Аляксей БІЧУРЫН, начальнік Цэнтра па калектыўным кіраваннімаёмаснымі правамі Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ):
Беларускія тэатры хочуць мець у рэпертуары актуальныя замежныя творы. Тыя з калектываў, што ажыццяўляюць аўтарскія адлічэнні праз НЦІУ, звяртаюцца ў нашу арганізацыю па дапамогу: маўляў, мы заяўляем, напрыклад, брадвейскую п’есу, дапамажыце атрымаць нам правы на яе пастаноўку. Крыху адыходзячы ад тэмы, зазначу, што схема правільная, бо існаванне нашага Цэнтра фінансуе сам праваўладальнік. Калі мы збіраем аўтарскае ўзнагароджанне для аўтараў, з якімі маецца дамова аб дэлегаванні паўнамоцтваў, то пэўны невялікі працэнт ад гэтай сумы, зразумела, застаецца ў НЦІУ — тыя грошы неабходны для пакрыцця выдаткаў на ажыццяўленне дзейнасці арганізацыі. Пры гэтым тэатры маюць магчымасць не толькі хутка выконваць свае абавязкі перад аўтарамі ў рамках прававога поля, але звяртацца да нас з ініцыятывай адшукаць таго ці іншага праваўладальніка. Апошняя праца непасрэдна для тэатра праводзіцца абсалютна бясплатна.
Дык вернемся да стандартнай для апошняга часу сітуацыі з пошукам кантактаў за мяжой па пытаннях набыцця аўтарскага пагаднення на пастаноўку. НЦІУ звязваецца з праваўладальнікам. Ён выстаўляе ўмовы: напрыклад, звычайныя для Амерыкі 3 тысячы долараў адначасова, пасля — па 8 працэнтаў ад касавага збору. Тэатр пачынае прасіць, каб мы растлумачылі супрацьлегламу боку, што такія лічбы для яго непад’ёмныя. Мы ведаем сітуацыю на айчынным творчым рынку, таму стараемся дапамагчы: супрацоўнікі па
паўгода лістуюцца з заакіянскімі праваўладальнікамі, імкнуцца растлумачыць беларускую спецыфіку амерыканцу, італьянцу, немцу, упэўніваючы, што ў іх інтарэсах было б лепш знізіць стаўкі. Суайчыннікі ўвесь гэты час нас яшчэ і дакараюць: на іх думку, мы наўмысна зацягваем працэс. Але ці толькі ў нас справа?
Тэатр у рэшце рэшт піша нам: грошай нават на зніжаны ганарар няма, і мы адмаўляемся ад пастаноўкі. Але ж
я хаджу па вуліцах, бачу тэатральныя афішы, а ў іх — тыя самыя назвы, ад якіх калектыў быццам бы адступіў. Я разумею логіку такіх паводзін: рэпетыцыі ўжо прайшлі, сцэнаграфія гатова, білеты распрададзены — усё добра, дык навошта спыняць працэс? Хтосьці яшчэ і дадасць, што амерыканцы наўрад ці даведаюцца пра пастаноўку ў далёкай ад іх Беларусі. Аднак, насамрэч, гэта шлях у нікуды.
На жаль, алгарытм стаў паўсюдным. Яго прымяненне ўсплывае то ў Брэсце, то ў Магілёве. Чым далей ад Мінска, тым часцей тэатральныя дзеячы лічаць, што выкарыстанне творчага матэрыялу без дазволу аўтара малапрыкметна для кагосьці. Чамусьці адміністрацыя тэатраў забываецца на інтэрнэт.. На ўсялякі выпадак нагадаю і пра расійскія прадстаўніцтвы міжнародных тэатральных агенцтваў, якія, па вялікім рахунку, манітораць сітуацыю і ў сваёй краіне і на постсавецкай тэрыторыі.
Беларусам перастаюць верыць як добрасумленным удзельнікам працэсу. Скончыцца ўсё гэта можа вельмі дрэнна. Нашыя тэатры не змогуць нікуды выехаць на гастролі з п’есамі, якія, па сутнасці, ім не належаць. Наступным разам, калі НЦІУ папросяць звярнуцца да падманутага суайчыннікамі праваўладальніка, мы пачуем у адказ: “Дык вы ж усё роўна ставіце, хоць нам і не плаціце!” Развіццё падзей у гэтым кірунку дастаткова рэалістычнае. У нас ужо не атрымліваецца дамаўляцца з тымі ж амерыканцамі. Інфармацыя, што ў Беларусі ніхто не выплачвае аўтарскія адлічэнні, а спектаклі пры гэтым ідуць, распаўсюджваецца.
НЦІУ імкнецца дасягнуць з тэатрамі ўзаемапаразумення. І просіць: калі вы пішаце, што адмаўляецеся ад п’есы, дык сапраўды здымайце яе з рэпетыцыйных планаў. Заспакойваць сябе, быццам як добра мы сэканомілі, не падпісаўшы дамову з праваўладальнікам, і пры гэтым такую класную п’есу займелі ў рэпертуар — займацца самападманам.