Выстава памяці скульптара Аляксандра Лышчыка. Сёлета яму споўнілася б 70 год, але, на жаль, яго з намі няма. Ён пайшоў з жыцця дзесяць год назад. Выставу падрыхтаваў ягоны сын Вячаслаў. Уладальнік творчай спадчыны спадара Аляксандра лічыць, што створанае ягоным бацькам мае каштоўнасць не толькі для сям’і і сяброў, але і для грамады ўвогуле. І выстава гэту думку цалкам пацвярджае. Сын, як аўтар экспазіцыі, імкнуўся стварыць у выставачнай зале атмасферу творчай майстэрні. Каб была ілюзія, што зараз скульптар увойдзе ў пакой і возьмецца за працу. Можа, не цалкам, але ў пэўнай ступені гэта атрымалася. Адчуваецца, што Аляксандр Лышчык пайшоў з жыцця, не завяршыўшы шмат задум, маючы шмат планаў. Інакш кажучы, не да канца скарыстаўшы творчы патэнцыял.
Не ўсім дадзена займаць першыя радкі ў гісторыі мастацтва краіны, але сама прыналежнасць да культурніцкіх працэсаў ужо падарунак лёсу. Творчы лёс Аляксандра Лышчыка можна лічыць шчаслівым. На ягоным рахунку станковыя і манументальныя творы, што радуюць вока і з’яўляюцца чыннікам вобраза часу, у якім спадар Аляксандр жыў і працаваў. А чаго яшчэ жадаць мастаку?
Кераміка і шкло на выставе “Пласт-21”. Калі скульптуры ці жывапісу ад пачатку цывілізацыі надаваўся сакральны сэнс, дык кераміка, а пазней шкло, зыходна мелі чыста функцыянальная прызначэнне. Кераміка — посуд і дахоўка, шкло — зноў жа посуд і вокны. Гэта калі спрошчана глядзець на гісторыю матэрыяльнай культуры. Але аднойчы посуд пачалі ўпрыгожваць арнаментам, а потым і сюжэтнымі карцінамі — і працэс, што называецца, пайшоў. Са шклом было тое самае. У маёй уласнай хаце большая частка рэчаў са шкла і керамікі, хоць і маюць нейкае ўмоўнае функцыянальнае прызначэнне, у асноўным стаяць без справы, хіба што вока радуюць.
Пласт — гэта керамічная ці, у дадзеным выпадку, шкляная рэч, галоўнае і, бадай, адзінае прызначэнне якой — быць прыгожай. Пласт — значыць плоскі. Яго можна павесіць на сцяну як карціну альбо на што-небудзь пакласці. Наяўнасць такой прыгожай рэчы ў хаце, офісе ці ў грамадскай прасторы зробіць самы што ні ёсць ніякі інтэр’ер у чымсьці ўнікальным і ўтульным. Прычым зробіць не толькі эфектна, але і адносна танна. Керамікай хату ўпрыгожыць усё адно танней, чым замовіць фрэску ці мазаіку. Прынамсі, так мне падаецца. Пра кераміку аўтарства, скажам, Пікаса я не кажу.
А для мастака пласт — неабсяжнае поле эксперыментаў з пластыкаю, колерам і фактурамі. Нездарма ў гэтай выставе бралі ўдзел вядомыя майстры і маладыя прафесіяналы, што яшчэ толькі шукаюць свой стыль. Сярод удзельнікаў — Наталля Яўглеўская, Эмілія Фокіна, Тамара Васюк, Аляксандр Зіменка, Валерый Калтыгін, Вольга Сазыкіна…
“35 год пад знакам “Ч”. Выстава прысвечана сумнаму юбілею Чарнобыльскай трагедыі. Мы ўжо згадвалі пра выставу, калі яна ладзілася ў Гомелі, у Палацы Румянцавых і Паскевічаў. У Мінску прадстаўлена больш за 70 работ. Гэта жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Вядома, што адны і тыя ж творы ў рознай выставачнай прасторы могуць успрымацца па-рознаму. Скажам так, як п’еса, пастаўленая тэатральнай трупай на ўласнай сцэне і прадстаўленая на гастролях. Нешта падобнае і тут. Гомельшчына — гэта месца побач з катастрофай і непасрэдна той бядою закранутае. Сталіцы той Чарнобыль таксама даўся ў знакі, але ў параўнанні з Палессем — хіба што крысом зачапіў. Адсюль і рознае ўспрыманне тае выставы палешукамі і мінчукамі. Удакладняць не буду, і так зразумела.
35 год пад знакам “Ч”. Нагадаю, што “час “Ч” узяты з ваеннага лексікону. Як і “дзень “Д” гэта азначае час пачатку нейкай аперацыі, рэальны тэрмін якой з розных прычын можа неаднаразова пасоўвацца. Гэта калі ўсё вырашана і толькі чакаюць, калі танкістам будзе загад націснуць старцёры.
У гэтым святле назва выставы набывае нейкі містычна-змрочны сэнс. Нібыта Чарнобыльская альбо нейкая аналагічная ёй трагедыя была прадвызначанай самой хадою савецкай гісторыі і мусіла раней ці пазней здарыцца, калі наспее, набрыняе гэты пракляты “Дзень “Д”/ “Час “Ч”. Як 22 чэрвеня 1941 года. “Ну ніколі такога не было, і зноў тое ж самае!” — бессмяротная фраза Віктара Чарнамырдзіна вельмі пасуе сітуацыі 26 красавіка 1986 года.
Выстава, пра якую ідзе гаворка, стала падзеяй. Не тое каб яна адкрыла нам вочы на тое, што мы раней не ведалі. Альбо адкрыла грамадзе таленты, пра якія мы раней не чулі. Насамрэч самыя пранікнёныя, выпакутаваныя творы з’явіліся на самым пачатку асэнсавання намі Чарнобыльскай бяды. На мяжы 80-х — 90-х гадоў. Карціны, нават створаныя паводле поклічу сэрца, але праз дзесяткі год пасля падзеі, не пераважаць эцюдаў, напісаных па «гарачых слядах» у зоне адчужэння.
Гэта выстава таму і з’яўляецца падзеяй, што прымушае помніць тое, што нельга забыць. А забыць нельга, бо гісторыя, з якой не зроблены высновы, мае завядзёнку паўтарацца. У той ці іншай форме.