— Калі ты пачала збіраць дыялекталагічны матэрыял?
— З таго часу, як у маіх руках апынуўся прафесійны дыктафон: з пачаткам маёй працы на радыё. Гэта быў 2012 год. Раней я, канешне ж, таксама цікавілася дыялектамі. Я выпускніца філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржуніверсітэта, і там мне ў галаву “ўклалі”, што дыялект — гэта паўнавартнасная частка мовы і культуры. Шкада, калі некаторыя з іх знікаюць разам са сваімі носьбітамі. І менавіта таму так важна займацца зборам дыялектаў ужо цяпер.
— Як з’явілася ідэя карты?
— Я зразумела, што трымаць архіў дыялектаў у сваім камп’ютары, дзе яго ніхто не можа пабачыць — гэта злачынства. Так, матэрыял праходзіў па радыё. Гэта добра, але, як мне падаецца, замала. Таму і была прыдуманая карта дыялектаў, удзел у якой можа прыняць кожны ахвотны, даслаўшы аўдыязапіс з гаворкай сваёй роднай вёскі.
— Ці ёсць ужо нейкія прысланыя аўдыё?
— Да нас прыходзяць 1 — 2 паведамленні ў дзень з аўдыязапісамі дыялектаў. Але і гэта добра. Бо чалавеку ж трэба прыкласці для гэтага нейкія высілкі: некуды паехаць, запісаць гаворку. Мяне вельмі цешыць кожны дасланы файл. Акрамя Брэсцкай вобласці, нам даслалі некалькі запісаў з Гомельскай і Мінскай абласцей, з Падляшша (Польшча).
— Ці заўважала ты нейкія адрозненні ў гаворках розных рэгіёнаў Брэсцкай вобласці?
— Адрозненні, канешне ж, ёсць. Чым далей адзін раён ад іншага, тым больш адрозніваецца гаворка. Недзе “акаюць”, недзе “окаюць” або нават “укаюць”.
— Чаму гукавыя запісы такія кароткія?
— Калі мы планавалі гэты праект, то думалі, што людзям не будзе цікава слухаць доўгія запісы. А калі ўсё запрацавала, карыстальнікі пачалі пытацца, чаму ж такія кароткія. Цяпер плануем выкладаць і даўжэйшыя запісы — напрыклад да паўтары хвіліны. Вельмі вялікія мы не можам сабе дазволіць змяшчаць, бо гэта будзе складана зрабіць тэхнічна.
— Можа, ёсць нейкая вёска, якая вельмі здзівіла сваёй гаворкай?
— Так, я яшчэ памятаю тыя дні, калі людзі ў вёсках здзіўлялі мяне сваёй гаворкай. Больш за ўсё ўразіла вёска Лелікава ў Кобрынскім раёне. Памятаю, зайшла я ў адну хату. Бабуля, якая там жыла, падавалася вельмі архаічнай. Калі мы пачалі размаўляць, то першыя хвіліны я не магла “ўключыцца”, не разумела, што яна гаворыць. Было такое ўражанне, нібы яна не гаворыць, а спявае. Я не магла зразумець, дзе заканчваецца адно слова і пачынаецца другое. Зрэшты, думаю, кожная гаворка здольна здзівіць. Вось так слухаеш гэтых бабуль — і хочацца проста слухаць ды нічога ў іх не пытаць.
— Можаш даць некалькі парадаў тым, хто плануе паўдзельнічаць у дапаўненні карты дыялектаў?
— Найперш, нам вельмі істотна, каб гэта быў менавіта дыялект. Зусім не падыходзіць, скажам, трасянка. Вельмі важна таксама, каб вы паведамілі лакацыю, у якой зроблены запіс, а таксама як доўга ў той ці іншай вёсцы жыве гэты чалавек. Абавязкова трэба занатаваць яго імя і прозвішча. А вось тэмы размовы могуць быць вельмі розныя. Падрабязней пра патрабаванні можна прачытаць на сайце карты — dialects.natatnik.by — у раздзеле “Даслаць аўдыё”. Заахвочваю чытачоў “К” далучацца да нашай ініцыятывы. І тады, магчыма, прыйдзе той дзень, калі на нашай карце не застанецца белых плямаў — яна будзе цалкам запоўненая.
Гутарыў
Дзяніс ТРАЦЮК