Нагадаю, штуршком да арганізацыі першай канферэнцыі стала падпісанне нашай краінай Канвенцыі UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Адпаведна гэтаму міжнароднаму дакументу, варта звяртаць увагу не толькі на маніторынг стану фальклору, але і на механізмы яго перадачы. Паўстала пытанне, чаму апошнія ў нас не працуюць. Той падыход да вывучэння фальклору, які пануе ў асяродку мастацтвазнаўцаў і фалькларыстаў, не кажа пра пераемнасць. Варта звяртацца да антрапалагічных методык. Зінаіда Мажэйка і пачала казаць у свой час, што фальклор варта вывучаць метадам улучанага назірання.
Варта разумець, што фальклор нічым не горшы за прафесійнае мастацтва, хоць і развіваецца па сваіх законах. Але гэта нашы праблемы, праблемы сучасных людзей, што мы знаходзімся па-за гэтай эстэтыкай. Таму для нашай кафедры прынцыпова, што на канферэнцыі не толькі гучаць даклады, але і адбываюцца канцэрты носьбітаў традыцый і пераемнікаў. Мы ўвесь час шукаем новыя формы працы, у апошнія гады ладзім прэзентацыі антрапалагічнага кіно. Ганарымся, што ў 2012-м на канферэнцыі ўпершыню быў прадэманстраваны відэазапіс грання беларускіх дудароў, што датуецца ліпенем 1939 года (фрагмент з кіначасопіса “Савецкае мастацтва”, што быў знойдзены, апісаны і ўведзены ў навуковы ўжытак падчас выканання Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011—2015 гады). Гэта навуковая сенсацыя ў сучаснай этнамузыкалогіі.
Сёлета на канферэнцыі выступяць носьбіты традыцыйнай песеннай культуры з вёскі Новае Палессе (Лельчыцкі раён Гомельскай вобласці), магчыма — выканаўцы з вёскі Любонічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці (выкладчыца нашай кафедры Эвеліна Шчадрына і яе студэнты пазнаёміліся з імі падчас летняй практыкі). Дзіцячы гурт з вёскі Ліпнікі Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы зладзіць рэканструкцыю велікоднага абраду “Стрылка”, што праходзіць у вёсцы Бездзеж таго ж раёна і мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Такі ж статус, дарэчы, мае і спеўны стыль вёскі Новае Палессе. Гурт “Ліпачка” падтрымае інструментальны ансамбль “Папінскія музыкі” (вёска Папіна Драгічынскага раёна). Як заўсёды, будзе асобны канцэрт гуртоў-пераймальнікаў.
Ахвочыя паслухаць даклады могуць прыходзіць на канферэнцыю задарма, уваход на канцэрты таксама вольны (у Музеі народнай архітэктуры і побыту трэба будзе аплаціць уваходны квіток). Арганізацыйны ўнёсак для тых, хто хоча апублікаваць свой артыкул у зборніку, — 25 рублёў. Зразумела, што для студэнта ці магістранта 25 рублёў — гэта нямала, але ён досыць стандартны па нашых ВНУ. У арганізацыі нашай канферэнцыі фінансава ўдзельнічае, акрамя ўніверсітэта, Міністэрства культуры і, сёлета ўпершыню, “Прыёрбанк”. Але калі мы будзем размяркоўваць сродкі на зборнік, у нас не атрымаецца належна прыняць носьбітаў традыцый. Цікавая гісторыя, дарэчы. атрымалася з “Прыёрбанкам”: мы звярталіся да іх два гады таму, і яны адмовілі ў фінансавай дапамозе. А сёлета звярнуліся да іх аўстрыйскіх партнёраў — і атрымалі сродкі! Таму хочацца параіць усім, хто шукае фінансаванне на свае мерапрыемствы, — грукайцеся, і вам адчыняць. Бо на энтузіязме асобных людзей нешта рабіць можна вельмі нядоўга, гэты энтузіязм хутка заканчваецца.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ