Некалі ж Мінск быў маленькім горадам са сваім побытам, іншай культурай, людзі былі больш адкрытыя, чулыя, шчырыя, дружныя, чым сёння… Вось такой дабрыні гораду і не хапае: шмат чаго наогул штучнага, механічнага, дый дзе той дабрыні быць, калі няма культуры менавіта на побытавым узроўні. А горад дзеля імгненнай кан’юнктурнай выгады губляе свае цікавыя месцы і пабудовы! Пра гэта ўжо неаднаразова пісалася.
У свой час (1950 — 1960 гады) я вучыўся ў школе № 2 па вуліцы Энгельса. Там было яшчэ шмат пабудоў, якія маглі захаваць, але ж — загубілі. Сёння тая самая вуліца, калі глядзець на яе з суседняй Ульянаўскай, выглядае нібы абвешаная моднымі цацкамі. А што з ёй станецца далей, якім будзе развіццё гэтага кутка сталіцы?.. Асабіста для мяне пытанне вельмі балючае.
Хочацца спадзявацца, што Мінск увойдзе ў кірунак свайго стылю на маім веку. Але ўсё гэта ў руках саміх жыхароў сталіцы…
Аўтар гэтага водгуку — карэнны мінчанін. Так склалася, што мае дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі сярод беларускіх пісьменнікаў, мастакоў. Маім духоўным настаўнікам быў паэт Пятро Глебка. Дзякуючы дзядзьку В.П. Калеснікаву, мне давялося пабываць у Маскве ў гасцях у слыннага паэта У.Дубоўкі. А ў 1930-я дзядзька сябраваў з П.Глебкам, З.Бядулем, М.Лужаніным, Я.Скрыганам, А.Пальчэўскім, П.Броўкам, М. Лыньковым, К.Чорным ды іншымі. Усе яны бывалі час ад часу ў гасцях у Якуба Коласа. А мне, чым і ганаруся, давялося аднойчы адчуць цёплы поціск рукі Песняра…
Сам я заўзяты аматар беларускай літаратуры. І ўсё сваё жыццё дбаю толькі аб адным: каб сярод людзей была хоць нейкая культура, у добрым сэнсе слова. Інакш — проста прападзём, страцім сваё аблічча, аблічча роднай Беларусі!..
Чытайце саму публікацыю Ігара Вугліка тут, водгук на яе Людмілы Крушынскай — тут.