У тэатры і кіно ён сыграў каля 220-ці роляў — а значыць, пражыў і столькі ж жыццяў. Але ўсё роўна мала! Бо талент немагчыма вымяраць колькасцю: колькі б роляў ні склалася, заўсёды будзе замала. І фантазіі ўдзячных гледачоў будуць падкідваць ды падкідваць магчымыя пераўвасабленні любімага артыста, якім, на жаль, ужо не здзейсніцца.
Старэйшы з трох братоў, кожны з якіх таксама пайшоў па тэатральнай сцежцы, ён быццам пракладаў шлях і ім, і далейшым пакаленням сваёй вялікай тэатральнай сям’і. А ў тэатры імя Горкага, які таксама быў яго вялізнай сям’ёй, заставаўся прыкладам і вышэйшага майстэрства, і такога ж высокага стаўлення да сваёй прафесіі.
Сярод апошніх па часе тэатральных прэм’ер у яго быў спектакль з больш чым сімвалічнай назвай — “Вечнасць на дваіх”. І хаця пастаноўка была зусім пра іншае, схаваны сэнс той назвы выявіўся праз некалькі гадзін пасля смерці Расціслава Іванавіча: увечары таго ж дня пайшоў з жыцця яшчэ адзін з “апошніх магіканаў” — кампазітар Сяргей Картэс. Можа, усё дзеля таго, каб яны сустрэліся за той мяжой — і стварылі яшчэ не адзін музычна-тэатральны шэдэўр, але ўжо разам?
Гісторыя, здараецца, падкідвае нам загадкі, канчаткова разгадаць якія не давядзецца, мабыць, нікому. Так і з гэтымі двума пахаваннямі ў адзін дзень.
Ды ўсё ж самай, бадай, сімвалічнай для гісторыі нашай нацыянальнай культуры была роля Расціслава Янкоўскага ў спектаклі “Пане Каханку”: ён іграў Караля Станіслава Радзівіла, укладаючы не проста ў ягоныя вусны (гэта зрабіў ужо драматург Андрэй Курэйчык), але і ў ягонае сэрца глыбокі роздум пра нацыянальнае самавызначэнне беларусаў.
Ён і сам паводле ўсёй сваёй постаці быў сімвалам беларускай шляхты — нягледзячы на адэскае паходжанне і таджыкскае месца вучобы, а менавіта, у студыі пра Ленінабадскім драматычным тэатры. Шляхетны артыст — у гэтым азначэнні ўласна паходжанне не галоўнае. Бо справа найперш у згаданым самавызначэнні, самапачуванні — і адчуванні сваёй унутранай годнасці, гонару, праўды, справядлівасці, умення быць непахісным, адстойваючы сваю пазіцыю.
Безліч узнагарод, прэмій, прызоў — гэта хіба знешні паказальнік паспяховасці. Куды больш дакладным вымярэннем можа лічыцца папраўдзе бязмежную любоў гледачоў. Менавіта яна не дазволіць Расціславу Янкоўскаму памерці ў нашых сэрцах: і тых, хто быў з ім побач у сямейным асяродку, і тых, хто працаваў поплеч з ім, і звычайнай публікі, якая магла хіба канстантаваць яго выхады на сцэну і насалоджвацца акцёрскім майстэрствам.
Цяпер застануцца найперш кінастужкі з яго ўдзелам. А памяць раз-пораз будзе падкідваць кадры з колішніх фестывальных “Лістападаў” і тое, як ён разбівае талерку “на шчасце”. І — усе-ўсе-ўсе ягоныя ролі, праз якія ён працягвае жыць.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ з архіва "К"
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванні родным, блізкім і калегам народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Расціслаў Іванавіч па праве заслужыў званне аднаго з найвялікшых акцёраў сучаснасці. “Найвышэйшы прафесіяналізм, тонкае адчуванне псіхалогіі персанажаў і літаратурнай асновы, прыроджаная інтэлігентнасць, унікальная манера ігры далі магчымасць стварыць яму ў тэатры і кіно сотні запамінальных роляў, якія сталі неад’емнай часткай скарбніцы беларускага мастацтва”, — гаворыцца ў спачуванні. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што творчасць Расціслава Янкоўскага атрымала ўсенародную любоў і павагу калег. “Адыход яго з жыцця — незаменная страта для нацыянальнай культуры”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Калектыў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь глыбока смуткуе ў сувязі са смерцю народнага артыста БССР і СССР Расціслава Іванавіча ЯНКОЎСКАГА і выказвае шчырыя спачуванні яго родным і блізкім, калегам, сябрам і ўсяму калектыву Нацыянальнага драматычнага акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага.
Калектыў Вялікага тэатра Беларусі выказвае шчырыя спачуванні родным, калегам, сябрам і блізкім з прычыны смерці артыста Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, народнага артыста СССР Расціслава Іванавіча ЯНКОЎСКАГА.