Сяргей Ждановіч. "Метаморфінг".
З трыбуны 1980-х
Шкада, што столькі сіл і эмоцый арганізатараў, як і публікі, ідзе на абмеркаванне тэмы “можна альбо нельга”, “паказваць альбо не”, “эротыка/не эротыка”, “учора альбо сёння”. Усё гэта дакладна “ўчора”: забароны, забабоны і ханжаства, як і мастацкія практыкі многіх беларускіх фатографаў. Сэксуальная рэвалюцыя, гендарныя праблемы былі актуальныя ў сусветным мастацтве ў 1970-1980-я. Тэма ідэнтыфікацыі — грамадзянскай, этнічнай, культурнай, рэлігійнай, узроставай — з’явілася трошкі пазней.
Не спрачаюся: кожная краіна ў развіцці свайго мастацтва можа паўтараць гэты шлях, паглыбляючы сусветныя тэндэнцыі ўласным досведам, дасягненнямі і праваламі. Можа паўтараць часткова. Усё ішло б сваёй хадой, але на мяжы стагоддзяў лічбавыя тэхналогіі і медыя здзейснілі настолькі глабальны пераварот у культуры, што ігнараваць яго — немагчыма. Недарэчна, недальнабачна, калі жадаеце. Нельга не бачыць гэту хвалю, нават цунамі — празмернасць візуальных абліччаў самага рознага кшталту, агідных і вульгарных у тым ліку. Але нельга рабіць выгляд, нібы штосьці магчыма забараніць, закрыць пэўную тэму… Не можа “цялеснае ў мастацтве” быць закрытым дыскурсам: гэта ж проста смешна, урэшце… Але праблема была суправаджэннем першых выставак цыкла “Анатоміі” ў Віцебску.
Ідэальнае — універсальнае
Чым больш унікаеш у экспазіцыю “Анатоміі”, тым больш дакладнай становіцца ўпэўненасць: у пошуках ідэальнага цела фатографы прыйшлі да цела ўніверсальнага. У шматлікіх інтэпрэтацыях аб’екта ўсё існуе адначасова: у юных рысах ужо закладзена старэнне, сталага ўзросту актрыса (работа Павала Хейны “Без назвы”) поўная маладога азарту, а мужчынскімі мадэлямі можна любавацца гэтаксама доўга, як і жаночымі. На шчасце, куратар пастаралася пазбегнуць візуальнай эксплуатацыі выключна жаночых цел і жаночай сэксуальнасці, як гэта бывае практычна заўсёды. Можна было б нават параіць фатографам яшчэ больш папрацаваць з мужчынамі.
Цікава, што ў абліччах натуршчыц аўтары шукаюць і знаходзяць падабенства да класічных скульптур (Рэйніс Хофманіс у працы “Мадэль”, да прыкладу), і калі наўпростай адпаведнасці няма, фатограф настойвае на дыялогу. І гэта таксама момант цялеснасці — у самаадчуванні, у кантакце з блізкім атачэннем. Рызыкну выказаць думку, што і польскі класік фатаграфіі Збігнеў Длубак (“Сістэмы. Жэстыкуляцыя”) прыйшоў да ідэі пра ўніверсальнае цела. Прынамсі, дзве серыі, якія прадстаўлены “Анатоміяй”, візуальна гэта пацвярджаюць. Мноства дробных падрабязнасцей і адценняў нагаты складваюцца ў нейкі абсалют, у вычарпальнае прадстаўленне аб безумоўнай цялеснай форме жывога.
Па шляху адмовы ад прамога выяўлення цела пайшлі Таццяна Радзівілка (“Без назвы”) і Сяргей Ждановіч (з серыі “Метаморфінг”). Іх метад — канструяванне цела з умоўных і сінтэтычных рэчаў: модных брэндаў, пенакардону, пластыку. Усяго, што ўяўляе абалонку, нейкі сімвал, мімалётны і не асабліва каштоўны. Гэта падыход іранічны, постмадэрнісцкі, у чым, уласна, і хараство аб’ектаў. Да актуальнага мастацтва звычайна прад’яўляюць прэтэнзіі: масаваму гледачу яно нібыта не зразумелае, патрэбны каментарыі, а значыць — твор не самадастатковы. Але ў дадзеным выпадку ідэя счытваецца ў момант і абсалютна даступная публіцы з любым узроўнем падрыхтоўкі.
Ідэальнае — адноснае
Акрамя работ Таццяны і Сяргея, хацелася б згадаць яшчэ некалькі серый, якія вылучае сучасны падыход: “Блізкасць” Дзіны Даніловіч, інсталяцыя Алены Пратасевіч “Perfect body”. І, карыстаючыся інсайдарскай інфармацыяй, назаву яшчэ “Ідэальнае цела Пятачка” Сяргея Кажамякіна, якое стала ў праекце “Пошукам ідэальнага цела”.
“Блізкасць” рэзка вылучаецца з агульнага шэрагу як арт-фатаграфія — прамая, кантактная, выразная, з добрым пачуццём святла — адрозніваецца ад калажоў, дзе фатаграфія служыць толькі інструментам і сама па сабе каштоўнасці не ўяўляе.
Алена Пратасевіч, не баючыся пошласці, на працягу паўгода адсочвала “ідэальныя целы” на сеткавых фотарэсурсах, і знайшла кучу акцёраў, спартсменаў, персанажаў рэкламы. Аўтар выбаркі безыменны: гэта камп’ютарная праграма, калектыўны безаблічны прадукт, які мае мільён карыстальнікаў. Змясціўшы ў гэты хаос кадры з хатніх хронік, Алена атрымала неспадзяваны кантраст паміж ідэальнымі блізкімі і цалкам этыкетачным, навязлівым стандартам, які нават чужым не назавеш. У лепшым выпадку, усё гэта разам — насмешлівы позірк на праблему.
Сяргей Кажамякін упершыню паказаў не толькі фатаграфічную серыю, але і тэкст-інсталяцыю: копі-пост гэтаксама з сеткавых нетраў, у якім для тых жа мільёнаў карыстальнікаў сабранае каламутнае варыва парад, аб’яў, загалоўкаў, псеўда-мудрасцей і сапраўднага кітча. Успрымаць такую інфармацыю можа толькі ўсяедны Пятачок. Дарэмна куратар адмовілася ад здаровага цынізму.
Разам з вастрынёй падыходаў і адчуваннем іррацыянальнасці таго, што адбываецца, гэта якасць зрабіла лепшыя работы праекта сучаснымі.
Павал Хейны. "Без назвы".
Архіў — правільная падтрымка
Рэтраспектыўная частка экспазіцыі — асобны праект “Цела, якое гаворыць”, створаны на базе калекцыі Галерэі візуальных мастацтваў “Nova”. Куратар — Уладзімір Парфянок. У розныя гады і з розных нагод яна звярталася да тэмы “дыктатуры цела”. Таму зараз можна выбраць лепшыя адбіткі і, у асноўным, бром-срэбраныя! Культавы “Няшчасны выпадак” Віктара Бутры, здымкі, якія рэдка выстаўляюцца, — Алены Мулюкінай, Андрэя Савіцкага, Зоі Мігуновай, Сяргея Сукавіцына. Не экспанаваліся раней “Пераўвасабленне” і “Феціш” Дзяніса Раманюка. Калісьці публічным паказам заміналі кансерватыўныя погляды мастацкіх саветаў, затым, напэўна, залішняя сціпласць альбо штосьці гэтага кшталту. Тым не менш, сённяшняму гледачу цікавая не толькі гістарычная каштоўнасць кадраў, але і мастацкая. Гэта, безумоўна, арт-фатаграфія, безадносна да сацыяльных даследаванняў гендарных праблем і гэтак далей. “Цела, якое гаворыць” сведчыць пра сябе — пра індывідуальнасць, самаспазнанне, пра жывую матэрыю і настройку на больш тонкае, метафізічнае да сябе стаўленне. Пра настройку на рэзананс з наваколлем.
…І ў любым выпадку, карысна, што галерэя знайшла спосаб паказаць сваю калекцыю ў Цэнтры сучасных мастацтваў. Спадзяюся, гэты прыём будзе выкарыстоўвацца і ў будучыні. Няхай рэтраспектыўна, у рамках больш буйных праектаў, але як бэкграунд гэта важна. Гэта ўжо спадчына.
Любоў ГАЎРЫЛЮК, журналіст, арт-крытык
Фотарэпрадукцыі Сяргея ЖДАНОВІЧА