Выстава “Жывыя і вясёлыя” праходзіць у Новасібірскім дзяржаўным краязнаўчым музеі, але навуковым кіраўніком яе выступіла даследчыца яўрэйскай культуры з Мінска — Іна Герасімава, якая з 2002 па 2012 год узначальвала Музей гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі. Няпросты лёс Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР, вядомага таксама пад рускамоўнай абрэвіятурай БелГОСЕТ, яна даследуе даўно і ўсур’ёз. Я скантактаваўся са спадарыняй Інай праз сацыяльныя сеткі, і гэты аповед рэтранслюю праз ейныя ўспаміны.
Трупа тэатра ў 1928 годзе.
Яшчэ ў 2006 годзе ў Мінску і Маскве пад яе навуковым кіраўніцтвам праходзіла выстава “Яўрэйскі тэатр у Беларусі”, а таксама экспанавалася серыя графічных работ “Яўрэйскія пісьменнікі”, створаная вядомым мастаком Лазарам Ранам. У Маскве выставы праходзілі дзякуючы супрацоўніцтву з Расійскай дзяржаўнай бібліятэкай мастацтваў, дзе таксама рэгулярна адбываюцца міжнародныя Міхоэлсаўскія чытанні, прысвечаныя памяці славутага акцёра і рэжысёра Саламона Міхоэлса. А зусім нядаўна даследчыца пачала працу над кнігай, прысвечанай гісторыі яўрэйскіх тэатраў Беларусі наогул — і найбольшая частка яе акурат будзе распавядаць аб дзейнасці Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР.
Нечаканая ўдача
І тут здарылася фантастычнае супадзенне — акурат на пачатку працы над кнігай Іна Герасімава атрымала вестку з Новасібірску, што там хочуць зладзіць выставу, прысвечаную мінскаму яўрэйскаму тэатру, які знаходзіўся ў гэтым горадзе ў эвакуацыі падчас вайны. Высветлілася, што ідэя такой экспазіцыі з’явілася ў Арцёма Готліба — музейнага супрацоўніка з Масквы, які нарадзіўся і вырас у Новасібірску.
Будынак на вуліцы Валадарскага, дзе з 1932 года размяшчаўся Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР.
Аднойчы ў музеі маскоўскай сінагогі на Малой Броннай вуліцы ён выпадкова пабачыў відэа інтэрв’ю дырэктара музея Святланы Багданавай з Аскарам Фельцманам, у якім славуты кампазітар згадваў, між іншага, што працаваў падчас вайны ў Новасібірску ў эвакуяваным Дзяржаўным яўрэйскім тэатры БССР. Арцём Готліб быў уражаны — ён ніколі не чуў аб такой установе. Зрэшты, неўзабаве ён з не меншым здзіўленнем высветліў, што яго бабуля і дзядуля добра ведалі пра яўрэйскі тэатр з Мінска, наведвалі яго спектаклі, а галоўны рэжысёр тэатра нават бываў у іх доме.
Акурат у гэты час Расійскі яўрэйскі кангрэс абвясціў конкурс на найлепшы выставачны праект. Новасібірскі дзяржаўны краязнаўчы музей, дзе некалі пэўны час працаваў Арцём Готліб, падаў заяўку на грант для арганізацыі выставы — і атрымаў яго. Пазней, падчас працы над стварэннем экспазіцыі, Іна Герасімава прыгадала, што калісьці ёй нават удалося адшукаць у новасібірскай прэсе рэцэнзію на адзін са спектакляў яўрэйскага тэатра з Мінска, напісаную дзядулем Арцёма Готліба — Ойзерам.
Аднак у самім Новасібірску засталося надта мала матэрыялаў па гісторыі Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР. Асноўную масу крыніц тут складалі фінансавыя справаздачы: эвакуяваны тэатр фінансаваўся як урадам БССР, які тады знаходзіўся ў Маскве, так, часткова, і гарадскімі ўладамі Новасібірска. Але ж на падобным матэрыяле экспазіцыю не пабудуеш. Тады арганізатары выставы і вырашылі звярнуцца да Іны Герасімавай, якая назапасіла багата інфармацыі і каштоўных дакументаў па гісторыі яўрэйскага тэатра з Мінска. Так і паўстала экспазіцыя, прысвечаная, вядома, збольшага новасібірскаму перыяду ў гісторыі тэатра. Але змяшчае яна і ўступную частку, якая дазваляе прасачыць зараджэнне і развіццё гэтай установы ў даваенныя гады.
Не многія ведаюць…
У дарэвалюцыйны час яўрэйскіх прафесійных тэатраў у Беларусі папросту не існавала. Наогул жа, родапачынальнікам яўрэйскага тэатра ў Расійскай Імперыі лічыцца драматург і рэжысёр Абрам Гальдфадан. Ён стварыў сваю трупу і ўпершыню выступіў з пастаноўкай паводле п’есы “Бабуля і ўнук” у 1876 годзе ў румынскім горадзе Ясы, а ўжо ў 1880 годзе трупа Гальдфадана гастралявала і ў Мінску. Тым не менш, свой прафесійны яўрэйскі тэатр у Беларусі ўзнік толькі пасля 1917 года. Вядома, што Беларускі дзяржаўны тэатр, сёння вядомы як Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, быў утвораны ў 1920 годзе — сёлета ён адзначае стагоддзе сваёй гісторыі. Але не многія ведаюць, што пры Беларускім дзяржаўным тэатры адразу ж была заснаваная і яўрэйская трупа - аднак ігралі ў ёй не мясцовыя акцёры.
Сцэна са спектакля “Музыкант”.
Тым часам, у 1921 годзе ў Маскве быў заснаваны Беларускі дзяржаўны інстытут сцэнічнага мастацтва, а праз год пры ім паўстала Яўрэйская студыя драмы і музыкі. Кіраваў ёю Міхаіл Рафальскі, які нарадзіўся ў 1889 годзе ў Кіеве, але пазней звязаў свае жыццё і творчасць з Беларуссю. У 1918 годзе ў Харкаве ён стварыў першы ва Украіне яўрэйскі тэатр “Унзэр вінкл” (“Наш куток”), з якім пазней пераехаў у Віцебск, а адтуль — у Мінск, з яго ж і павёз сваіх акцёраў на вучобу ў Маскву.
Міхаіл Рафальскі набраў у сваю трупу, збольшага, маладых акцёраў — падлеткаў пятнаццаці-шаснаццаці год. Ён усведамляў, што яўрэйскі тэатр не можа заставацца ў рэчышчы старых традыцый, таму хацеў даць сваім акцёрам сучасную адукацыю, а выкладчыкамі ў студыі выступалі найлепшыя рускія рэжысёры. Тая моладзь, якая скончыла навучанне ў студыі ў 1926 годзе, вярнулася ў Мінск, і тут на аснове гэтай трупы быў створаны Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР. Першы сезон адкрыўся 21 кастрычніка пастаноўкай паводле п’есы Іцхака Лейбуша Пераца “На пакаянным ланцугу”.
З 1926 па 1937 год тэатр паставіў дваццаць шэсць новых спектакляў сучаснага і класічнага рэпертуару, у якім асноўнае месца займалі п’есы яўрэйскіх драматургаў. Шэсць гадоў тэатр іграў на адной сцэне з Беларускім дзяржаўным тэатрам, у будынку цяперашняга Купалаўскага — а ў 1932 годзе нарэшце атрымаў уласны будынак, узведзены да рэвалюцыі як харальная сінагога. Тэатр існаваў пад пільным кантролем дзяржавы, і галоўная цяжкасць палягала ў тым, што класіку яўрэйскай драматургіі пераважна складалі п’есы аперэтачнага характару, у той час як дзяржава патрабавала ад тэатра сур’ёзнай тэматыкі, адпаведнай тагачаснай ідэалогіі. Таксама пэўную праблему ўяўляла тое, што нацыянальная яўрэйская культура базуецца на Торы і іўдаізме, чаго савецкія ўлады ніяк не маглі вітаць. Палітыка каранізацыі і падтрымкі культур нацыянальных меншасцяў паступова згортвалася, і ўжо ў сярэдзіне 1930-ых гадоў над тэатрам пачалі згушчацца хмары.
Спектакль “Чараўніца”, 1942 год. Ілюстрацыі з сайта youmuseum.ru
Так ці іначай, да таго часу Міхаіл Рафальскі здолеў выхаваць з удзельнікаў сваёй трупы таленавітых рэжысёраў: Віктара Галаўчынера, Льва Літвінава, Марка Моіна. Віктар Галаўчынер заняў пасаду мастацкага кіраўніка тэатра пасля таго, як у 1937 годзе Міхаіл Рафальскі быў расстраляны паводле сфабрыкаванага абвінавачвання ў шпіянажы на карысць Польшчы.
З іншага боку — у 1940 годзе чацвёра акцёраў Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР атрымалі званні заслужаных артыстаў БССР — гэта былі Юдзіф Арончык, Марк Моін, Маісей Сокал і Абрам Трэпель. А Леў Літвінаў яшчэ ў 1932 годзе быў прызначаны галоўным рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра: між іншым, гэта менавіта ён паставіў знакамітую “Паўлінку” ў сучаснай сцэнаграфіі, якая захоўваецца і дасюль. Але адбылося тое ўжо ў эвакуацыі, у гады вайны.
Росквіт і заняпад
Напад гітлераўскай Германіі на СССР заспеў трупу на гастролях у Віцебску, Прычым адтуль тэатр павінен быў накіроўвацца гастраляваць ў Гомель, таму туды ўжо былі адпраўленыя дэкарацыі, ноты, касцюмы і іншая маёмасць. У выніку непрадбачанага збегу абставін, кіраўнік тэатра на гэты момант быў не ў Віцебску — Віктар Галаўчынер знаходзіўся ў Адэсе. Трупа спрабавала звязацца з мінскімі ўладамі, каб высветліць, што рабіць далей у такой надзвычайнай сітуацыі, але атрымала адказ, што непакоіцца не варта і трэба заставацца на месцы — рэальны стан рэчаў не раскрывалі. Але, калі б трупа прыслухалася да парады нікуды не рухацца, акцёрам-яўрэям пагражала б немінучая гібель - і яны вырашылі ратавацца на свой страх і рызыку.
Нарэшце віцебскія мясцовыя ўлады вылучылі тэатру для эвакуацыі адзін вагон, бо трупа пакідала Беларусь з пустымі рукамі. Хто-ніхто ехаў сем’ямі, разам з дзецьмі, але іншым не пашанцавала — тыя, хто вырашыў вярнуцца ў Мінск за сваімі роднымі, ужо не здолелі выратавацца. У створаным акупантамі мінскім гета загінулі актрыса Фаіна Цыпкіна, якая на той момант чакала дзіця, памочнік рэжысёра Орлендар, акцёр дарэвалюцыйных яўрэйскіх труп і тэатразнаўца Леон Душман з жонкай — а вось сын іх здолеў уратавацца ў Новасібірску. Але туды тэатр трапіў не адразу.
Перш трупа знайшла прытулак у Горкаўскай вобласці, дзе яе ўдзельнікі вымушаныя былі выжываць у надзвычай цяжкіх умовах. Урад БССР у эвакуацыі нават ужо даслаў загад аб расфарміраванні тэатра — але акцёры не апусцілі рукі. Мастацкі кіраўнік Віктар Галаўчынер у момант пачатку вайны, як ужо згадвалася, быў у Адэсе, таму адступаў на ўсход не разам са сваёй трупай. У эвакуацыі яны пачалі з ім ліставанне, і высветлілі, што ў Новасібірску працуе сакратаром абкама партыі Мікалай Кулагін, які да вайны займаў такую ж высокую пасаду ў Мінску. Ён добра ведаў гэты тэатр, да таго ж, яго сакратаркай была мінчанка Мера Рубінская.
Акцёры здолелі трапіць да Кулагіна на прыём, і тэатр быў уратаваны — у лютым 1942 года ён перабраўся ў Новасібірск. Іна Герасімава адзначае, што гэта была сапраўдная ўдача, бо іншыя яўрэйскія тэатры ў такой сітуацыі папросту распадаліся і пераставалі існаваць. А для Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР гады эвакуацыі нечакана зрабіліся перыядам яго найбольшага росквіту. І няхай акцёры вымушаныя былі жыць у бараках, але, тым не менш, яны атрымлівалі харчаванне і грашовае забеспячэнне, карысталіся агульнай пашанай і ўвагай. Тэатр размяшчаўся ў самым цэнтры горада, у будынку Дома Леніна, у памяшканнях новасібірскага Тэатра юнага гледача. Усе касцюмы, рэквізіт, дэкарацыі, ноты засталіся ў Беларусі, забраць іх з Гомеля падчас эвакуацыі трупы, зразумела, не было ніякай магчымасці. Таму акцёры былі вымушаныя самі аднаўляць усё неабходнае для спектакляў, шыючы касцюмы і робячы дэкарацыі з падручных матэрыялаў. Дырыжор тэатра Саламон Эмерман нават цудам здолеў аднавіць па памяці партытуры музычнага суправаджэння спектакляў.
Папулярнасць — надзвычайная!
Прэм’ера тэатра ў Новасібірску адбылася 29 сакавіка 1942 года, гэта быў спектакль паводле п’есы вядомага яўрэйскага паэта Шмуэля Галкіна “Бар-Кохба”. Выбар быў невыпадковы: галоўны герой гэтага твору — гістарычная асоба, кіраўнік паўстання яўрэяў супраць рымскага панавання і прыгнёту ў першым стагоддзі нашай эры. Вядома, нельга было не заўважыць тут паралелі з барацьбой яўрэяў супраць нацызму — дарэчы, некалькі акцёраў тэатра таксама змагаліся ў шэрагах Чырвонай арміі на фронце.
Мацвей Бярозкін у ролі Бар-Кохбы. Графіка Саламона Гершава.
У Новасібірску яўрэйскі тэатр з Мінска карыстаўся надзвычайнай папулярнасцю — за гады эвакуацыі (да 1946-га) ён меў каля ста тысяч наведванняў. І гэта прытым, што ў горадзе дзейнічалі таксама эвакуяваныя славутыя тэатры з Ленінграда і іншых гарадоў. Новасібірцаў не бянтэжыла нават няведанне ідышу — неразуменне рэплік кампенсавалася выдатным акцёрскім майстэрствам. Іна Герасімава згадвае прыклад дзвюх дзяўчат-падлеткаў, якія былі эвакуяваныя ў Новасібірск з блакаднага Ленінграда. Мясцовыя жыхары адразу ж параілі ім хадзіць толькі ў яўрэйскі тэатр — і ў выніку дзяўчатам так спадабаліся гэтыя спектаклі, што адна з іх пазней нават выйшла замуж за акцёра трупы. Іна Герасімава падкрэслівае, што фантастычны поспех тэатра можна патлумачыць тым, што ў Новасібірску папросту адсутнічалі якія-кольвек падставы для антысемітызму, і таму да трупы ставіліся з надзвычайнай прыязнасцю.
Дарэчы, назва выставы “Жывыя і вясёлыя” была пазычаная акурат у аднаго са спектакляў тэатра, пастаўленых менавіта ў Новасібірску. І сапраўды — такі жыццесцвярджальны ды аптымістычны пасыл у ваеннае ліхалецце быў як ніколі неабходны як самім акцёрам, так і іх удзячным гледачам. Дарэчы, музыку да гэтага спектакля напісаў акурат Аскар Фельцман. Таксама ставіліся новыя спектаклі на актуальныя тэмы - такія як “Вока за вока” і “Помста” — пра супраціў яўрэяў Беларусі гітлераўцам, іх удзел у барацьбе з захопнікамі.
За гады Вялікай Айчыннай вайны калектыў тэатра даў у савецкім тыле каля трохсот спектакляў, яшчэ больш за пяцьсот канцэртаў прайшлі на прадпрыемствах, у калгасах, шпіталях. Выступалі акцёры тэатра і на фронце, перад байцамі, па-свойму робячы ўнёсак у агульную справу барацьбы супраць нацызму. Акцёр Маісей Сокал узгадваў: “У Малаяраслаўцы мы даём першы канцэрт. Раптам згасае святло, але мы працягваем, спяваем беларускую песню “Свецiць у небе ясная зорка”. У глядзельнай зале цішыня, даносіцца толькі артылерыйская кананада. Калі ўключылася святло, пачуліся гучныя апладысменты — напэўна, і за тое, што мы не разгубіліся. Нас віншуюць з баявым хрышчэннем”.
Але ўрэшце, калі прыйшла перамога, яўрэйскі тэатр зноў апынуўся ў нечаканым становішчы. Пасля вызвалення Беларусі і заканчэння вайны мінскія ўлады не надта спяшаліся дбаць аб вяртанні трупы ў Мінск. Ды й людзей, якія размаўлялі на ідышы, з сумнавядомых прычын у Мінску значна паменела — каля ста тысяч тутэйшых яўрэяў былі знішчаныя нацыстамі ў гета і лагерах смерці.
Тым не менш, увосень 1946 года тэатр усё-такі вярнуўся ў свой родны горад - але існаваць яму заставалася нядоўга. У рамках палітыкі скарачэння колькасці тэатраў, якія атрымлівалі дзяржаўныя субсідыі, было прынята рашэнне спыніць яго фінансавую падтрымку, і ў другім квартале 1948 года тэатр быў вымушаны сур’ёзна скараціць колькасць трупы. Гастролі па Беларусі, на жаль, істотных прыбыткаў не прыносілі, а калі тэатр паспрабаваў выправіцца на гастролі ў прыбалтыйскія рэспублікі, улады гэтага не дазволілі. А неўзабаве ў СССР распачалася ідэалагічная кампанія па змаганні супраць “касмапалітаў”. Яе антысеміцкі напрамак і вызначыў лёс Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР — у 1949 годзе ён быў ліквідаваны. Уся яго маёмасць і будынак былі перададзеныя на той час Рускаму драматычнаму тэатру імя Максіма Горкага.
Легендарныя імёны
Адным з сумных фінальных акордаў гісторыі яўрэйскага тэатра ў Мінску была, безумоўна, гібель Саламона Міхоэлса, лёс якога быў вызначаны сфабрыкаваным абвінавачаннем у шпіянажы на карысць замежнай разведкі. Прыехаўшы ў Мінск у студзені 1948 года, у выніку аперацыі савецкіх спецслужб славуты акцёр і рэжысёр быў па-зверску забіты — яго запрасілі на дачу старшыні Міністэрства дзяржаўнай бяспекі БССР Лаўрэнція Цанавы ў Сцяпянцы і там пераехалі грузавым аўтамабілем, а пасля падкінулі цела на вуліцу Гарбарную (цяпер Ульянаўская) на рагу з Беларускай. Перад гібеллю Міхоэлс завітваў да акцёраў у колішні будынак тэатра — пасля вайны гмах стаяў пашкоджаны, і спектаклі там не адбываліся, але частку памяшканняў аддалі пад інтэрнат для трупы. Актрыса Юдзіф Арончык узгадвала, што Міхоэлс абяцаў прыйсці да іх у госці яшчэ раз — і яны ўсю ноч прасядзелі, чакаючы яго…
Іна Герасімава адзначае, што памяць Саламона Міхоэлса пакуль не ўшанаваная на вуліцах Мінска. Прытым, яшчэ ў 1990 годзе Савет Міністраў БССР прыняў рашэнне аб усталяванні на колішнім будынку яўрэйскага тэатра мемарыяльнай шыльды ў яго гонар. Скульптар Аляксандр Фінскі і архітэктар Леанід Левін нават распрацавалі праекты гэтай шыльды, а таксама памятнага знаку на месцы, дзе было знойдзена цела Міхоэлса. Іна Герасімава ўзгадвае, што падчас візіту ў Мінск славутага опернага спевака Івана Казлоўскага наведвала з ім разам гэтую мясціну, а таксама ў гадавіну гібелі Міхоэлса заўжды прыносіла туды кветкі.
Не магу не нагадаць таксама і пра далейшы лёс апошняга дырэктара Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР — Віктара Галаўчынера. Пасля закрыцця тэатра ён пакінуў Беларусь і канец жыцця сустрэў у Вільнюсе, дзе памёр і быў пахаваны ў 1961 годзе. Архіў Віктара Галаўчынера сёння захоўваецца ў Літоўскім архіве літаратуры і мастацтва — з яго арганізатары выставы здабылі надзвычайную колькасць самых цікавых матэрыялаў, выкарыстаных пры падрыхтоўцы экспазіцыі. Збіралі такія матэрыялы таксама і ў сваякоў акцёраў тэатра, вялікую дапамогу аказалі і супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.
Выстава ў Новасібірску мае значны мультымедыйны складнік, тут прадстаўленыя і музыка да спектакляў, і запісы агучаных успамінаў удзельнікаў трупы. Сучасны кампазітар Андрэй Малчанаў здолеў аднавіць, пераасэнсаваць і прадставіць публіцы музычныя творы рэжысёра тэатра Льва Літвінава (Гурэвіча), аб’яднаныя ў “БелГОСЕТ-сюіце”. У выкананні шансанье Псоя Караленка і музыкаў брас-квінтэта “54” наноў загучалі на выставе песні кампазітараў, супрацоўнікаў тэатра Якава Розенфельда і Самуіла Палонскага.
Гэтыя матэрыялы, як і многія здымкі, выявы ды копіі дакументаў, можна пачуць і пабачыць анлайн на сайце Новасібірскага дзяржаўнага краязнаўчага музея ў раздзеле “Праекты”. Але хацелася б, каб калісьці і мінчукі маглі азнаёміцца з гэтай экспазіцыяй ужывую.