Пачатак ад агітбрыгад
Сваю гісторыю цэнтр пачаў з 1939 года як абласны Дом народнай творчасці. Паколькі Брэст амаль што цалкам быў знішчаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у архівах не захаваліся дакументы, які распавядаюць пра гэты перыяд работы.
З 1944 па 1946 год змянілася пяць дырэктараў. Пры АДНТ адкрываецца студыя выяўленчага мастацтва, у якой займаюцца самадзейныя мастакі гарадоў і вёсак вобласці. З 1952 года працуюць гурткі мастацкага слова, вышыўкі, ігры на акардыёне і баяне, драматычны і танцавальны, студыя выяўленчага мастацтва. Пашыраецца штат супрацоўнікаў, уводзяцца пасады старшых метадыстаў па хоры, харэаграфіі. Паляпшаецца матэрыяльная база, набываюцца сцэнічныя касцюмы, музычныя інструменты, рамантуецца будынак АДНТ.
50 — 60 гады — час стварэння агітбрыгад, іх станаўлення і творчага росквіту. Пры АДНТ на той момант існавала базавая агітбрыгада, якая з’яўлялася творчай лабараторыяй для раённых структур. У гэты перыяд утвараецца метадычны кабінет, дзе падабрана спецыяльная жанравая літаратура. На базе ўстановы дзейнічае “народная філармонія”, удзельнікі якой вандруюць з канцэртамі па вобласці. Актывізуецца тэатральны аматарскі рух. Дапамогу ў стварэнні драматычных гурткоў аказваюць спецыялісты Дома творчасці і студыйцы дзесяцімесячных тэатральных вячэрніх курсаў, што створаны пры АДНТ. У 1968 годзе па яго ініцыятыве ладзіцца першы абласны агляд духавых аркестраў. Досвед правядзення такіх аглядаў быў распаўсюджаны па былым Саюзе.
У сакавіку 1972 года адкрываюцца аддзелы клубнай работы і мастацкай самадзейнасці, сектары драмы і выяўленчага мастацтва. У 1975 годзе ўстанова становіцца арганізацыйна-метадычным цэнтрам першага тура Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных. У ходзе фестывалю было створана шмат калектываў мастацкай самадзейнасці. Установа ператвараецца ў абласны навукова-метадычны цэнтр. З чэрвеня 1980 года дырэктарам АНМЦ становіцца заслужаны работнік культуры краіны Святлана Гуляева.
Метадычныя цэнтры, школы народнай творчасці ўзнікаюць у гарадах і раёнах. Укараняецца сістэма абласной кадравай вучобы. Распрацавана абласная праграма па зберажэнні промыслаў і рамёстваў, дзякуючы якой на Брэстчыне ствараюцца першыя дамы рамёстваў, дамы народнай творчасці, праводзіцца першы абласны конкурс майстроў, здымаецца дакументальны фільм “Ганчарнае кола” аб гістарычным цэнтры ганчарства ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна. У 1996 годзе рашэннем Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта навукова-метадычны цэнтр ператвараецца ў абласны грамадска-культурны цэнтр.
“Скарбніца” фестываляў і сувеніраў
З 1999 па 2002 год калектыў узначальвае Людміла Бярнэй, харэограф і рэжысёр. За гэты час распрацаваны праекты правядзення Міжнароднага фестывалю харэаграфічнага мастацтва “Палескі карагод” і абласнога фестывалю эстраднага мастацтва “Рытмы маладосці”, створана лабараторыя традыцыйнай культуры. З 2003 па 2007 год дырэктар цэнтра — Марыя Аласюк. Развіваюцца і папулярызуюцца аматарская мастацкая творчасць і фестывальны рух. Распачынаецца рэканструкцыя канцэртнай і выставачнай залы. Адчыняецца салон-магазін “Скарбніца”.
З 2007-га цэнтр узначальвае Святлана Каржук. Сёння ўстанова каардынуе дзейнасць 12 метадычных цэнтраў, 4 метадычных аддзелаў, 16 клубных сістэм, работу 469 клубных устаноў, у якіх ажыццяўляюць сваю дзейнасць 3788 клубных фарміраванняў і 420 калектываў з найменнем “народны”, “узорны”, са званнем “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”.
Канцэртная зала на 562 месцы з’яўляецца адной з лепшых канцэртных пляцовак Брэсцкай вобласці. Сучасная выставачная зала штогод прэзентуе каля дваццаці выстаў мастакоў, прафесіяналаў і аматараў, майстроў народнай творчасці. Побач працуе салон-магазін “Скарбніца”. Тут пакупнікам прапаноўваецца больш за 800 аўтарскіх работ і сувеніраў.
Пашырылася і фестывальная палітра. Калі раней за год ладзіліся адзін — два фэсты, то цяпер — ад 10 да 20. Галоўныя іх задачы — захаванне традыцыйнай культуры, фальклорнага мастацтва, роднай мовы і розных жанравых кірункаў аматарскай творчасці. Многія сталі брэндавымі. З 1989 года праходзіць абласны фестываль народнай творчасці “Не старэюць душой ветэраны”, з 1986-га — абласны агляд-конкурс і свята духавой музыкі “Фанфары”, з 1990-га раз у чатыры гады ладзіцца абласны агляд-конкурс “Берасцейскія забаўлянкі”, раз у тры гады з 1996-га праводзіцца абласное свята народнага гумару “Спораўскія жарты”.
Даспадобы гледачам прыйшліся абласны фестываль сучаснага мастацтва “Эстрадны МІХ”, форум “З любоўю да песні”, музычны праект “Дэбют з аркестрам”, абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”, свята фальклорнага мастацтва “Таночак”. З гэтай нагоды шмат мерапрыемстваў адбылося падчас святкавання тысячагоддзя Брэста.
Не капітал і не сродкі вытворчасці
На базе БрАГКЦ дзейнічае і некалькі клубных утварэнняў. Каля дваццаці гадоў працуе абласны клуб майстроў народнай творчасці “Скарб”. Ён аб’яднаў лепшых майстроў розных жанраў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з розных куткоў Брэсцкай вобласці. За гады існавання клуба наладжана мноства выстаў і майстар-класаў па аднаўленні рэдкіх рамёстваў, а семінары і канферэнцыі з удзелам майстроў-рамеснікаў сталі традыцыйнымі.
Клуб нацыянальных культур “Садружнасць” існуе з 2011 года. У выніку цэнтр стаў ядром садружнасці сямі нацыянальных супольнасцяў. У яго склад увайшлі прадстаўнікі ўкраінскага навукова-педагагічнага саюза “Берагіня”, абласнога аддзялення “Міжнароднага кангрэса азербайджанскіх таварыстваў”, рускія, яўрэйскія, польскія суполкі…
Галоўнае багацце любой арганізацыі — не капітал і нават не сродкі вытворчасці. Гэта — супрацоўнікі, якія з’яўляюцца адначасова і абліччам установы, і яе мозгам і рухавіком. Калектыў Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра — гэта шматпрофільныя высокакваліфікаваныя спецыялісты. Усе мы розныя, але нас аб’ядноўвае любоў да культуры і да справы, якой кожны з нас займаецца. У нас сфармавалася атмасфера прафесійнага братэрства, якая бывае толькі сярод прафесіяналаў.
Мнагалетняя плённая праца і назапашаны вопыт вядуць нас да новых вяршыняў, натхняюць на вялікія творчыя здзяйсненні. З цвёрдай упэўненасцю ў сённяшнім дні і верай у шчаслівую будучыню — мы пачынаем адлік новага дзесяцігоддзя і ідзём насустрач новым юбілеям.
Мы пішам гісторыю нашага цэнтра разам!
Супрацоўнікі Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра
Фота з архіва БрАГКЦ