Дыскусія ў новым фармаце
Падчас адкрыцця школы да ўдзельнікаў звярнуліся першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі і намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Віктар Калачоў. Кульмінацыйным момантам урачыстай прэлюдыі стала цырымонія перадачы ў дар Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме краязнаўчай літаратуры з усіх рэгіёнаў краіны — дзякуючы гэтай акцыі, прымеркаванай да Года малой радзімы, фонды публічных бібліятэк Аршанскага раёна папоўніліся на 750 каштоўных выданняў.
А потым быў хуткі пераход ад урачыстасцей да “праблемнай будзённасці”. Адзін з мадэратараў пленарнага пасяджэння, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, у прыватнасці заўважыў: “Сёння ў нас з’явілася прынцыпова новая пляцоўка для канструктыўнай працы. Ёсць праблема — агучвайце! Калі мы не агучым гэтыя праблемы публічна, яны, хутчэй за ўсё, і вырашацца не будуць”.
Чаму Орша?
Нацыянальная бібліятэка Беларусі традыцыйна ладзіць і курыруе мноства мерапрыемстваў: Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры” (дарэчы, сёлета ён адбудзецца ўжо ў шосты раз, 16 — 17 кастрычніка, і яго тэма вызначана як “Паслугі і сервісы бібліятэк у сучаснай інфармацыйнай прасторы”), форумы кшталту “Электронная бібліятэка”, семінары па асобных праблемах (напрыклад, аптымізацыя бібліятэк у сельскай мясцовасці, камплектаванне бібліятэк, іх віртуальнае абслугоўванне), шматлікія выставачна-асветніцкія праекты ды многае іншае.
— Але гэтыя мерапрыемствы адбываюцца, як правіла, у Мінску, — распавядае Алесь Суша. — Нашую багатую сталічную інфраструктуру ўсе любяць… Аднак гэтая любоў — таксама і недахоп. У бібліятэкараў з рэгіёнаў падсвядома нараджаецца комплекс непаўнавартаснасці: маўляў, ну гэта ж сталіца, а як я ў сваёй вёсцы зраблю тое самае? Таму досвед кангрэсу бібліятэкараў на базе раённага цэнтра — вельмі важны: мы бачым канкрэтную сітуацыю і спрабуем у гэтай канкрэтнай сітуацыі нешта зрабіць.
Яшчэ адна навацыя школы тычыцца кантынгенту яе ўдзельнікаў. Пераважная большасць мерапрыемстваў, якія ладзіць Нацыянальная бібліятэка Беларусі, мае міжгаліновы характар і збірае бібліятэкараў, прыналежных да розных ведамасных структур, працуючых у школьных, царкоўных, санаторных, турэмных бібліятэках. У кожным выпадку ёсць свая зацікаўленая аўдыторыя і, адпаведна, свая праграма. Школа ж у Оршы сабрала кіраўнікоў, іх намеснікаў і спецыялістаў менавіта публічных бібліятэк краіны.
Адсюль і інавацыйны фармат школы: яе праграма была разбітая не на секцыі, а на сесіі, прысвечаныя такім тэмам, як карпаратыўныя інфармацыйныя рэсурсы, аддаленае абслугоўванне, кніжная спадчына, кадравае забеспячэнне. Ішлі яны не паралельна, а ў лінейнай часавай паслядоўнасці — адна за адной. Таму ўсе наведвальнікі школы мелі магчымасць ахапіць праграму цалкам, а не фрагментарна. Новы фармат “Каб усе адчулі і пачулі ўсё” пад дэвізам “Лепш мы больш пасядзім, чым не пачуем” цалкам апраўдаў сябе.
Аршанская ж ЦБС абраная невыпадкова: па выніках мінулагодняга аналізу развіцця культуры ў раёне была прынятая адпаведная праграма, у якую па ініцыятыве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўключылі школу дырэктараў бібліятэк.
— Аднак мы не ставілі задачу стварыць узорна-паказальную мадэль бібліятэчнай справы на прыкладзе Аршаншчыны, — адзначае Алесь Суша. — Натуральна, у кожнага раёна свая спецыфіка, ёсць мацнейшыя і ёсць слабейшыя, ёсць, урэшце, больш і менш населеныя. Нам проста хацелася на канкрэтным прыкладзе паказаць, як яно, па вялікім рахунку, павінна быць, якія прагрэсіўныя метады могуць быць выкарыстаныя ў дзейнасці бібліятэк…
Але тут жа заўважу наперад: нам бы не хацелася, каб Нацыянальная бібліятэка Беларусі нешта некаму навязвала. Мы заўжды гатовыя падтрымаць любыя ініцыятывы з рэгіёнаў, распавесці пра свой досвед, даць пэўныя рэкамендацыі — але ў той жа час разумеем, што нейкага ўніфікаванага шляху няма. Таму будучыня школы залежыць толькі ад ініцыятывы з саміх рэгіёнаў.
А па дарозе…
Трэба ведаць гэтых апантаных бібліятэчнай справай людзей з каманды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі! Таму і не здзіўляешся, што па дарозе ў Оршу і дадому ў Мінск яны вырашылі зрабіць некалькі прыпынкаў, каб пабачыць на свае вочы, як сёння жыве бібліятэка на вёсцы. Пабачыць у якасці не сталічных “рэвізораў”, а проста неабыякавых калег.
І тут дэлегацыю НББ чакала нямала прыемных неспадзяванак, дый проста цікавых назіранняў. Скажам, у даволі вялікай вёсцы Задроўе бібліятэка дзеліць памяшканне з фельчарска-акушэрскім пунктам — што дадае наведвальнікаў, якія вырашаюць паправіць не толькі фізічнае, але і душэўнае здароўе. А ў вёсцы Пішчалава бібліятэка займае крыло будынка міжваеннага часу. Пячны абагрэў узімку, прыемная прахалода ў летнюю спёку і ўсе астатнія выгоды драўлянай хаціны 1930-х гадоў пабудовы. Невялічкая бібліятэчка ў Смалянах прытулілася таксама ў двухпавярховым будынку, дзе разам з ёй знайшлі прапіску і сельсавет, і банк, і аптэка… Сапраўды цэнтр вясковага жыцця.
— Некаторыя з бібліятэк Аршанскага раёна мы ўжо наведвалі недзе з паўгода таму, — кажа Алесь Суша. — І галоўнае нашае сённяшняе назіранне: бібліятэкі ў раёне сталі мацнейшымі — і ў плане матэрыяльнай базы, і ў плане абслугоўвання. Рэспект мясцовым культработнікам, якія ўлічылі нашы рэкамендацыі падчас першага візіту. А з не вельмі прыемнага — па-ранейшаму невысокі ўзровень аўтаматызацыі. Камп’ютарны парк або вельмі састарэў, або яго ўвогуле няма. Электронныя базы даных, падключанасць да глабальных сетак, аддаленае абслугоўванне, уласныя сайты — усё гэта пакуль што не пра вясковую бібліятэку.
Гэтая ўпартая рэч — статыстыка
Але ж вернемся ў школу. Безумоўна, самым праблемным на пленарным яе пасяджэнні было выступленне загадчыка навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства НББ Марыны Пшыбытка, якая зрабіла аб’ектыўны аналіз паказчыкаў змянення колькасці (дакладней, іх скарачэння) публічных бібліятэк у краіне. Зрэшты, статыстыка за 2018 год радуе: летась назіралася мінімальнае за апошнія дзесяць гадоў скарачэнне. У некаторых абласцях — у прыватнасці, Гомельскай — ніводная бібліятэка не пацярпела. У Мінскай скарачэнне склала толькі 0,3 працэнты.
Іншая справа — паказчыкі даступнасці публічных бібліятэк у сельскай мясцовасці і ахопу бібліятэчнага абслугоўвання. Лічбы прымушаюць сур’ёзна задумацца: калі яшчэ ў 2011 годзе мы маглі пахваліцца 51 працэнтам ахопу сельскага насельніцтва, то ўжо да 2015 года — толькі 41 працэнтам, і гэты лік на сёння яшчэ зменшыўся.
— Безумоўна, мы бачым выйсце ў развіцці сеткі бібліёбусаў, — заўважыла Марына Пшыбытка. — Але і іх колькасць, і іх якасць часта прымушаюць жадаць лепшага.
Удзельнікам Рэспубліканскай школы на экране была прадэманстравана красамоўная карцінка: бібліёбус беларускі і бібліёбус фінскі. Ці павінна бібліятэка на колах мець свой фіксаваны кніжны фонд, выхад у інтэрнэт, хаця б мінімальнае перыферыйнае абсталяванне (ксеракс, прынтар)? Пытанні рытарычныя і для спецыялістаў, і для многіх паспалітых вяскоўцаў, якія чакаюць прыезду кніжніцы з не меншай радасцю, чым аўталаўкі.
Яшчэ адна красамоўная лічба, агучаная Марынай Пшыбытка: скарачэнне фізічных карыстальнікаў публічных бібліятэк за апошнія тры гады склала 3,8 працэнты. Але, з другога боку, колькасць фізічных наведванняў за гэты ж час узрасла на 6,5 працэнта — у першую чаргу за кошт самых разнастайных сацыякультурных мерапрыемстваў, якія ладзяць бібліятэкі ва ўласных сценах і па-за імі. Толькі ці можна далучаць да дзяржаўнай статыстыкі наведвальнікаў тых імпрэзаў, якія бібліятэкары ладзяць, скажам, у парку? Гэта пытанне.
А вось, напэўна, самая аптымістычная лічба: па выніках 2018 года ў
параўнанні з 2015 годам прырост наведвання публічных бібліятэк, у тым ліку за кошт аддаленых карыстальнікаў, склаў 18,5 працэнтаў. У гэтым сэнсе мэтавы паказчык Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на пяцігодку нават перавыкананы.
— Але мы разумеем, што далейшы рост магчымы толькі ва ўмовах належнай інфарматызацыі нашых публічных бібліятэк, — адзначыла Марына Пшыбытка.
Працэнт іх камп’ютарызацыі па абласцях розны. На сёння цалкам камп’ютарызаваныя бібліятэкі Гродзенскай вобласці, амаль цалкам — Магілёўшчыны, астатнія — пакуль што ў працэсе. 78 працэнтаў айчынных публічных бібліятэк маюць выхад у інтэрнэт (100-працэнтны паказчык, зноў жа, у Гродзенскай вобласці). Нямала пытанняў выклікае і зарэгістраванасць / незарэгістраванасць бібліятэчных сайтаў — што, у сваю чаргу, спараджае блытаніну ў дзяржаўнай статыстыцы адносна паказчыкаў наведвання.
Тэхналогіі — не чароўная палачка
Два іншыя ключавыя даклады на пленарным пасяджэнні школы — “Заканадаўчае рэгуляванне бібліятэчнай дзейнасці” загадчыка сектара навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства НББ Беларусі Наталлі Замаевай і “Бібліятэкі ў “аблоках” у кантэксце найбліжэйшай перспектывы іх развіцця” загадчыка інфармацыйна-вылічальнага аддзела Алены Палітыка.
Па словах Наталлі Замаевай, нарматыўна-прававая база бібліятэчнай справы ў нашай краіне перыядычна папаўнаяецца і ўдасканальваецца, але па-ранейшаму застаюцца нявырашанымі пытанні адносна паказчыкаў дзейнасці бібліятэк у інфармацыйным асяроддзі. Гэты сегмент дзейнасці бібліятэк на сённяшні дзень рэгулююць рознага кшталту міжнародныя стандарты, а таксама лакальныя дакументы, распрацаваныя спецыялістамі буйных і высокатэхналагічных бібліятэк нашай краіны, якія носяць толькі рэкамендацыйны характар. Ёсць патрэба ў неадкладнай актуалізацыі ўжо існых нарматыўна-прававых дакументаў і прывядзенні іх у адпаведнасць з сучаснымі актуаліямі і перадавымі міжнароднымі рэкамендацыямі ў гэтай галіне.
Тэмай апошняга пяцігоддзя, якая шырока абмяркоўваецца ў спецыялізаваных і агульнаграмадскіх СМІ, Алена Палітыка назвала “воблачныя тэхналогіі”, хоць сам гэты тэрмін узнік параўнальна нядаўна — у 2008 годзе. “Аблокі” і на самай справе ўпэўнена ўваходзяць у прафесійнае і паўсядзённае жыццё: там, у “паднябессі”, мы захоўваем нашу электронную пошту, фотаздымкі, музыку… Гэта адмысловы хутказменлівы і нябачны пласт, які ўплывае на ўсе аспекты жыцця, у тым ліку жыцця бібліятэк.
І можна толькі здагадвацца, наколькі цяжка сёння апошнім вытрымаць тэмпы развіцця. Павелічэнне колькасці аб’ёму даных прыводзіць да росту затрат на набыццё сістэмных кампанентаў і вылічальных комплексаў, не кажучы ўжо пра падтрымку наяўнага абсталявання. Таму і нядзіўна, што пры пастаянным дэфіцыце фінансавання на закупы новых софтаў назіраецца значнае адставанне ў развіцці IT-інфраструктуры бібліятэк — і гэта пры тым, што далёка не кожная публічная бібліятэка можа дазволіць сабе мець адмысловых спецыялістаў.
Тым не менш, пераход да “воблачных тэхналогій” — непазбежная рэальнасць. Адпаведна, непазбежная і змена стратэгіі развіцця бібліятэк, якая ўключае поўнае пераасэнсаванне ролі інфармацыйных тэхналогій.
— Што ж, усё новае і прагрэсіўнае прымушае нас сутыкацца з цяжкасцямі, — заўважыла Алена Палітыка. — Але самая галоўная з іх палягае не столькі ў тэхнічных задачах, колькі ў выбары правільнага кірунку далейшага развіцця. Для бібліятэк галоўнае сёння — не ліхаманкава пераводзіць усе свае сістэмы ў “аблокі”, а выпрацаваць уласны план, разумна выкарыстаць усе перавагі сітуацыі. Самі па сабе “аблокі” — не чарадзейная палачка. Важна навучыцца імі прафесійна карыстацца.
“Элементарны анахранізм”
Складана нават пералічыць усе пытанні і падпытанні, якія ўздымаліся і абмяркоўваліся падчас працы школы дырэктараў — ад спецыфікі карпаратыўных бібліятэчных рэсурсаў да аддаленага абслугоўвання карыстальнікаў і, далей, кадравага забеспячэння дзейнасці публічных бібліятэк. Але на адной праблеме хацелася б усё-такі засяродзіцца, бо яна — не толькі бібліятэчная, а і ўвогуле, так бы мовіць, наша ўсіхная. Гаворка ідзе пра нацыянальныя брэнды і знакавыя культурныя каштоўнасці, іх ролю ў прасоўванні вобраза бібліятэкі і перспектывы дзейнасці саміх устаноў праз выкарыстанне гэтых культурных брэндаў
Пра гэта ярка распавёў Алесь Суша. Фактычна, дакладчык апеляваў да бібліятэкі ні больш ні менш як да адмысловага інстытута памяці, інструмента ў справе фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці, засяроджваўся на нібыта дыханамічных пытаннях суадносін эканомікі і культуры, духоўнага скарбу і абсалютна рэальных фінансавых выгод, якія можна атрымаць пры карэктным выкарыстанні гэтых скарбаў. Спадар Алесь прызнаецца, што ў яго палемічным выступленні было багата “правакацый”, але менавіта так — у двукоссі.
Скажам, ён агучыў наступныя звесткі: з шасці абласных бібліятэк у нашай краіне тры носяць імя Леніна, адна — Пушкіна, адна — Горкага і толькі адна — нашага суайчынніка Яўхіма Карскага. З усіх цэнтральных бібліятэк (абласных, раённых, гарадскіх) пяць (найбольшая колькасць) носіць імя Пушкіна, чатыры — Купалы, па тры — Леніна і Горкага, па дзве — Крупскай і Багдановіча. Як бачым, з шасці найбольш папулярных імён толькі два належаць беларусам — Купалу і Багдановічу. З філіяламі — прыблізна такая ж сітуацыя, хіба толькі наверсе апынуцца нашыя Купала з Коласам.
— Пры ўсёй павазе да тых дзеячаў, чые імёны носяць нашыя бібліятэкі, мы мусім рытарычна запытацца: а дзе Скарына, Гусоўскі, Цяпінскі, Караткевіч, Быкаў, Барадулін, Гілевіч? Знакавыя асобы, якія сапраўды шмат зрабілі для нашай культуры, — з горыччу зазначае Алесь Суша. — Можна зразумець, чаму імёны Леніна і Горкага надавалі нашым бібліятэкам у савецкі час, і гэта было тады нават правільна і лагічна. Была агромністая краіна, і трэба было фармуляваць — у тым ліку за кошт прысваення адпаведных імёнаў культурным установам — агульную для ўсёй дзяржавы ідэю, падганяць пад агульны займеннік усю ідэалагічную сістэму з яе правільнымі вобразамі. Але ж сёння мы жывём зусім у іншых умовах і ў іншым часе. І ўжо нават не толькі заходнім суседзям, але і расіянам ды ўкраінцам дзіўна бачыць шыльды з Леніным на нашых бібліятэках… Мы назіраем элементарны анахранізм.
З іншых высноў выступлення Алеся Сушы на школе дырэктараў можна вылучыць наступныя: брэнды не існуюць ад нараджэння — яны ствараюцца. Нават імя Скарыны яшчэ 100 гадоў таму ніхто не ведаў, як і Баха гадоў 200 таму: гэта ўсё некалі забытыя, а потым узноўленыя з нуля і пастаўленыя на п’едэстал імёны.
— У любым, нават базавым, падручніку па маркетынгу можна прачытаць, як і дзеля чаго ствараюцца культурныя брэнды, — працягвае спадар Суша. — Самая галоўная функцыя, якую яны выконваюць, гэта адасабленне, вылучэнне нейкай арганізацыі (установы, горада, краіны) на фоне іншых. Таму няма ніякай каштоўнасці ў тым, што мы назавём бібліятэку іменем Горкага — яна будзе тысячнай ці шматтысячнай у гэтым шэрагу… І тут важны голас саміх бібліятэк, мясцовых уладаў. Калі мы нармальна сябе адчуваем у такой сітуацыі, застаецца толькі развесці рукамі. Калі баімся пра гэта сказаць, трэба нешта рабіць з гэтай баязлівасцю. Нам вельмі бракуе ўпэўненасці ва ўласнай годнасці. Іншым разам назіраеш на актыўнасці па раскрутцы Радзівілаў, Скарыны ці тых жа слуцкіх паясоў, і ў той жа час думаеш: а калі б не было дзяржаўнага пасылу, адпаведных дзяржаўных праграм, то самі і пальцам не паварушылі б, лапцямі б па-ранейшаму ганарыліся…
Усё залежыць ад нас саміх, але трэба мець лобі
Так, на думку Алеся Сушы, можна вызначыць галоўны ўрок Рэспубліканскай школы дырэктараў бібліятэк. Гэта залежала толькі ад іх, прафесіяналаў з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, — распрацаваць Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Беларусі, і яны гэта зрабілі. Гэта залежала толькі ад іх, прафесіяналаў з Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Уладзіміра Леніна, — раскруціць брэнды Паскевічаў-Румянцавых, і яны гэта зрабілі. Гэта залежала толькі ад іх, каманды прафесіяналаў Пінскай гарадской ЦБС, — стварыць аддзел аўтаматызацыі ў сваёй сістэме, і яны гэта зрабілі. І я прывёў толькі невялічкую частку шматлікіх прыкладаў ініцыятыўнасці і творчай самастойнасці нашых публічных бібліятэк, якія былі агучаныя падчас школы ў Оршы.
— Усё залежыць ад нас, шаноўнае спадарства, — зноў і зноў падкрэслівае Алесь Суша. — Усё залежыць ад таго, як мы зможам давесці сваім чытачам і мясцовым органам кіравання сваю патрэбнасць. Калі зможам — нам будзе ўвага і падтрымка, калі не — нічога і не будзе. Часы, калі за нас усё вырашалі тыпавыя шаблонныя формы, у якія мы ўсе ўпісваліся, незваротна мінулі. Так, цяпер бібліятэкам няпроста, сённяшні час вельмі зменлівы, сур’ёзна мяняецца ўсё жыццё… Але нам трэба мець некалькі вельмі важных ідэй у розуме і імі кіравацца.
Дакладчык гэтыя ідэі сфармуляваў лаканічна. Першая: бібліятэкары павінны быць моцнымі і ўпэўненымі ў сваіх сілах. Другая: яны не павінны паддавацца на пэўныя дзіўныя ініцыятывы — напрыклад, нямэтавае выкарыстанне кадраў, фонду, уласнасці. Як падкрэсліў Алесь Суша, бібліёбус павінен выкарыстоўвацца толькі як бібліёбус, а бібліятэкар у працоўны час не павінен выконваць
нейкія іншыя задачы, апрача ўласна прафесійных. Трэцяя: бібліятэкары павінны лабіраваць свае інтарэсы ў самых розных структурах — уладных, бізнесовых, царкоўных, СМІ. Прычым гаворка ідзе пра рэальных лабістаў, якія будуць не проста хварэць душой за інтарэсы справы, але дабівацца і прабіваць.
— Нам трэба памятаць, што бібліятэка па-ранейшаму лічыцца ўстановай з пазітыўным іміджам у грамадстве, і таму, каб падвысіць свой статус, з бібліятэкамі з задавальненнем працавалі б багатыя кампаніі з мінусавым іміджам, скажам, тытунёвыя, — агучыў ён даволі нечаканую ідэю. — І сэнс не толькі ў тым, каб выцягнуць з такіх кампаній разавую фінансавую дапамогу, а ў тым, каб яны прапагандавалі не толькі свой тавар, але і бібліятэку. Тое ж самае тычыцца і супрацоўніцтва з царквой. Мы з задавальненнем ладзім розныя мерапрыемствы разам са святарамі ў бібліятэчных сценах. Але хай бы і святары ў сваіх царкоўных сценах казалі б таксама: “Людзі, ідзіце ў бібліятэку, будзеце разумнымі. Там вы і Біблію знойдзеце…”
Што сёння ўяўляе з сябе ідэальная бібліятэка? Такое пытанне падчас школы ў Оршы ўзнікала ў мяне не раз. І цяпер адказ відавочны. Гэта не толькі месца захоўвання кніжак, але і ўніверсальны культурна-інфармацыйны, камунікацыйны, навучальны цэнтр. Структура, якая сягае за межы сваёй фізічнай прасторы і разрастаецца ўшыр, увысь і ўглыб у прасторы віртуальнай — за кошт сваіх “аддаленых” чытачоў, інфармацыйных рэсурсаў, даступных у інтэрнэце, і тых, якія стварае яна сама.
Бібліятэка сёння “лётае ў аблоках”, бібліятэка сёння ездзіць на колах са сваім кніжным абярэмкам — і гэта не метафары. Поўным ходам спасцігаючы воблачныя тэханалогіі, а ў той жа час, што асабліва характэрна сельскай мясцовасці, рухаюцца ў якасці бібліёбусаў ад вёскі да вёскі, ад чалавека да чалавека.
І гэтая яе камунікатыўная функцыя ў кожным разе застаецца галоўнай — наколькі б далёка ні сягнулі тэхналогіі.