Роля мастацтвазнаўцы ў сучаснай выставачнай прасторы зараз значна пашырылася. Прафесія эвалюцыянуе, выходзіць са сваіх “спрадвечных” рамак і з цягам часу ўбірае іншыя кірункі.
Калі, умоўна кажучы, 30 гадоў таму мастацтвазнаўца прыйшоў на выставу — убачыў — напісаў, дык сёння яго функцыі гэтым не абмяжоўваюцца. Па-першае, ён — аўтар канцэпцыі, куратар, па сутнасці, галоўны чалавек у выставачнай прасторы. Па-другое, ён яшчэ выступае ў ролі арт-менеджара: знаходзіць памяшканне для стварэння выстаў і арт-праектаў. Трэцяе і, відаць, галоўнае: такі спецыяліст — экспазітар. Стварэннем экспазіцыі павінен займацца менавіта ён, а не сам мастак. Апошні “экспануе” свае думкі, асацыяцыі, а мастацтвазнаўца пераасэнсоўвае іх, паказваючы гледачам пэўны вынік. Да ўсяго — робіць комплексны праект, у які ўваходзяць і сустрэчы з мастакамі, і майстар-класы, і лекцыі. То бок мастацтвазнаўца займаецца распрацоўкай культурнай праграмы. Гэта — медыйная персона. Шкада, у рэгіёнах такіх адмыслоўцаў мала, вось там амаль нічога з мастацкіх праяў не абмяркоўваецца… У любым выпадку, сёння проста паказаць карціны — значыць нічога не зрабіць.
Можна казаць, канкурэнцыя ў прадстаўнікоў гэтай прафесіі ёсць з крытыкамі. Але што такое ў дадзеным выпадку канкурэнцыя? Мастацтва так шмат, што яго хопіць на ўсіх. На маю думку, у нашай сітуацыі выпадае казаць не пра канкурэнцыю, а пра марнае змаганне павукоў у слоіку. Адпіхні моцнага мастацтвазнаўцу… Альбо пакінь адну галерэю ці аднаго мастацтвазнаўцу… Добра, але што далей? Праект ад гэтага лепшым не стане. Калі ў дзесяці галерэях дзесяць мастацтвазнаўцаў зробяць па выставе, па праекце, тады і пабачым нармальную, здаровую канкурэнцыю.