Сёе-тое пра ўбачанае распавяду. Прыемнае ўражанне, нягледзячы на некаторае хваляванне цыркавых (якое з наступнымі прадстаўленнямі, упэўнены, сыдзе). Многімі нумарамі я прасякнуўся. Скажам, назіраючы, як ішлі па арэне вярблюды пасля дрэсуры Барысам і Таццянай Лазаравымi. Як жывёлы выпісвалі плаўныя танцавальныя рухі ды схіляліся ў велічных паклонах! Успамін пра фрагмент з кінафільма “Джэнтльмены поспеху”, што раздзіраў мяне спачатку, знік ужо праз пару хвілінак — вярблюды аказаліся вельмі выхаванымі! Замілаванне выклікалі гадаванцы Марыны Навасёлавай і Таццяны Пелех — бардоскiя догі, такія грозныя з выгляду, але паводзілі яны сябе часам нібы шчаняты. Што адразу ж ацаніла публіка, якая выбухнула бурнымі апладысментамі ды іскрыстым смехам: паглядзець “генералку” адміністрацыя цырка паклікала выхаванцаў дамоў-інтэрнатаў, у тым ліку для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Ужо не першы год іх запрашаюць на падобныя прагоны, спецыяльна адпраўляючы па іх цыркавы аўтобус. Прычым з гэтага года акцыя пашырылася не толькі на адпаведныя мінскія ўстановы, але і на іншыя рэгіёны Беларусі. Больш за тое, цяпер хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць трапіць не толькі на рэпетыцыю: пры наяўнасці месцаў у зале запросяць і на само прадстаўленне.
У другім аддзяленні правіў баль Яўген Навасёлаў з атракцыёнам “Ілюзія сучаснасці”, поўным светлавых ды лазерных спецэфектаў. Уразіла, як з голых далоняў штукара раптам узляцелі галубы. Быў і мой унёсак у прадстаўленні: я стаў ўдзельнікам рэпрызы клоўнаў і ўліўся ў імправізаваны музычны ансамбль з гледачоў. Сыграў з дапамогай вялікай металічнай лыжкі на пральнай дошцы: Рынга Стар ад зайздрасці, каб пачуў маю перкусійную партыю, кінуўся б у роспачныя слёзы. Так што на аднаго цыркавога ў нашай краіне стала больш: і прадстаўлення, і артыста!..
P.S. Вялікі матэрыял пра зрэз беларускага цыркавога мастацтва чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў "Культуры".