і касцюмамі: арт-група “Белая птушка”, як сімвал нашай радзімы; нацыянальная парад-група з традыцыйнымі хлебам-соллю; арт-група “Колер радзімы” з канцэртнай праграмай; фольк-м’юзік група “Балагулі”...
Калектыў нашай установы разумее, што канкурэнцыя на рынку турыстычных паслуг высокая. Але, прадстаўляючы ўнікальны турыстычны прадукт, у нас таксама ёсць усе магчымасці быць запатрабаванымі. І мы гэтыя магчымасці імкнёмся выкарыстоўваць.
Аляксей ЗУЕЎ,
намеснік дырэктара Полацкага раённага цэнтра культуры
Фота з архіва
Полацкага раённага цэнтра культуры