Набраўшы ў Інтэрнэце запыт “Скульптуры з пластмасы”, я пераканаўся, што матэрыял, які звыкла лічыцца зручным для “шырспажыву”, пасуе і мастацкай пластыцы, прычым як станковых, так і манументальных памераў. У Савецкім Саюзе яшчэ у 1950-х рабілі з пластмасы элементы архітэктурнай аздобы і дэкаратыўна-манументальныя скульптуры. Восем скульптур з пластмасы вышынёй у 2,5 метра і вагой 100 кілаграмаў упрыгожвалі павільён Украінскай ССР на ВДНГ СССР, трохфігурная кампазіцыя вышынёй у 4 метры і агульнай вагой 750 кілаграмаў — Палац культуры Кахоўскай ГЭС. У гэтым жа матэрыяле выкананы франтоны двух адзінаццаціпавярховых гмахаў на кіеўскім Крашчаціку.
Абстрактную альбо рэалістычную скульптуру з пластмасы можна сёння сустрэць у шмат якіх гарадах свету. З яе, у прыватнасці, робяць “часовыя”помнікі. Падобныя манументы ладзяць, каб высветліць стаўленне да іх грамады. І калі яно станоўчае — помнік робяць у “вечным” матэрыяле. Такую практыку, можа, варта пераняць і нам. У мясцовых бюджэтах не заўжды ёсць грошы на “манументальную прапаганду”. Часовы помнік з пластмасы можа быць у такіх выпадках выйсцем. І як сведчыць замежны досвед, скажам японскі, з пластмасы можна рабіць не толькі навесы ад дажджу і снегу на прыпынках транспарту, але і мастацкія элементы гарадскога асяроддзя.
На здымках: пластыкавая скульптура Саяка Каяка Ганц (Японія), работа з пластыку Тоні Крэга (Вялікабрытанія); скульптура на ўзбярэжжы Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія).