РЭГІЁНЫ: майстар-клас крэатыву
Лексіка-семантычнае значэнне вынесеных у загаловак дзеясловаў, як падаецца, дакладна перадае сутнасць праектнай дзейнасці ў сферы культуры. Спачатку работнік культуры прыдумвае — на падставе мясцовых рэалій, персаналій, культурнай спадчыны і ландшафтных адметнасцей… Толькі якасная (яркая і арыгінальная) прыдумка ўражвае і стварае вакол будучага праекта станоўчы ажыятаж. У выніку яго знаходзяцца рэсурсы. Калі ж канчатковы вынік пераконвае грамаду ў прафпрыдатнасці рэалізатараў, праект мае працяг ва ўзаемаразуменні са спонсарамі ды спажыўцамі культурных паслуг. Пра гэта сёння і гаворка.
Воранаўшчына: вам прызначана спатканне
У Воранаўскім РДК чацвёрты год ладзіцца творчая акцыя “Залатая ліра”. Як распавядае начальнік мясцовага аддзела культуры Алена Ястрэмская, на гэтай цырымоніі ў самых розных намінацыях ушаноўваюцца выбітныя людзі раёна. Апрача ўзнагароджання, ладзіцца і адмысловы канцэрт. Падобны праект рэалізоўваецца, наколькі ведаю, толькі ў Рагачове. Калі чытачы маюць контраргументы, няхай абвергнуць мае словы.
Але асноўная гаворка цяпер не пра Воранава, а пра аграгарадок “Больцінішкі”. Менавіта тут, дзе знаходзіцца знакаміты сядзібна-паркавы ансамбль Путкамераў, неўзабаве будзе рэалізаваны трансгранічны праект “Перакрыжаванні кахання і мастацтва”. Як вядома, у Больцінішках жыла Марыля Верашчака (у замужжы Путкамер), якую кахаў Адам Міцкевіч… Літоўцаў зацікавіла і сядзіба мужа Марылі, і факт кахання паэта. А паколькі паміж адміністрацыямі Воранаўшчыны і Алітускім паветам Літвы ўжо існавала пагадненне аб супрацоўніцтве, дык вялікіх праблем з набыццём гранта на правядзенне сумеснага фестывалю не было.
Праект стартуе 8 красавіка. Ініцыятыўныя творчыя групы абодвух бакоў рыхтуюць буйнамаштабную тэатралізацыю паводле вершаў беларускіх і літоўскіх літаратараў. У спектаклі пра Міцкевіча будуць выкарыстаны, натуральна, і ягоныя творы. Апрача тэатралізацыі прэзентуецца не менш маштабная канцэртная праграма. Фестываль пройдзе і ў Больцінішках, і ў Алітускім павеце…
Больцінішкі рыхтуюцца. Яшчэ нядаўна частка мясцовай гістарычнай сядзібы належыла мясцоваму сельгасвытворчаму кааператыву. Цяпер увесь будынак — маёмасць аддзела культуры. СДК і бібліятэка значна пашырылі ўласную “культурную” плошчу. Зараз аддзел закупляе для іх новую мэблю. Неўзабаве добраўпарадкоўвацца будзе і мясцовы парк, што памятае таемныя спатканні Верашчакі і Міцкевіча…
Івацэвіччына: варыяцыі адзінага кахання
“Прыдумваюць, уражваюць і пераконваюць у нас многія, — кажа начальнік аддзела культуры Івацэвіцкага райвыканкама Юрый Кулініч, — а на першым месцы — Тамара Воўк”.
Тамара Воўк кіруе Івацэвіцкім ГДК. Установа культуры — самая буйная ў раёне: больш за чатыры тысячы квадратных метраў карыснай плошчы. У гэтай неабсяжнай творчай прасторы арганічна пачуваюць сябе 11 народных і ўзорных мастацкіх калектываў. У Тамары Яўгенаўны — 34-гадовы працоўны стаж. І ўвесь ён “закручаны” вакол адной установы. Гэта — як першае і адзінае каханне. Толькі пасады змяняліся: пачынала інструктарам, зараз — дырэктар. На гэтым лірыка заканчваецца — пачынаецца эканоміка…
За няпоўныя тры месяцы бягучага года Івацэвіцкі ГДК зарабіў на платных паслугах 100 мільёнаў рублёў. За адпаведны леташні тэрмін пазабюджэт установы быў удвая меншы. “Развіваемся!” — тлумачыць Тамара Воўк. Інакш кажучы, прыдумвае, уражвае, пераконвае. Апрача выязных канцэртаў ды карпаратыўных творчых паслуг, ГДК прываблівае жыхароў шматлікімі выстаўкамі-продажамі, кінапаказамі ў фармаце 5D, унушальнай па “асартыменце” гуртковай дзейнасцю.
Сенненшчына: Машканскі кірмаш — не толькі мара
Начальнік аддзела культуры Сенненскага райвыканкама Ларыса Новікава лічыць, што адраджэнне славы Машканскага кірмашу — не толькі запаветная мара, але і цалкам рэальная справа. Зараз праект “дадумваецца”.
Справа ў тым, што Машканы — радзіма Пятра Міронавіча Машэрава — сталі ў 2006 годзе аграгарадком. Тут вырашана кадравая праблема, даведзены да ўзорнага ладу ўстановы культуры. Інакш кажучы, паселішча, дзе пражывае больш за тысячу вяскоўцаў, — перспектыўнае ў сацыякультурным плане. А на мясцовы кірмаш, які ладзіўся на Троіцу, збіралася ці не ўся Віцебшчына. Адраджэнне кірмашовага фэсту з удзелам лепшых творчых сіл і з прыцягненнем сельскагаспадарчых ды гандлёвых прадпрыемстваў абяцае надаць вясковаму развіццю якасна новы імпульс.
Сёння сцэнарый і бізнес-план перспектыўнага праекта толькі “прыкідваюцца”. Але Ларыса Новікава пераканана, што ідэя работнікаў культуры раёна зацікавіць ды пераканае ўсіх неабыякавых, у першую чаргу — абласное і раённае кіраўніцтва, спонсараў і аматараў даўніны, прыхільнікаў нацыянальных традыцый. Словам, рэалізацыя праекта — справа часу.
На здымку: акцыя "Залатая ліра" ў Воранаўскім РДК.