Таццяна МАРМЫШ, намеснік начальніка аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі
1. Медыялізацыя і візуалізацыя
(www.livingheritage.by)
Інтэрнэт — неад’емны складнік сучаснай культуры. У Сеціве адбываецца і рэпрэзентацыя тэмы нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС). Адносна нядаўна ў беларускай інтэрнэт-прасторы з’явіўся спецыялізаваны праект, прысвечаны НКС Беларусі — “Жывая спадчына Беларусі” (www.livingheritage.by). Напаўненне рэсурсу: аўдыёвізульная антрапалагічная інфармацыя і тэкставыя апісанні элементаў НКС, актуальныя навіны і заканадаўства ў такой сферы як ахова вусных культурных форм. Асобны раздзел сайта датычыцца дзейнасці UNESCO ў названай галіне. Акрамя таго, “Жывая спадчына Беларусі” скіравана на камунікацыю. Для гэтага створаны форум.
2. Мэтавая аўдыторыя
Дадзены партал з’яўляецца вузкапрофільным, аднак яго мэтавая аўдыторыя — не толькі кола прафесіяналаў, але і шырокая зацікаўленая грамадскасць, у тым ліку і ў англамоўным асяроддзі. На сённяшні дзень сайт ужо мае паўнавартасную беларускамоўную версію, а англійская знаходзіцца ў распрацоўцы.
3. Ідэнтыфікацыя НКС
Важнымі задачамі для сайта з’яўляюцца ідэнтыфікацыя НКС як феномена культуры, яе асэнсаванне ў жанрава-відавай разнастайнасці праз стасункі з галінамі выражэння, што вызначаны Канвенцыяй аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятай UNECKО ў 2003 годзе. А гэта: вусныя традыцыі і формы выражэння, якія ўключаюць мову ў якасці носьбіта нематэрыяльнай культурнай спадчыны; выканальніцкія мастацтвы; звычаі, абрады, святы; веды і сацыяльныя практыкі, што адносяцца да прыроды і сусвету; веды і навыкі адносна традыцыйных рамёстваў.
4. Канцэпцыя сайта
Яна звязана з ідэяй стварэння Інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Сам Інвентар — не толькі база даных элементаў НКС, зведзеная да фіксацыі ці архівацыі інфармацыі пра іх. Збор, безумоўна, патрэбны, аднак, першасная задача звязана з правядзеннем маніторынгу актуальнага стану нематэрыяльнай культуры і аператыўным рэагаваннем пры ўзнікненні нейкіх праблем. Наведвальнікам сайта адлюстроўваецца толькі частка палёў Інвентара. Спецыфічныя “працоўныя” раздзелы — схаваныя. Аднак і такая інфармацыя можа быць прадастаўлена па афіцыйным запыце ў Міністэрства культуры ці Інстытут культуры Беларусі. На партале прадугледжана магчымасць прапановы да ўключэння ў Інвентар любым карыстальнікам элементаў нематэрыяльнай культуры. Патрэбна толькі запоўніць пэўную форму.
5. Кантактная інфармацыя
Праект “Жывая спадчына Беларусі” развіваецца, ёсць шмат планаў па яго ўдасканаленні. Так, напрыклад, у перспектыве плануецца стварэнне асобнай базы даных з кантактнай інфармацыяй пра носьбітаў НКС (безумоўна, з іх згоды), якая будзе змешчана ў адмысловым раздзеле сайта.