Яўген ШУНЕЙКА, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў
Словам, выставіўся Грышук ва Уздзе і не пашкадаваў. Падзея была шырока агучана мясцовымі СМІ. Нас, прысутных, вельмі ўразіла павага мясцовага кіраўніцтва. Адразу нарадзілася ідэя правесці ў гэтым раёне пленэр. Сабраліся, правялі, пакінулі свае творы музею. Да таго ж, не сакрэт, што ў гэтых устаноў ёсць вострая патрэба папаўняць свае фонды. Карацей кажучы, супрацоўніцтва аказалася ўзаемавыгадным. Цяпер такая прыктыка стала ў нас завядзёнкай. Сярод аднадумцаў — мастакі Андрэй Лычкоўскі, Лявон Грышук, іншыя… Пабывалі ў Полацку, Крычаве, Баранавічах, Ашмянах…
На Пухавіччыне прыезд мастакоў стаў ці не сенсацыяй. Пры мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеі, аказваецца, ёсць цудоўная карцінная галерэя. Дырэктар музея Алесь Прановіч — унікальны чалавек! Ён столькі жывапісных, скульптурных і графічных твораў сабраў, што па іх можна адсочваць гісторыю нашага мастацтва другой паловы ХХ стагоддзя... Дык вось, там не знік пэўны піетэт да сталічных гасцей. Не зніклі цікаўнасць, патрэба ў творчых стасунках. А гэта вельмі важна! Хаця б з той нагоды, што па прыедзе ў раёны адразу высвятляем, хто з маладзёнаў жадае вучыцца на мастака. У выніку нашых вандровак цяпер у Акадэміі мастацтваў вучацца студэнты з Лагойска, Целяханаў…
Я даўно заўважыў: калі наладжваецца канструктыўны шчыры дыялог, адразу ўзнікаюць вельмі цікавыя ідэі, знаёмствы, якія становяцца потым лёсавызначальнымі. На падрыхтаванай глебе — заўжды шчодрыя ўзыходы. Цудоўна памятаю, як я хлопчыкам бегаў да галандскага інжынера, які займаўся ў Гродне развіццём хімічнай вытворчасці, а штовечар выходзіў з эцюднікам да Нёмана. Ён падаваўся мне тады Ван Гогам. Мой родны Нёман малюе галандскі мастак! Гэта вельмі мяне хвалявала і натхняла.
Перад кожнай выставай у райцэнтры мы малюем гэты горад, ягонае наваколле. Усё гэта адразу ахвяруецца музею. Пасля вернісажу з натуры малюем партрэты дзетак, усіх ахвотных. І ў кожным раённым цэнтры адна рэакцыя: радасць, што мяжуе са шчасцем. Усе цярпліва чакаюць сваёй чаргі. (У Мінску людзей я так не пасаджу.) Спадзяюся, што гэта радаснае ўражанне ад нашай сустрэчы — таксама на ўсё жыццё.
Паколькі раённыя СМІ выкладваюць публікацыі ў інтэрнэт, нас, мастакоў, добра ведаюць і запрашаюць у іншыя раёны. Дзе мы толькі не былі! Цяпер вось збіраемся ў Ліду. Лычкоўскі па традыцыі дамаўляецца з мясцовымі ўладамі. Я адшукваю цікавую рэгіянальную тэматыку. Да прыкладу, польская актрыса Пола Ракса нарадзілася ў 1941 годзе ў Лідзе. Я падрыхтаваў маляваны дыван (у традыцыях Язэпа Драздовіча) да 75-годдзя гэтай выбітнай жанчыны.
Фота Аліны САЎЧАНКА