Створаныя мастаком постімпрэсіяністычныя пейзажы Іспаніі, Францыі, Англіі, Канады ды іншых краін — добрая магчымасць на некалькі чароўных хвілін перанесціся з восеньскіх вуліц беларускіх гарадоў ды мястэчак у летні Сантандэр, Грэнаду, Экс-ан-Праванс, паглядзець на Ніягарскі вадаспад, прагуляцца па цэнтры прамысловага Манчэстэра…
Вядомы мастак-манументаліст, добра вядомы па шэрагу роспісаў праваслаўных храмаў, Віктар Барабанцаў бярэцца за пэндзаль жывапісца, калі стварае партрэты або па-філасофску абагульняе свае ўражанні ад роднай зямлі.
Прадстаўленае на выстаўцы “Палітра замежжа” — вынік шматлікіх вандровак мастака па іншых краінах. Вынік, які вельмі адрозніваецца і колерам, і зместам ад уласна “беларускіх” работ творцы. Яно і не дзіва, бо з усёй, сапраўды вялікай, палітры ўбачанага і перажытага Віктар Барабанцаў адабраў для экспазіцыі некалькі дзясяткаў палотнаў, большасць з якіх мае міжземнаморскае паходжанне. Іспанскія і французскія пейзажы Віктара Барабанцава вылучае зусім іншае адчуванне колеру, святла, прасторы, уласцівых менавіта гэтым паўднёвым краінам.
Асобнае месца сярод экспанатаў выстаўкі займаюць некалькі відаў праслаўленай Полем Сезанам гары Сент-Віктуар у Правансе. Прынамсі, менавіта Сезан — любімы мастак Віктара Барабанцава. Стыль яго вельмі паўплываў на тыя работы беларускага творцы, што былі пакладзены ў аснову “Палітры замежжа”. На адным з пейзажаў Сент-Віктуар, дарэчы, выяўлена фігура мастака ў вопратцы канца ХІХ стагоддзя, у якой беспамылкова ўгадваецца “бацька сучаснага жывапісу”...
Зразумела, створаныя Віктарам Барабанцавым паўднёвыя пейзажы рэзка кантрастуюць з тым надвор’ем, што прапанавала нам сёлета беларуская восень. Але... Ці не з дапамогай такіх рэзкіх кантрастаў можна глыбей адчуць змены, якія адбываюцца ў наваколлі, стаць бліжэй да прыроды?..
А.С.