Рэйтынг ідэй з інтэрнэт-прасторы
1. Электронная пошта
Біл Гейтс казаў: “Той, хто ў дасканаласці авалодае электроннай поштай, будзе мільянерам у дваццаць першым стагоддзі”. Мы толькі пачынаем жыць у гэтым дзіўным ХХI стагоддзі. Хто ведае, можа, так і будзе…
2. Он-лайн-семінар
Он-лайн-семінар (вэб-канферэнцыя, вебiнар — ад англійскага “webinar”) — разнавіднасць вэб-канферэнцыі, правядзенне он-лайн-сустрэч або прэзентацый праз Інтэрнэт у рэжыме рэальнага часу. Пад час такой канферэнцыі кожны з яе ўдзельнікаў знаходзіцца ля свайго камп’ютара, а сувязь паміж імі падтрымліваецца праз Інтэрнэт пры дапамозе папярэдне загружанага дадатку або праз вэб-сэрвіс. У апошнім выпадку, каб далучыцца да канферэнцыі, трэба проста ўвесці адрас сайта ў акне браўзэра.
Так, нешта накшталт Skype, толькі размова — не са сваякамі. Летась, дарэчы, абласное кіраўніцтва актыўна выкарыстоўвала форму відэаканферэнцый у зале пасяджэнняў. Уяўляеце, відэазванок з Міністэрства — на ваша рабочае месца?!
3. Старонка ўстановы ў Сеціве
І яшчэ адна цытата з Біла Гейтса: “У будучыні на рынку застанецца два віды кампаній: тыя, хто ў Інтэрнэце, і тыя, хто выйшаў з бізнесу”.
Усе аддзелы культуры маюць разделы на афіцыйных сайтах мясцовых выканаўчых камітэтаў. Некаторыя ствараюць афіцыйныя сайты, але гэта пратрабуе дадатковых фінансавых сродкаў і спецыяльных навыкаў.
Ёсць і яшчэ варыянты. Сацыяльныя сеткі — што гэта? Пытанне падштурхнула мяне зарэгістравацца ў “Аднакласніках” і “Фэйсбуку”. Праз нейкі час стала зразумела, што іх можна выкарыстоўваць, без дадатковай аплаты, для рэкламы дзейнасці сваіх устаноў. Больш зручным, на маю думку, з’яўляецца “Фэйсбук”. На сёння яго аўдыторыя складае мільярд карыстальнікаў. Каля 500 мільёнаў чалавек выкарыстоўваюць штомесяц мабільны дадатак Facebook. Кожны дзень у сацыяльнай сетцы карыстальнікі пакідаюць 3,2 мільярда “лайкаў” і каментарыяў, публікуюць 300 мільёнаў фатаграфій. Рэкамендую і нашу старонку!
4. Аўдыягід
У раёне пабудаваны музей, які мае прыгожую назву: “Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы”. “К” пра яго пісала колькі нумароў таму. Перад намі пастаўлена задача стварыць экспазіцыю музея ХХI стагоддзя…
А як жа абысціся без аўдыягіда? Звычайна ён складаецца з некалькіх аўдыяфрагментаў. Яны нумаруюцца і прывязваюцца да схемы (карты) мясцовасці, музея, альбо да нумароў экспанатаў. Калі аўдыягід прапаноўвае складаны і завершаны аповед з фрагментаў, то яго таксама называюць аўдыяэкскурсіяй. Аўдыягіды шырока распаўсюджаны за мяжой, ствараюцца як музеямі, так і незалежнымі распрацоўшчыкамі. Вялікую перспектыву маюць аудыягіды, што выкарыстоўваюць тэхналогіі GPS і RFID, аўтаматычна вызначаюць становішча слухача ці аб’ект, якім ён цікавіцца, і прайграюць неабходны фрагмент.
На маю думку, ідэя — цікавая.
5. Электронная бібліятэка і рыдэры
Усё, што звязана з кнігай і бібліятэкай, цікавіць мяне, прафесійнага бібліятэкара, заўсёды. Усё большае распаўсюджванне электронных носьбітаў інфармацыі, зручнасць яе атрымання — рэаліі часу. Будучыня — за электроннымі кнігамі ды інтэрнэт-рэсурсамі. Справа ў тым, што дзеці і моладзь чытаюць не менш за дарослых, але яны чытаюць лічбавыя кнігі. І трэба навучыцца паважаць іх выбар…
У 2013 годзе ў штаце Тэхас будзе адкрыта першая грамадская лічбавая бібліятэка. Для таго горада гэта не стане заменай бібліятэчнай сістэмы. Улады плануюць сэканоміць грошы на выкарыстанні будынкаў. Ужо падлічана, што выдаткі на адкрыццё электроннай бібліятэкі складуць каля 250 тысяч долараў для забеспячэння першых 10 тысяч назваў. Патэнцыял эканоміі ад лічбавых бібліятэк — гэта доўгатэрміновая перспектыва.
Беражыце кнігі, выдадзеныя на паперы!..
На здымку: Валянціна Сулаўка на I Фестывалі польскай культуры і быту "Эйсмантаўскі фэст"
у час выстаўкі майстроў Бераставіцкага РДР.