Чаму ж так здарылася? Зразумела ж, прыходу будаўнікоў на аб’ект заўсёды папярэднічае планаванне і праектная работа. Адпаведна, былі ўсе магчымасці прадухіліць жахлівую сітуацыю. Няўжо нехта свядома прыняў рашэнне капаць на могілках?
Як патлумачыў намеснік старшыні Беларускага бюро ICOMOS Цімафей Акудовіч, сітуацыя ў дадзеным выпадку склалася супярэчлівая. З аднаго боку, лакалізацыя тых могілак заўсёды была вядомая — прычым не толькі некрапалістам, але і проста аматарам гісторыі Мінска. Урэшце, гэтае месца недарэмна называецца Лютэранскім скверам — прычым назва, заўважым, афіцыйная. З іншага боку, ніякага ахоўнага статусу тая тэрыторыя не мае. Што, зрэшты, таксама вытлумачальна, бо пра мінулае там не нагадвае літаральна нічога.
— Адпаведна, на стадыі планавання работ заканадаўства, хутчэй за ўсё, фармальна не было парушана, — лічыць Цімафей Акудовіч, цалкам дапускаючы, што адказныя асобы маглі проста не ведаць пра гісторыю таго скверыка.
Аптымальным спосабам вырашэння гэтай сітуацыі ў будучыні адмыслоўца лічыць стварэнне базы дадзеных усіх пахаванняў (у тым ліку, і ўтоеных глыбока ў зямлі) і ўвядзенне адпаведнага нарматыўнага дакумента, які рэгламентаваў бы адносіны да іх. Але пакуль да гэтага дойдзе справа (а дойдзе яна, відавочна, няхутка), варта звярнуць асаблівую ўвагу на такі фактар, як асвета.
І сапраўды, каб у Лютэранскім скверы быў усталяваны інфармацыйны шчыт, які распавядаў бы пра багатую мінуўшчыну непрыкметнай сёння часткі гарадскога ландшафту, падобная сітуацыя, магчыма, і не здарылася б. Аднак такі просты і танны спосаб папулярызацыі “невідавочнай” цяпер гісторыі горада ў Мінску чамусьці па-ранейшаму не практыкуецца.
Разам з тым, варта адразу ўлічыць і наступнае. Якой поўнай ні выглядала б гіпатэтычная пакуль база даных усіх пахаванняў, яна будзе папаўняцца — прычым нярэдка менавіта намаганнямі экскаватаршчыкаў. Цімафей Акудовіч перакананы, што невядомых, забытых, таемных магіл у беларускай зямлі яшчэ вельмі шмат.
— І таму важна, каб пры іх выяўленні тыя ж будаўнікі неадкладна пра гэта паведамлялі, — дадае ён. — Куды звяртацца? Думаецца, тут логіка простая: тэлефануй у міліцыю. А там ужо разбяруцца.
У дадзеным выпадку, нагадаем, грамадскі неспакой з-за ўстрывожаных парэшткаў стварылі не тыя, хто патурбаваў іх спакой, а, па сутнасці, “выпадковыя мінакі”. Не выключана, што менавіта гэтая акалічнасць стане вырашальнай пры ацэнцы сітуацыі з боку праваахоўных органаў.