Жывапісцу Івану Козелу — пяцьдзясят. Звычайна пад такую дату мастак ладзіць выстаўку, якая мусіць быць справаздачай перад гледачом, вызначэннем здабыткаў ды перспектыў.
На выстаўцы Івана Козела ў Палацы мастацтва дамінаваў краявід, што адпавядае творчаму менталітэту мастака. На яго думку, праз стан прыроды можна выявіць стан душы, глыбінныя з’явы і мімалётныя імпрэсіі.
Паводле творчага крэда Іван Козел — традыцыяналіст, прыхільнік рэалістычнай трактоўкі рэчаіснасці. Ён пачувае сябе часткай плыні, да якой спрычыніліся нашы класікі Фердынанд Рушчыц, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, а ў пазнейшы час — Віталь Цвірка. Грунт манеры мастака — стрыманы каларыт ды кампазіцыйная ўраўнаважанасць, што характэрна і для прыроды Беларусі. Значны ўплыў на светапогляды Івана Козела зрабіў ягоны настаўнік пад час стажыроўкі ў Акадэмічных майстэрнях — Міхаіл Савіцкі. Прынцып Савіцкага “Пісаць не побыт, а быццё” ён імкнецца рэалізаваць і ў сваёй практыцы.
Такія карціны, як “Мірскі замак”, “Подых восені”, “Зямля продкаў”, “Сядзіба ў Лошыцы”, — гэта канкрэтыка, за якой прачытваецца пазачасавы кантэкст і гістарычнае абагульненне. У той час як стала звыклым выкарыстанне пейзажыстамі фатаграфій у якасці “падсобнага” матэрыялу, Іван Козел заўжды зыходзіць з уражанняў, абапіраецца на пленэры. Гэта — кансерватызм? Але тое дазваляе захаваць у творах цікавы для публікі і каштоўны для творчасці суб’ектывізм.
Галіна ГОРАВА