Станковыя скульптуры, прадстаўленыя ў экспазіцыі, па сутнасці, з’яўляюцца праектамі помнікаў, і гэтая акалічнасць вызначае іх пластыку. “Кірыла Тураўскі”, “Рагнеда”, “Вітаўт”, “Мікола Гусоўскі” створаны даволі даўно, але аўтар не губляе надзеі аднойчы пабачыць сваіх герояў на пастаментах на гарадскіх плошчах. Тая ж манументальная выразнасць, але ў спалучэнні з побытавай цеплынёй, прысутнічае ў ягонай кампазіцыі “Якуб Колас — настаўнік”: Колас запальвае лямпу, каб асвятліць кнігу ў руках вучня. Немудрагелістая сімволіка з глыбокім сэнсам. Між іншым, таксама някепскі быў бы помнік…
Акрамя скульптурнай пластыкі ў экспазіцыі прадстаўлена яшчэ адна іпастась Шатэрніка — жывапісец. Кажуць, калі чалавек таленавіты, дык ён таленавіты ва ўсім. Карціны скульптара (а ён яшчэ і літаратурныя тэксты піша) пераконваюць, што гэта насамрэч так. Хіба што ў пластыцы Алесь Шатэрнік шануе брутальную форму ды скіраваны да асэнсавання падзей і з’яў нацыянальнага маштабу, а ў жывапісе паўстае лірыкам...